Нужна бочка для квашеной капусты? Поезжайте к Яцукам в деревню Горовые

Мир увлечений Семья

У ягоных бочках і танцаваць не страшна
Амаль паўстагоддзя крочаць разам па жыцці Паліна Сцяпанаўна і Валянцін Паўлавіч Яцукі з вёскі Гаравыя, што на Каўлякоўшчыне. Яны сумленныя і зычлівыя людзі, усім сэрцам любяць родны край і тых людзей, якія жывуць на гэтай зямлі. Яны і сёння абодва лёгкія на пад’ём, з пачуццём гумару.
“Жыццё праляцела як адзін дзень, неяк вельмі хутка сталі пенсіянерамі, –  усміхаецца Паліна Сцяпанаўна. – На маю думку, разам з разуменнем і ўступчывасцю рэцэптам нашага сямейнага шчасця можна лічыць агульнае захапленне”. І няважна, што ў большасці сваёй яго ініцыятарам выступаў Валянцін Паўлавіч. Гэта ён, як ягоны бацька і дзед, займаўся бондарствам: майстраваў бочкі, дзежкі, шайкі для жывёлы. А Паліна Сцяпанаўна падтрымлівала пачынанне мужа, заўсёды дапамагала. Дапамагае і зараз: то інструменты падае,  то дрэва трымае, то дошчачкі выгінае. Адным словам, заўсёды побач з мужам.  Напэўна, у гэтым і ёсць сакрэт яе жаноцкай мудрасці.  “Бывала, працуем цэлы вечар, згадваем маладосць, як пазнаёміліся ў сёмым класе, як Валянцін граў на гармоніку, як я пісала яму ў армію лісты і ў адказ атрымлівала ягоныя – жартаўлівыя і аптымістычныя, – кажа жанчына. – Часам заседжваліся над вырабам бочак да самай ночы. Затое якое потым замілаванне, калі бачыш ладненькую бочачку для гуркоў ці квашанай капусты. Гэта цяпер можна і пластмасавыя купіць, а раней жа такіх не было”.
Зараз няма вялікай патрэбы ў драўляных бочках, але рукі бондара помняць майстэрства. Не-не, ды і зробіць Валянцін Паўлавіч адну-дзве бочкі. Прыгожыя такія выходзяць, гладзенькія – вачэй не адвесці. Пытаемся, ці цяжка змайстраваць бочку.
“Калі ўмееш – то лёгка, – кажа Валянцін Паўлавіч. – Трэба мець рубанак, фуганак, цыркуль, сякеру. Дрэва – елка ці дуб – расколваецца на часткі, якія потым выгінаюцца, сушацца і сціскаюцца абручамі. Цяжэй падагнаць дно, але і гэта майстэрства прыходзіць з вопытам”.
Колькі бочак за сваё сумеснае жыццё зрабілі Яцукі – і падлічыць цяжка. Лічыце, у кожнага родзіча былі іхнія бочкі, у кожнага суседа. “А мая цётка, па натуры сваёй жартаўлівая, спачатку правярала бочку на трываласць, – кажа Валянцін Паўлавіч. – Не худая целам, бывала, залезе ў бочку і танцуе. І хітравата падміргвае: ”Ну, пляменнік, ці разваліцца твой выраб?”. Не, не разваліўся – бочкі былі надзейнымі і якаснымі.
Валянцін Паўлавіч кажа, што ніколі не хібіць у рабоце яго навучыла жыццё. Мужчына ўдзячны лёсу, які дараваў яму цікавыя прафесіі: некаторы час працаваў у Луганскай вобласці шахцёрам, а калі пераехаў у в. Гаравыя, то ўладкаваўся на Дзвіне бакеншчыкам. На пенсіі працяглы час рупіўся на калгаснай пілараме.
Адным словам,  Валянцін Паўлавіч усё жыццё працуе з дрэвам:  і аконныя рамы робіць, і лавачкі, і тапарышчы, і кошыкі пляце. Змайстраваў зручныя і вялікія конскія калёсы, падобныя на старажытную брычку – гэта гордасць майстра. Любіць запрагаць  у гэту брычку ўласнага коніка і выязджаць разам з жонкай у суседнія вёскі да родзічаў ці знаёмых.
Падтрымліваюць пачынанні сваіх бацькоў сын і дачка. А ўнукі і праўнукі, якія часта прыязджаюць да бабулі з дзядулем,  не па кніжках ведаюць пра бондарства і з захапленнем расказваюць пра яго сваім сябрам.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №46 ад 16. 06.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *