Интэрвью с Инной Синкевич, председателем Шумилинского отделения ОО «Ахова птушак Бацькаўшчына»: «Начиналось всё с ТАSIS…»

Образование Экология

Дзеля людзей і птушак
29 студзеня ў Мінску прайшоў 14 з’езд грамадскага аб’яднання “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ), на якім быў абраны новы старшыня арганізацыі. Ім стаў Аляксандр Вінчэўскі. На сходзе былі падведзены і вынікі розных конкурсаў. Па выніках работы за мінулы год Шумілінскае аддзяленне ГА АПБ сярод чатырнаццаці аддзяленняў заняло другое месца. Пра тое, чым жыве арганізацыя і якія задумы на будучае, размаўляем са старшынёй савета раённага аддзялення Інай Уладзіміраўнай СІНКЕВІЧ.
— Іна Уладзіміраўна, найперш, прыміце віншаванні. Раскажыце, як і з чаго пачынала дзейнасць у раёне АПБ і што сёння ўяўляе сабой раённае аддзяленне?
— Улетку 2006 года 11 сяброў грамадскай арганізацыі адкрылі раённае аддзяленне. Арганізацыя аб’яднала як юных, так і дарослых эколагаў. Адна з галоўных задач экалагічнай арганізацыі – захаванне прыроднага багацця, экалагічная адукацыя насельніцтва.
На сённяшні дзень раённае аддзяленне АПБ – гэта 67 дарослых сяброў і 198 вучняў, 17 школьных экалагічных клубаў “Крылаты дазор” (дарэчы, усяго па рэспубліцы 120 клубаў).
Арганізацыя падыходзіць да свайго пяцігоддзя з новымі планамі і ідэямі. Не стаіць на месцы, рэалізуе розныя праекты. І гэта работа адзначаецца на ўзроўні рэспублікі: у 2009 годзе на форуме грамадскіх экалагічных арганізацый Беларусі дыпломам адзначана работа Цэнтра пазашкольнай работы і раённага аддзялення АПБ.
І яшчэ. Наш асаблівы гонар – 2007 год, калі па выніках падліку салаўёў наша мястэчка атрымала сертыфікат “Шуміліна – салаўіны гарадок”.
— У якіх міжнародных і рэспубліканскіх праектах удзельнічалі нашы эколагі? Ці змаглі выйсці шумілінскія эколагі на ўласныя праекты?
– Пачыналася ўсё ў 2006 годзе з міжнароднага праекта TASIS па выкарыстанні вопыту Еўрасаюза па захаванні запаведнікаў і заказнікаў у супрацоўніцтве з насельніцтвам і ўладай. Многія палюбілі методыку “Дзікі квадрат”, якая была ўзята менавіта з гэтага праекта. Шмат карыснага даў і маніторынг звычайна гняздуючых відаў птушак.
Паралельна з гэтымі праектамі рэалізоўваліся і ўласныя. Найбольш удалыя – “Вывучэнне і вырошчванне раслін мясцовай флоры” і “Інвентарызацыя векавых дрэў на тэрыторыі Шумілінскага раёна”. Шмат наведвальнікаў сабралі фотавыставы “Свет балот Шуміліншчыны” і “Дзвіна-Даўгава”. Цікава прайшлі экалагічныя летнікі ў Обальскай школе.
За гады існавання раённае аддзяленне было ініцыятарам  выпуску буклета рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Казьянскі” (2008), кнігі “Займальны аквалоджык для дзяцей і дарослых” (2009), каляндара “Мокрыя парады на кожны дзень” (2010). Сёлета чакаем выхаду “Векавых дрэў Шуміліншчыны”.
Дзякуючы ўдзелу ў розных праектах у школах раёна палепшылася матэрыяльная і метадычная база. З’явіліся біноклі, розныя вызначальнікі, міні-лабараторыі для даследавання якасці вады. Калі ёсць такая база, то і вучням больш цікава займацца экалогіяй.
— Іна Уладзіміраўна, якія планы ў аддзялення на гэты год і што вам, як старшыні савета раённага аддзялення, хочацца змяніць у рабоце арганізацыі?
— Безумоўна, будзем удзельнічаць ва ўсіх рэспубліканскіх акцыях. Традыцыйнымі як для рэспублікі, так і для нашага раёна сталі агульнаеўрапейская кампанія “Жывая вясна” (сакавік-май), Міжнародны дзень птушак (1 красавіка), салаўіныя ночы (14-15 мая), восеньскія дні назіранняў за птушкамі (1-2 кастрычніка). Пройдзе канферэнцыя раённага аддзялення. Традыцыйна вясною пройдзе экафестываль “Жывая вада”. Маштабнымі павінны атрымацца мерапрыемствы, прысвечаныя Обальскаму балоту.
А як старшыні мне найперш хочацца, каб у арганізацыю прыходзілі новыя сябры і, прычым, не толькі з педагагічнай адукацыяй. Прыход такіх сяброў да-зволіць значна пашырыць тэматыку экалагічных праектаў і мерапрыемстваў і разам працаваць дзеля птушак і людзей.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №10 ад 8.02.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *