Доска почёта Шумилинского района. Светлана Шпыркина

Актуалии Здоровье Общество

Медыцынская сястра Святлана
Мы працягваем вас знаёміць з лепшымі працаўнікамі Шуміліншчыны, чые партрэты ўпрыгожваюць раённую Дошку гонару. Сярод іх – Святлана Анатольеўна Шпыркіна, медсястра раённай паліклінікі.
– Чым ганарыцеся?
“Чым я ганаруся? – паўтарыла пытанне Святлана, – лепш спытайце, кім?” І расказала, што вельмі ганарыцца сваімі бацькамі – Валянцінай Васільеўнай і Анатолем Мікалаевічам Яцко. Яна прызналася, што калі ёсць у яе характары працавітасць, настойлівасць, жаданне ісці да намечанай мэты, пераадольваючы свае слабасці, – гэта ад іх, ад бацькоў, што гэта яны навучылі яе сямейным і жыццёвым каштоўнасцям і нават з прафесіяй падказалі, напэўна ж, бачылі, што з яе атрымаецца добры медык. Яны для яе, як той маяк, на які трэба трымаць арыенцір.
І як мы не спрабавалі выпытаць у Святланы Анатольеўны нейкі асабісты гонар менавіта за сябе, яна ўвесь час зводзіла размову на іншае. А між тым, ёй ёсць чым ганарыцца. Дзень за днём вось ужо 19 год яна дорыць сваім пацыентам свой клопат пра іх здароўе. І людзі паважаюць яе за спагаду і клопат, за спрыт у рабоце, за яе адкрытасць, якая дазваляе даверыцца.
– Пра што марыце?
Як і ў кожнага з нас, ёсць у Святланы мары: каб у сям’і ўсе былі здаровыя, каб дачушка вырасла шчаслівай. А яшчэ яна марыць, каб вучоныя хутчэй вынайшлі лекі ад анкалагічных хвароб, каб медыкі маглі перамагчы любую, нават самую страшную хваробу.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №47 ад 19. 06. 2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *