В словацком Осрбле Кирилл Тюрин взял бронзу

Актуалии Молодёжь Спорт, туризм

Бронзавы медаль чэмпіянату свету –  у кішэні

Прыемна бачыць беларускіх спартсменаў на пераможным п’едэстале. А сваіх шумілінскіх землякоў – удвая. У славацкім Осрбле прайшоў юніёрскі чэмпіянат свету па біятлоне. На гэтым турніры ў эстафетнай гонцы наш зямляк Кірыл Цюрын заняў ганаровае трэцяе месца.
Узнагароды не прынята лічыць – гэта дрэнная прыкмета, кажуць спартсмены. І Кірыл яе прытрымліваецца. Аднак перамогу на чэмпіянаце свету на схаваеш! На тэлебачанні, па радыё, у інтэрнэце навіна разляцелася «на ўра». Беларусы ганарацца сваімі пераможцамі. Бронзавы прызёр успамінае: “Гэтыя эмоцыі не перадаць словамі… Я адчуваў велізарную радасць за тое, што ўсе мае сілы былі ўкладзены не дарэмна”.
Пазнаёміўся Кірыл з біятлонам у дзесяць гадоў дзякуючы Г. М. Салапаеву. Ён і стаў першым трэнерам юнака. Знаёмства аказалася знакавым, і Кірыл вырашыў звязаць сваё жыццё са спортам. У 2011 годзе паступіў у Віцебскае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву. Там стаў займацца з трэнерам У. А. Махлаевым, з якім і зараз скарае замежныя трасы.

“Крок за крокам – і я стаў падымацца з адной прыступкі на другую, павышаць свой узровень у біятлоне”, – кажа біятланіст.
За апошнія два гады юніёр пабываў у Аўстрыі, Фінляндыі, Румыніі, Нарвегіі, Балгарыі, Чэхіі, Славакіі і многіх іншых краінах, атрымаў каласальны вопыт і матывацыю. Гаворыць, што да чэмпіянату свету ў Осрбле рыхтаваўся ўсю сваю спартыўную кар’еру, а гэта – “бясконцыя трэніроўкі, якія займаюць увесь твой час”. Галоўнае, каб была матывацыя, упэўнены бронзавы медаліст, а яна ёсць.
Зараз Кірыл прыехаў на пабыўку дадому. Сезон завершаны, а гэта значыць, што можна адпачыць і набрацца сіл для новых перамог.
Дар’я ЧАПУРНОВА, студэнтка БДУ.
Фота з архіва Кірыла Цюрына.
Надрукавана ў №20 ад 10.03.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *