В Шумилино на трассе Р-20 стоит магазин «Ветерок»

Актуалии

А магазін “Вецярок” стаіць на трасе
Калі ў магазіне даводзіцца стаяць у чарзе, міжволі назіраеш за работай прадаўца. Радуе, калі ў яго дакладныя спрактыкаваныя рухі, без лішняй мітусяніны, калі на твары ўсмешка, калі ён мае шчыры намер дапамагчы вам атрымаць неабходны якасны прадукт. У такім выпадку можна гаварыць пра прафесіяналізм у рабоце, які мацуецца не толькі на вопыце і спецыяльных ведах, але і на ўласных здольнасцях і характары чалавека, які стаіць за прылаўкам.
На перакрыжаванні вуліц Юбілейная і Луначарскага стаіць магазін “Вецярок”, адкрыты чатыром вятрам і пакупнікам з усіх чатырох бакоў. Пераважная колькасць пакупнікоў, праўда, з бліжэйшага жылога мікрараёна, але нямала бывае і заезджых. Дык вось райспажыўтаварыству не будзе сорамна перад гасцямі за прадаўцоў “Вецярка”, бо тут працуюць прафесіяналы – і загадчыца магазіна Святлана Віктараўна Жогаль, і малады прадавец Алеся Дрозд (зараз яны працуюць удзвюх). Усё, што залежыць ад іх – якасць абслугоўвання, парадак і ўтульнасць, асартымент – яны трымаюць на высокім узроўні.
Тым не менш, персанал “Вецярка” адчувае іншым разам няёмкасць і нават нейкую віну перад вадзіцелямі-міжнароднікамі, якія спыняюцца выпіць кавы, перакусіць, а тут не могуць аказаць такую паслугу, бо няма адпаведнага абсталявання. Хаця лагічна было б яго тут мець, магазін жа на трасе.
“А мне б хацелася, каб у магазіне быў які-небудзь куток для дзяцей, – кажа Алеся Дрозд, – можа, які столік, дзе б ляжалі алоўкі ды папера, каб малыя маглі заняцца, пакуль мамы купляюць прадукты. Ёсць жа такія куточкі ў замежных магазінах, чаму б і нам не мець?”
З Алесяй нельга не пагадзіцца, за такімі, як яна – будучае гандлю. Адукаваная (закончыла два каледжы, у гэтым годзе завяршае вучобу ва ўніверітэце кааперацыі), камунікабельная, адкрытая і добразычлівая. Зайдзіце ў магазін у канцы рабочага дня, і яна сустрэне вас нязменнай усмешкай, быццам не было цяжкай змены, за якую, бывае, і не прысядзеш, быццам не псаваў нервы асобны падпіты кантынгент, з якім яна, дарэчы, умее размаўляць без непатрэбных канфліктаў.
А ў гандаль Алеся прыйшла выпадкова. І сама не збіралася, і бацька жартаваў, што няма ў яго лішняй каровы. А тут здарылася, што не паступіла пасля школы ў інстытут, і бацька ж прынёс накіраванне ў гандлёвы каледж. А потым настаяў, каб ішла ва ўніверсітэт. Яна не верыла ў свае сілы: як жа і за кааператыў плаціць, і за вучобу, і сына расціць? А бацька сказаў: “Дапаможам”. І дапамагаюць, і грашыма, і ўнука глядзяць, калі ёй на сесію.
“У мяне залатыя бацькі, – усміхаецца Алеся, – і сям’я ў нас вельмі дружная, усе адзін за аднаго. І ўсіх нас бацькі вучылі слухаць і паважаць людзей, у маёй прафесіі – гэта галоўнае”.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №38 ад 22.05.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *