Светлана Лепёшкина более 20 лет работает заведующей Слободским КПП

Общество Сельское хозяйство

«Мы  клапоцімся  пра  дабрабыт  людзей»
Бытавое абслугоўванне насельніцтва ў апошнія гады  на больш высокім узроўні наладжана ў аграгарадках і вёсках Шуміліншчыны, адзначае дырэктар КУП БАН В. П. Бабічаў. Сярод  комплексных прыёмных пунктаў з лепшага боку Віктар Паўлавіч выдзеліў КПП у аграгарадку Слабада.
Тыдзень таму мы завіталі ў а.-г. Слабада, у якім загадчыцай КПП больш за дваццаць гадоў працуе Святлана Леанідаўна Ляпёшкіна. Бытавое абслугоўванне перажывала ўзлёты і падзенні.  Але Святлана Леанідаўна не кінулася шукаць лёгкага хлеба, не здрадзіла сваёй рабоце. У працоўнай кніжцы Святланы Леанідаўны толькі адзін запіс: Слабадскі КПП. Яна верыла, што ўсё наладзіцца. Сітуацыя палепшылася з будаўніцтвам аграгарадка. І вось ужо шосты год, як комплексна-прыёмны пункт памяняў прапіску: знаходзіцца ў светлым прасторным памяшканні былой калгаснай канторы. Пасля рамонту сюды прыемна зайсці: усюды парадак, новая мэбля зрабіла памяшканне больш утульным. Інтэр’ер упрыгожваюць пакаёвыя кветкі.
У памяшканні КПП мы ўбачылі дзве швейныя машыны. Па адукацыі закройшчык лёгкага жаночага і дзіцячага адзення, С. Л. Ляпёшкіна шые спадніцы і сукенкі. Праўда, апошнім часам заказаў становіцца ўсё менш. Напэўна, таму, што ў магазінах разнастайны выбар тавараў, лічыць Святлана Леанідаўна. А вось рамонт адзення па-ранейшаму карыстаецца попытам. На КПП звяртаюцца са Слабады і блізляжачых вёсак, каб падшыць паліто ці куртку, падкараціць штаны, ушыць камізэльку. “Асабліва перад новым навучальным годам многа заказаў па рамонце дзіцячага адзення, – кажа С. Л. Ляпёшкіна. – Камусьці маланку трэба ў куртку прышыць, камусьці пінжак ці сукенку падкараціць. Як правіла,  пераважаюць хлапечыя заказы – на некаторых вопратка проста “гарыць”, хоць кожны тыдзень рамантуй”.
Ды Святлана Леанідаўна і рада, калі многа заказаў. Трэба ж выконваць даведзены план. Жанчына расказала, што за мінулы год спрацавала на 102%, аказала паслуг на 50 тысяч рублёў на чалавека. Яшчэ Святлана Леанідаўна кожны месяц шые і прадае пасцельную бялізну.  Калі з’яўляецца новы тавар, загадчыца КПП ідзе ў народ: то на адной, то на другой вясковай вуліцы можна ўбачыць, як рэкламуе яна свае тавары. А заадно прапаноўвае людзям  і іншыя паслугі: аддаць на чыстку падушкі, скарыстацца паслугамі пральні. І некаторыя дачнікі прызвычаіліся здаваць бялізну на мясцовы КПП,  зручна, бо загадчыца прывозіць на веласіпедзе памытае адзенне на дом.
На Слабадскім КПП ёсць паслугі пракату (нядаўна маладыя спецыялісты мясцовай гаспадаркі ўзялі напракат халадзільнік). Кожны аўторак прыязджае з Шуміліна цырульнік – для яго тут абсталяваны асобны кабінет. Карыстаюцца попытам і рытуальныя паслугі.
“Упэўнена, што ў аграгарадках і вялікіх вёсках патрэбны КПП, – кажа Святлана Леанідаўна. – Можа, нашы паслугі і не заўсёды прыбытковыя, але ж галоўнае, што наша служба запатрабаваная, што мы працуем дзеля людзей і клапоцімся пра іх дабрабыт”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №44 ад 09.06.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *