Второе место – у шумилинских волейболисток

Молодёжь Спорт, туризм

Сабраліся мацнейшыя
Традыцыйны турнір па валейболе, прысвечаны памяці Пятра Акуцыёнка, карыстаецца папулярнасцю ў валейбольных колах Віцебшчыны. Спецыялісты адзначаюць высокі ўзровень спаборніцтваў. Вось і сёлета на турнір, які 22-23 студзеня прайшоў у спартыўнай зале ДЮСШ, прыехалі лідары валейболу вобласці – юныя валейбалісткі з Віцебска, Наваполацка, Бешанковіч і Міёр. Турнір праходзіў у дзвюх узроставых групах: 1995-1996 і 1997-1998 г. н.
У старэйшай групе годна глядзеліся шумілінскія валейбалісткі, якіх трэніруе Людміла Харкавец. Прыгожая камбінацыйная гульня і прага перамогі – так можна сказаць пра гульню нашых зямлячак. У складзе нашай каманды асабліва вылучалася Валерыя Акуневіч, якая паказала свае лепшыя лідарскія якасці. Яна паспявала ўсюды: і ў абароне, і на блоку, і ў атацы. Ды і сяброўкі па камандзе, асабліва Кацярына Абраменка і Інга Пракопчык, сваёй гульнёй усяляк дапамагалі. На жаль, у фінале ў драматычнай сустрэчы нашы валейбалісткі саступілі бешанкавіцкай камандзе з лікам 2:3. У выніку – другое месца. Задаволена гульнёй дзяўчат і трэнер каманды Л. Харкавец, якая выказала надзею, што так годна яе спартсменкі адыграюць на Алімпійскіх днях моладзі па валейболе.
А вось у малодшай узроставай групе нашы валейбалісткі не змаглі трапіць у тройку. Нельга сказаць, што дзяўчаты не стараліся. Праўда, было бачна, што не хапае гульнявой практыкі. Пагуляць з моцнымі сапернікамі Людміла Харкавец дала магчымасць кожнай спартсменцы. Няблага паказалі сябе Ганна Белавусава і Кацярына Дунец, хочацца парадавацца за шасцікласніц Алену Вараб’ёву і Дар’ю Новікаву, у якіх ёсць усё, каб вырасці ў валейбольных прафесіяналаў.
Надрукавана ў №7 ад 28.01.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *