В «АгроБоровинке» настоящие мужчины занимаются косьбой трав

Сельское хозяйство Экономика

Касавіца – справа сапраўдных мужчын
–  Ну, як касавіца, ці добрая вырасла трава? – спыталі мы ў механізатараў ААТ “АграБаравінка”, якія шчыравалі на полі ля в. Мазекі.
– І не пытайцеся, слёзы адны: травы просяць дажджу, а яго няма. Таму і трава не ў пояс, і не такая густая, як хацелася б.
Нягледзячы на цяжкасці, касавіца ідзе сваім парадкам. Начальнік участка А. В. Міраненка расказала, што корманарыхтоўчую тэхніку даручылі самым адказным  і вопытным механізатарам. Ля Язвіна на кормаўборачным камбайне працуе Павел Баршынаў, ля Мазек – Ігар Бегуноў.
“Сучасная тэхніка косіць і адначасова здрабняе, – расказаў Ігар Бегуноў. – Колькі зраблю за дзень, гэта залежыць не толькі ад майго старання, але яшчэ і ад ураджайнасці травы. Учора, напрыклад, было 180 тон. А сёння думаю да вечара дагнаць да трохсот”.
Ад камбайна Ігара Бегунова адвозіць зялёную масу тры трактары і МАЗ. Пакуль Мікалай Куляшоў загружае свой МТЗ,  Сяргей Волкаў павёз “зялёнку” да сянажнай траншэі, Юрый Яцэвіч едзе да поля з пустым прычэпам,  Андрэй Пруднікаў чакае сваёй чаргі на загрузку. Некалькі хвілін – і ён пад’язджае да камбайна. І такі няспынны кругаварот тэхнікі цэлы дзень.
“На сваім МАЗе за дзень паспяваю зрабіць сем рэйсаў, прывожу кожны раз па 9,5 тон, – расказаў Сяргей Волкаў. – На ўліку кожная працоўная гадзіна, прастояў няма. Мы ж разумеем, што менавіта ад якасці і колькасці нарыхтаванага корму залежаць надоі. А гэта значыць, і наш заробак зімой. Таму ледзь сонца ў небе – мы на полі”. Перапынак робіцца толькі на абед.
Пад’язджаем да сянажнай траншэі, што непадалёк ад майстэрні ў Язвіне. На “кіраўцы” тут працуе Уладзімір Пяшко. Па траншэі рухаецца павольна: гэтак магутныя колы трактара лепш утрамбоўваюць сянаж. “У асноўным я працую на “Амкадоры”, а сёлета вось даверылі і “кіравец” на трамбоўку, – расказаў механізатар. – Я працую да васьмі гадзін вечара, а потым на ноч заступае Дзмітрый Талдыкін. Трамбоўка сенажу ў нас вя-дзецца кругласутачна”.
Тым не менш, у гаспадарцы хапае і праблем. На мінулым тыдні, напрыклад, яшчэ не пачалі нарыхтоўваць сена, бо не было патрэбных запчастак для прэс-падборшчыка. Работы ў “АграБаравінцы” непачаты край: трэба яшчэ скасіць больш за шэсцьсот гектараў палеткаў, нарыхтаваць 12 тысяч тон сенажу, 800 тон сена.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №46 ад 16.06.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *