А «зелёный змий» жаждет большего…

Общество

А “зялёны змей”прагнуў большага
Жыццё гэтага чалавека пачыналася звычайна, як і ва ўсіх. Нарадзіўся ў поўнай сям’і, хадзіў у школу, скончыў тэхнікум, паехаў працаваць па размеркаванні. Там сустрэў каханне, жаніўся, паявіліся дзеткі. На рабоце як на рабоце: то ўсё гладка, то штосьці не атрымлівалася. Дома таксама хапала ўсякага. Але, па вялікім рахунку, грэх было скардзіцца.
Праблема, якая перавярнула ўсё жыццё літаральна з ног на галаву, паявілася неяк неўпрыкмет.
У брыгаду ўладкаваўся новы работнік, як аказалася, з вельмі кампанейскіх і здольных арганізаваць мужыкоў на адпачынак пасля рабочага дня. Многія станоўча адгукаліся на прапанову пасядзець вечар з піўцом, пагаварыць. Неўпрыкмет для сябе наш знаёмы запаў на гэтыя “Гаворкі за жыццё” пад спіртное.
Спачатку жонка проста прасіла яго не затрымлівацца з новым сябрам. Потым пачаліся сваркі. Кампанейскі калега заклікаў “не даваць бабам камандаваць…”.
Хутка жонка не вытрывала п’янак-гулянак мужа і з’ехала разам з дзецьмі. “Нічога, – супакойваў зноўспечаны “сябар”, – не перапрошвай, куды дзенецца, паглядзіш – будзе яшчэ прабачэння прасіць…”.
Яму б спыніцца, задумацца: з кім пасябраваў, навошта п’е. Але жыццё ўжо кацілася, як ком з гары. Выпіць (і не толькі піва), а і чаго мацней хацелася ўсё часцей. Ужо немагчыма было чакаць, пакуль скончыцца рабочы дзень, пілі і ў абедзенныя перапынкі. У рэшце рэшт з работы яго звольнілі.
А “зялёны змей” прагнуў большага, ён не даваў ачуняць пітушчаму бедаку. І той пачаў прадаваць рэчы, якія яшчэ засталіся ў хаце. Адным вечарам зноў нешта сабраў і пашыбаваў да знаёмага, той абяцаў у абмен на рэчы даць выпіўкі.
Як апынуўся ў рэанімацыі мясцовай бальніцы, не памятае…
Падобныя гісторыі можна расказаць амаль пра кожнага, хто аказваецца з сіндромам алкагольнага атручвання на бальнічным ложку. Усе, хто рана ці позна становяцца залежнымі ад алкаголю, па сутнасці маюць слабы характар. Яны не маглі ў свой час адмовіць напорыстым сябрам, знаёмым, родзічам у прапанове выпіць разам, а цяпер не могуць самастойна справіцца з уласным жаданнем «кульнуць» чарку.
Па нашай просьбе старшая медыцынская сястра рэанімацыйнага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы Н. Л. Шлупакова, падлічыла, што за дзесяць месяцаў бягучага года ў аддзяленні рэанімацыі аказвалі дапамогу 43-м (з іх чатыром (!) дзецям васьмі, дзесяці, дванаццаці і трынаццаці год), пацярпеўшым ад, мякка кажучы, няўмеранага ўжывання алкагольных напояў.
Піць да труны…
Мужчыну 1975 года нараджэння прывезлі ў рэанімацыйнае аддзяленне раённай бальніцы ў коме. Ён літаральна не падаваў прыкмет жыцця і ўжо перастаў дыхаць. Рэаніматолагі падключылі апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх. Было выяўлена, што арганізм гэтага чалавека адмовіўся жыць з-за празмернай нормы выпітага алкаголю. Жыццё яму выратавалі і праз суткі адправілі на далечванне ў тэрапеўтычнае аддзяленне бальніцы.
Але здзіўленню медыкаў не было межаў, калі яшчэ праз дзень ім прыйшлося зноў рэанімаваць гэтага ж 36-гадовага мужчыну і па той самай прычыне. Ён уцёк з бальніцы і зноў напіўся да комы!
*   *   *
Між іншым, як паведаміла вядучы эканаміст “Цэнтральнай раённай бальніцы” А. В. Паўлікава, дзень знаходжання чалавека ў рэанімацыі (па затратах на лячэнне і ўтрыманне) абыходзіцца ў 710 тысяч рублёў.
Грошы выдзяляе бюджэт, а гэта значыць усе мы выкладваем свае кроўныя на ратаванне алкаголікаў, бо ўсе мы – падаткаплацельшчыкі… А іх (на 1 лістапада бягучага года) толькі на ўліку ў раённым наркалагічным кабінеце 671 чалавек. Няўлічаных больш у разы…
Сумная статыстыка
Сумную статыстыку (за студзень-кастрычнік 2011 года) падаў і намеснік галоўнага ўрача ЦРБ І. Л. Гудкоў:
– 8 чалавек памерлі (па дадзеных судмедэкспертызы) ад перадазіроўкі алкагольных напояў;
– 8 чалавек закончылі жыццё самагубствам, судмедэкспертыза паказала: усе былі ў стадыі алкагольнага ап’янення;
– 7 чалавек патанулі ў вадаёмах, і тут не абышлося без ужывання спіртнога перад купаннем;
– 26-ці памерлым у заключэнні было пазначана: прычына смерці ўстанаўліваецца. Такі запіс часцей за ўсё ставіцца ў выпадках, дзе акрамя яўна выяўленага інфаркту, інсульту, цырозу (ці іншай прычыны) экспертыза паказвае і на тое, з-за чаго гэта адбылося: нябожчык перад смерцю злоўжываў алкаголем…
Выяўлена, што прымалі алкаголь і два загінуўшыя на пажарах. Але лічба хутчэй за ўсё большая, бо не ўсіх памерлых ад «чырвонага пеўня» можна дасканала даследаваць.
Страшна становіцца ад думкі, што людзі пачынаюць піць (чытай – ідуць на смерць) па добрай волі. Усе ведаюць, што п’яны чалавек не можа цвяроза ацаніць сітуацыю, што ён небяспечны і для самога сябе, і для грамадства. Але ўсё роўна п’юць, даходзяць да інваліднасці, даводзяць да нервовага расстройства ўсіх членаў сваёй сям’і, у рэшце рэшт кладуцца ў труну. Для чаго?
Сярод памерлых ад злоўжывання алкаголем жыхароў раёна (за бягучы перыяд 2011 года) толькі адзін пенсіянер, сярэдні ўзрост астатніх – 40 год! Ці ёсць над чым задумацца ўсім, хто працягвае руку за выпіўкай?..
Таццяна РАСТОЎСКАЯ.
Надрукавана ў №92 ад 29.11.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *