Происшествия. Криминал

Происшествия

Здарэнні. Крымінал
Небяспечныя знаходкі

У міліцыю патэлефанавалі з а.-г. Слабада і расказалі, што на полі непадалёк ад аграгарадка знойдзены снарады часоў Вялікай Айчыннай вайны. Да прыезду сапёраў з Віцебска шумілінскія міліцыянеры ахоўвалі небяспечную знаходку. Снарады абясшкоджаны і знішчаны.
Праз некалькі дзён у РАУС звярнуўся жыхар Обалі, які паведаміў, што непадалёк ад шматпавярховых дамоў гарадскога пасёлка знайшоў мінамётную міну. Зноў прыйшлося выклікаць віцебскіх сапёраў.

Гараж
Пацярпела жыхарка Обалі. Невядомыя злодзеі пашкодзілі цагляную сцяну яе гаража, праніклі ўнутр і ўкралі дзве трубкі руберойду, два колы ад машыны і металічныя вугалкі. Агульны ўрон склаў 1,4 мільёна рублёў. Узбуджана крымінальная справа.

Згарэлі пуні
У в. Слудашы нехта запаліў сухую траву. Агонь перакінуўся на гаспадарчыя пабудовы, што знаходзіліся непадалёк. У выніку згарэлі тры пуні. Дарэчы, гэта другі пажар у раёне па прычыне выпальвання сухой травы. Некалькі тыдняў таму ў Філіпенках згарэў дачны дом.

Са зводак ДАІ
На хуткасці

Жыхар Шуміліна ехаў на асабістым аўтамабілі “Хундай” па вуліцы Юбілейнай у Шуміліне. У зоне абмежавання хуткасці (да 50 км/гадз) мужчына  разагнаўся да 79 кіламетраў у гадзіну. Падобнае правапарушэнне было на рахунку вадзіцеля паўторнае на працягу года. Цяпер мужчыну пагражае штраф або пазбаўленне вадзіцельскіх правоў на адзін год.

Без тармазоў
Вадзіцель “Вітконпрадукта”, які ехаў на аўтамабілі МАЗ з паўпрычэпам праз перакрыжаванне вуліц Юбілейная-Сіпко, збіў светлафор і сутыкнуўся са спадарожным аўтамабілем ДАФ (ім кіраваў жыхар Расійскай Федэрацыі). Машыны пашкоджаны, людзі не пацярпелі.
Супрацоўнікі ДАІ высветлілі, што прычынай ДТЗ стала няспраўная тармазная сістэма МАЗа. На вадзіцеля складзены два адміністрацыйныя пратаколы, яму пагражае штраф або пазбаўленне правоў на два гады. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута і службовая асоба, якая дапусціла да работы няспраўнае аўто.

Без правоў
Жыхар в. Светласельская ў стане алкагольнага ап’янення перадаў права кіравання сваім “Фордам” мясцоваму жыхару, які не меў вадзіцельскіх правоў. У в. Жданоўка мужчына не справіўся з кіраваннем і з’ехаў у кювет. Больш таго – уцёк з месца ДТЗ, а пасля гэтага ўжываў спіртное.
Як высветлілася, пры сабе мужчына не меў страхоўкі, сертыфікату аб тэхаглядзе аўтамабіля. На яго складзена сем адміністрацыйных пратаколаў, якія будуць разгледжаны на адміністрацыйнай камісіі ДАІ РАУС. На ўладальніка аўтамабіля таксама складзены адміністрацыйны пратакол за тое, што ён перадаў аўто чалавеку без правоў.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №32 ад 28.04.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *