Важно сделать первый шаг навстречу богатству

Актуалии Общество Экономика

Псіхалогія багацця
ці Пра тое, як я станавілася фінансава граматнай
Адчуванне віны і лёгкай непаўнацэннасці пастаянна наступаюць мне на пяткі. А ўсё таму, што я не вельмі ўмею планаваць бюджэт, не дужа пільна сачу за расходамі і мне часцяком не хапае грошай, што называецца, ад зарплаты да зарплаты.
Шчыра прызнаюся, што ўсе заклікі да эканоміі асабіста мяне ўводзяць у стан глыбокай дэпрэсіі. Я, вядома, разумею, што гэта далёка і надоўга адсоўвае перспектыву праслыць фінансава адукаванай жанчынай, але разбагацець усё ж хочацца.
Магчыма, таму не выпадкова я трапіла на семінар-трэнінг, які нядаўна ладзіўся ў райвыканкаме для прадпрымальнікаў, фермераў, рамеснікаў і ўсіх тых, хто імкнецца да фінансавай стабільнасці. Сваімі ведамі і некаторымі сакрэтамі з удзельнікамі трэнінгу дзяліўся бізнес-трэнер, дырэктар цэнтра падтрымкі прадпрымальніцтва і трансфера тэхналогій “Віцебскага бізнес-цэнтра” Л. М. Шур.
Адзначу, што мерапрыемства прайшло ў цікавай форме: усе ўдзельнікі раздзяліліся на “сем’і”, якія на ўласных памылках вучыліся павышаць свае “ўмоўныя” даходы. Гэта дазволіла больш глыбока ўсвядоміць і асэнсаваць інфармацыю, магчыма, зразумець, што твой дабрабыт і нябеднае будучае толькі ў тваіх руках. Канкрэтней, у руках тваёй сям’і. Дарэчы, многія ячэйкі грамадства не вытрымліваюць выпрабавання фінансавымі праблемамі і распадаюцца. Гэта здараецца часцей, чым нам здаецца. Размаўляць, абмяркоўваць, разам будаваць планы – гэта ўмацуе і фінансавую, і любую іншую стабільнасць. Думаеце, гэта проста? Тады ўспомніце, калі апошні раз вы збіраліся за сямейным сталом для таго, каб абмеркаваць планы хаця б на бліжэйшы месяц? А на год ці пяцігодку?..
Найперш трэба паставіць фінансавыя мэты (гэта вялікія, але не штодзённыя расходы) і абазначыць тэрміны іх дасягнення. Важна памятаць, што мэты павінны быць прыстасаваныя да вашых магчымасцяў, а не наадварот. Абавязкова трэба размеркаваць іх па ступені важнасці. Напрыклад, спачатку купіць аўтамабіль, бо ён патрэбны для развіцця бізнесу, а потым ужо норкавае футра для мамы. Не трэба баяцца ахвяраваць нейкай мэтай ці адкласці яе дасягненне на потым. Толькі мы самі прымаем найлепшыя рашэнні для сваёй сям’і.
Аналізуючы даходы і расходы сваёй сям’і, варта ўлічваць, што пажадана расходы планаваць у тры разы большымі, а даходы – у два разы меншымі. Карацей, не будаваць пясочных замкаў, рэальна ацэньваць сітуацыю. Трэнер Леанід настойліва раіў нам мець не менш як тры крыніцы пастаяннага даходу, у тым ліку і пасіўны (напрыклад, ад здачы кватэры). Вельмі рызыкоўна жыць, не маючы так званай падушкі бяспекі: калі раптам (не дай бог) вы пазбавіцеся даходу, скажам, ваша прадпрыемства перастане існаваць, вас звольняць ці не прадоўжаць з вамі кантракт, то падушка бяспекі павінна дазволіць вам каля паўгода жыць прывычным жыццём. За гэты час вы спакойна зможаце вырашыць усе праблемы з работай. Значыць гэта можа толькі адно – грошы трэба адкладваць. Колькі, спытаеце вы? Нехта вынайшаў, што калі адкладваць у дзень хаця б па 1$, то можна і мэты рэалізаваць, і падушку тую самую забяспечыць. Здаецца, рэальна. Чаму б і не паспрабаваць. Галоўнае – не адкладваць “на чорны дзень”, каб ён і сапраўды не настаў. Планаваць і марыць трэба толькі пра лепшае, пра светлае і радаснае.
Яшчэ важна памятаць, што грошы абавязкова павінны працаваць. Якіх бы памераў ні былі зберажэнні, іх трэба памнажаць. Тут варта вывучыць прапановы банкаў. Вядома, што мы задавалі канкрэтныя пытанні: у якой валюце, у якіх банках і на якіх дэпазітах лепш захоўваць грошы. Але ж фінансавы трэнер параіў самім вывучыць сітуацыю і вырашыць, як будзе лепш для кожнай канкрэтнай сям’і. Заўважыў толькі, што спосабаў зберажэння павінна быць некалькі. Для пераканаўчасці ён прадэманстраваў свой партаманет, у якім суседнічала даволі вялікая колькасць пластыкавых банкаўскіх картак.
Дарэчы, банкі многія з нас асацыююць часцей з крэдытамі, чым з дэпазітамі. У той жа час, крэдыт – самы рызыкоўны фінансавы інструмент. І прымяненне яго павінна быць мудрым. Пазычаць варта для патрэб, а не для рэалізацыі жаданняў. Напрыклад, на адпачынак, вопратку ці мэблю пазычаць не варта. Гэта эмоцыі, і на іх задавальненне трэба траціць накапленні. Крэдыт заўжды дорага каштуе, таму калі нам раптам трэба на нешта пазычаць, то гэта павінна быць штосьці сапраўды неабходнае. Напрыклад, пакупка жылля, вучоба ці развіццё бізнесу. Але якой бы ні была мэта пазыкі, неабходна, каб нароўні з ёй у нас быў і ўласны стартавы капітал.
Мы яшчэ шмат чаму вучыліся, абмяркоўвалі, спрачаліся. Усе ўдзельнікі прызналіся, што гэты вопыт аказаўся карысным, што весці бухгалтэрыю сваёй сям’і – важна. Толькі мы самі гаспадары свайго жыцця і свайго дабрабыту. Мы жывем толькі так, як хочам. А таму, калі мы мала зарабляем і нічога не можам сабе дазволіць, то трэба не скардзіцца на жыццё, а проста шукаць новую работу. Наогул, зрабіць хаця б першы крок да стабільнасці і, не пабаюся гэтага слова, багацця.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №44 ад 09.06.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *