Как в Язвинской школе учат любить свой край

Духоўнае Образование

Святы Мікалай родам з Ужляціна
Любіць родную зямлю… Што можа быць больш проста і зразумела? І што можа быць больш складана? Як выхаваць сёння будучага грамадзяніна, каб быў адданы роднаму кутку, дзе ён нарадзіўся і вырас, каб павага і пашана да сваіх каранёў стала натуральным станам асобы.
Беларуская зямля дала свету шмат выдатных людзей. Адны імёны залатымі літарамі ўпісаны ў яе гісторыю. А некаторыя, на вялікі жаль, застаюцца невядомымі і да гэтага часу. На працягу трох год члены навуковага таварыства школы пад кіраўніцтвам настаўніцы рускай мовы В. М. Івановай даследавалі радаводнае дрэва сям’і Акаловічаў, праваслаўных святароў, вядомых з XVI стагоддзя на ўжляцінскай зямлі.
У пачатку мая адбылася ў нашай школе сустрэча з нашчадкам славутай сям’і Уладзімірам Альгердавічам Акаловічам. На сустрэчы прысутнічалі старшыня Светласельскага сельвыканкама В. В. Шчарбакоў, благачынны цэркваў Шумілінскай акругі протаіерэй Фёдар Пучынскі, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама В. М. Саковіч і спецыяліст аддзела А. Г. Талстая, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Л. В. Шаўцова, вучні старэйшых класаў нашай школы.
З першых хвілін мы зразумелі, што перад намі шчыры і адкрыты чалавек, захоплены да самаадданасці гісторыяй свайго роду. Здзіўляе яго апантанасць, адданая пошукавая праца на карысць таго, каб  памяць пра слаўны род не згубілася. З неверагоднай цікавасцю слухалі прысутныя пра жахлівыя абставіны далёкага мінулага, пры якіх ва  Ужляціне з’явіліся Акаловічы.
Асаблівую ўвагу Уладзімір Альгердавіч удзяліў Мікалаю Фамічу Акаловічу,  свяшчэннапакутніку, прылічанаму да ліку святых у лістападзе 2007 года пад імем Святы Мікалай Віцебскі. Усім сэрцам і душой распавядаў У. А. Акаловіч пра свайго вялікага прашчура. Былі ўражаны веліччу асобы гэтага чалавека, яго маральнымі якасцямі, шырокай эрудыцыяй, вернасцю свайму грамадзянскаму абавязку. Мы ганарымся, што ён – наш зямляк.
Пра кожнага прадстаўніка роду ва Уладзіміра Альгердавіча ёсць інфармацыя. Расказваў ён пра іх цікава, даступна, падрабязна, прачула.
У зале, дзе прысутнічалі падлеткі, якім звычайна цяжка  ўсядзець на адным месцы і слухаць доўгія выступленні, стаяла цішыня. Дзеці і дарослыя ўважліва слухалі незвычайны аповед. Вочы  іх былі напоўнены спачуваннем і гонарам, шчырасцю і разуменнем.
На памяць аб сустрэчы кожны атрымаў у падарунак абразы Святога Мікалая Віцебскага ад Уладзіміра Альгердавіча і абразы Афанасія Брэсцкага  – ад айца Фёдара.
Сустрэча з такімі людзьмі нясе радасць, пачуццё прыналежнасці да  вялікага і вечнага – людской памяці. Душа, як і прырода, абуджаецца да новых  здзяйсненняў.
Н. КАРОТЧАНКА, настаўніца Язвінскай д/с — БШ.
Надрукавана ў №40 ад 26.05.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *