Учитель физкультуры Шумилинской СШ №1 Геннадий Садохин не любит проигрывать

Образование Спорт, туризм

Навучыць перамагаць
Настаўнік фізкультуры Шумілінскай СШ №1 Генадзь Уладзіміравіч Садохін –  чалавек тактоўны, сціплы і нешматслоўны, але прынцыповы і патрабавальны настаўнік. Родам з Круглянскага раёна Магілёўскай вобласці. Менавіта там ён пачаў займацца лёгкай атлетыкай, скачкамі ў вышыню. “Быў неаднаразовым чэмпіёнам вобласці, выканаў нарматыў першага дарослага разраду, – успамінае Генадзь Уладзіміравіч. –  У дзясятым класе скокнуў вышэй за сябе на 20 сантыметраў”. Кінуць лёгкую атлетыку Генадзь ужо не мог…
Пасля школы паступіў на факультэт фізічнага выхавання Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта, каб займацца ў трэнера Уладзіміра Тура. “Вось так і стаў настаўнікам фізкультуры”, – падсумоўвае мужчына. Пачынаў ён свой настаўніцкі шлях на Шуміліншчыне,  пасля заканчэння інстытута пераехаў да жонкі і першым месцам працы стала Мікіціхінская СШ.
Кожны ўрок у Г. У. Садохіна адметны, не падобны на іншы. Гэта прынцыповая пазіцыя настаўніка фізкультуры. “У нас вялікія класы, – дзеліцца Генадзь Уладзіміравіч. – Важна заўважаць кожнага вучня. І абавязкова, каб былі перамогі, хай  невялікія і асабістыя. Вось нехта змог падцягнуцца не два, а тры разы, а той змог прабегчы ўсю дыстанцыю. З такіх цаглінак і фарміруюцца пазітыўныя адносіны да фізічнай культуры і здаровага ладу жыцця”.
Па-іншаму на спартыўных секцыях. Вось тут можна і на спартыўны вынік папрацаваць. “Вучань сам прыходзіць на секцыю, значыць, хоча расці як спартсмен, – расказвае Генадзь Уладзіміравіч. – Важна выхаваць дух пераможцы штодзённымі трэніроўкамі, зрабіць каманду аднадумцаў”.  Такая пазіцыя настаўніка Садохіна прыносіць плён: каманды, якія ён рыхтуе, годна выступаюць на  спаборніцтвах. Сёлета, напрыклад, каманда Шумілінскай СШ №1 перамагла ў раённым мнагабор’і “Здароўе”.
“Не люблю сам прайграваць, не люблю, калі прайграюць мае выхаванцы, – падсумоўвае гутарку Г. У. Садохін. – Задаволенасць прыходзіць толькі з першым месцам. І яшчэ, лічу, што любы вучаць, які выйграе ў спорце, зможа выйграць і ў жыцці”.
Аляксандр Шэдзько.
Надрукавана ў №37 ад 15.05.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *