На постоянно действующим семинаре, который прошёл в Оболи, говорили о профилактике правонарушений и неотвратимости наказания за них

Актуалии Общество

Прафілактыка правапарушэнняў і непазбежнасць пакарання
Выкананне закона “Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў”, скаардынаванасць у рабоце ўсіх суб’ектаў прафілактыкі, няўхільная дзейнасць прынцыпу непазбежнасці пакарання за здзейсненае злачынства – гэтыя пытанні былі ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў чарговага пастаянна дзеючага семінара для работнікаў сельвыканкамаў. Семінар быў арганізаваны 23 красавіка на базе Обальскага сельвыканкама, яго правяла старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава. У рабоце семінара прыняў удзел пракурор раёна С. У. Зайцаў.
Звяртаючыся да работнікаў сельскіх Саветаў, ідэолагаў раёна, кіраўнікоў суб’ектаў прафілактыкі, І. М. Новікава падкрэсліла актуальнасць вынесенага на парадак дня пытання, адзначыла, што семінар нацэлены на аналіз работы па прафілактыцы правапарушэнняў у раёне, выяўленне і выпраўленне недапрацовак.
А паколькі Шумілінскі раён знаходзіцца ў лідарах па ўзроўні злачыннасці, весці размову пра тае, што прафілактычная работа вядзецца бездакорна, не прыходзіцца. Начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі РАУС В. М. Воранаў праінфармаваў, што ўжо ў студзені-сакавіку бягучага года ў раёне здзейснена 61 злачынства, і гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў у вобласці. Між тым, раскрыццё злачынстваў складае толькі 66,7%.
Вядома, утапічна думаць, што ўсе злачынствы можна было б прадухіліць, але што многія з іх – несумненна. Старшыня раённага Савета пераканана, што гэта магчыма, калі больш прадметна, індывідуальна працаваць з кожным, хто знаходзіцца ў групе рызыкі. А гэта грамадзяне, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі, а таксама тыя, хто прайшоў праз лячэбныя працоўныя прафілакторыі і кандыдаты ў ЛПП, асобы без пастаяннага месца жыхарства, дармаеды і іншыя асацыяльныя асобы.
Галоўнае – давесці да кожнага, што за злачынства абавязкова прыйдзецца адказваць, перакананы пракурор раёна С. У. Зайцаў. А сам прынцып непазбежнасці пакарання трэба мацаваць і высокім раскрыццём злачынстваў, і дзейснай работай грамадскіх прафілактычных аб’яднанняў, такіх, як пункты аховы правапарадку і дабравольныя дружыны.
У Обальскім Савеце, дарэчы, гэтыя аб’яднанні працуюць рэальна. Старшыня Обальскага сельвыканкама М. А. Будневіч падзяліўся з прысутнымі напрацаваным вопытам, падрабязна спыніўся на рабоце грамадскага пункта аховы правапарадку, дабравольнай дружыны.
Дарэчы, пра дружыну. Обалі пашанцавала, што тут дабравольная дружына сфарміравана з работнікаў аховы Обальскага керамічнага завода і працуе яна рэальна і эфектыўна. Камандзір дружыны А. В. Курачоў расказаў, што дружыннікі не толькі патрулююць вуліцы пасёлка, але абавязкова дзяжураць падчас правядзення мерапрыемстваў, выязджаюць у рэйды на прадпрыемствы. І яны сапраўды дапамагаюць падтрымліваць правапарадак, тым больш, што ў Обалі пакуль што няма ўчастковага.
Аб прафілактычнай рабоце па папярэджанні пажараў і гібелі на іх людзей вёў размову в. а. першага намесніка начальніка РАНС Р. Л. Жук. Актуальнасць праблемы падкрэслівае той факт, што сёлета па вобласці палы сухой расліннасці павялічыліся ў 8,5 раза. І тут заканамерна ўзнікае пытанне аб навядзенні парадку на зямлі, своечасовага выкошвання траў як на прыватных, так на грамадскіх землях.
Абсалютную большасць злачынстваў здзяйсняюць людзі ў п’яным угары. І калі б мы змаглі перамагчы зялёнага змея, злачыннасць адразу б рэзка пайшла на спад. Але як гэтага дамагчыся, калі колькасць алкаголікаў не скарачаецца? Як паведаміў галоўны ўрач раёна К. Ф. Баканаў, зараз на ўліку ў нарколага стаіць 684 чалавекі, 219 з іх – жанчыны. Са 110 абавязаных асоб, якія пражываюць у Шумілінскім раёне, 76 знаходзяцца на ўліку нарколага. І зусім жахлівы факт: з гэтых 76 пацыентаў 56 – жанчыны.
Барацьба з п’янствам – справа ўсяго грамадства. Мае сэнс і аднаўленне работы выязнога наркалагічнага пункта, і абавязковая пастаянная праверка перад работай і пасля яе не толькі вадзіцеляў, але і іншых работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый, бо як паказвае аналіз, сістэматычны жорсткі кантроль арганізаваны толькі ў адзінкавых арганізацыях. У гэтым кантэксце вялікі фронт работы для саветаў прафілактыкі на прадпрыемствах і ў арганізацыях, ды і для кожнага з нас, бо мы жывем у адным грамадстве.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №32 ад 28.04.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *