Кредит взял. А отдать «забыл». Поручитель выплатил банку более 1,5 миллиона рублей

Закон Общество

Крэдыт узяў. А аддаць “забыўся”
За мінулы год, як расказала суддзя суда Шумілінскага раёна А. А. Сініцкая, было разгледжана 69 спраў супраць неплацельшчыкаў крэдытаў. Усе іскі судом задаволены.
Геаграфія банкаў, якім несумленныя жыхары нашага раёна запазычылі грошы (сумы самыя розныя: ад некалькіх тысяч рублёў да некалькіх мільёнаў), даволі шырокая. Акрамя “Беларусбанка” у суд звярнуліся “Белзнешэканомбанк”, “Белросбанк”, “Прыорбанк”, “Банк Масква-Мінск” і іншыя. “На неплацельшчыкаў шанцуе “Акцыянернаму банку рэканверсіі і развіцця”, – гаворыць Алена Аляксееўна. – Тут без паручыцеляў даюць крэдыты, затое і шмат ахвотнікаў іх узяць”.
Сям’і патрэбна мэбля, машына, бытавая тэхніка… І ўсё хочацца мець сёння і адразу. Многія людзі не задумваючыся згаджаюцца быць паручыцелямі не толькі ў родзічаў, сяброў і калег па рабоце, але і ў малазнаёмых людзей. Паручыцель прымае на сябе такія ж абавязацельствы, як і крэдытаатрымальнік. На жаль, не ўсе гэта ўсведамляюць. Нярэдка крэдытаатрымальнік, патраціўшы пазычаныя ў банка грошы, “забывае”, што іх (ды яшчэ з працэнтамі) трэба аддаваць. А аддаваць шкада. У выніку – суд. Але колькі не судзіся, а плаціць крэдыты прыйдзецца. Часта гэта робяць паручыцелі. Яшчэ і пеню плацяць за пратэрміноўку.
“Адзін з паручыцеляў выплаціў банку 1,6 мільёна рублёў, – прыводзіць прыклад А. А. Сініцкая. – А цяпер звярнуўся з іскам у суд па спагнанню гэтай сумы з крэдытаатрымальніка.
Калі ж крэдыт узяты без паручыцеляў, судовыя выканаўцы апісваюць маёмасць гаспадара, якая ў далейшым будзе прададзена праз камісійныя магазіны”.
На жаль, бываюць і такія выпадкі: чалавек, што браў крэдыт, памірае. У такім разе крэдыт у роўных долях пагашаюць паручыцелі.
Ужо сёлета разглядаліся тры судовыя справы па неплацяжах крэдытаў. На чарзе – яшчэ чатыры. Хутчэй за ўсё, грошы, як і ў разгледжаных раней справах, будуць спагнаны з паручыцеляў. Прычым, пры падачы іскавых заяў банкі падаюць хадайніцтва аб абмежаванні выезду крэдытаатрымальнікаў і паручыцеляў за межы Рэспублікі Беларусь. І такія іскі суд задавальняе – прозвішчы даўжнікоў уносяцца ў банк даных аб грамадзянах Рэспублікі Беларусь, у якіх права выезду за мяжу абмежавана. Такіх людзей здымаюць з самалёта, цягніка і зноў адпраўляюць па месцы жыхарства. Так што ўцячы ад выплаты крэдытаў практычна немагчыма.
Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №8 ад 1.02.2011 года



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *