Беларускай мовы ў школах стане больш

Актуалии Образование

Беларускай мовы ў школах стане больш
Навіной, якая нядаўна бурна абмяркоўвалася грамадскасцю, стала інфармацыя пра тое, што ў школах зменіцца баланс у вывучэнні рускай і беларускай моў. Плануецца, што на вывучэнне моў будзе адведзена аднолькавая колькасць гадзін. Першапачаткова такое новаўвядзенне будзе тычыцца толькі вучняў 2 класа, паведаміла галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Булаўкіна. “У нас з наступнага навучальнага года, пачынаючы з 2 класа, незалежна ад мовы навучання будзе выдзелена аднолькавая колькасць гадзін на вывучэнне рускай і беларускай моў і літаратуры”, – сказала Ірына Булаўкіна (belta.by).
Па яе словах, гэта новаўвядзенне будзе ўводзіцца паступова: спачатку ў 2 класе, праз год – у 2 і 3 класах, праз два гады – у 2, 3 і 4 класах і гэтак далей. У малодшых школьнікаў будзе па тры ўрокі рускай і беларускай моў і па два ўрокі літаратуры. Сёння пакуль колькасць гадзін адрозніваецца ў залежнасці ад таго, якая мова навучання ў школе.
Гады тры назад у міністэрстве заўважылі, што вучні рускамоўных школ па жаданні вывучаюць гісторыю і геаграфію Беларусі на беларускай мове. Напрыклад, у гэтым навучальным годзе гісторыю Беларусі на беларускай мове захацелі вучыць больш за 18 тысяч вучняў, а геаграфію – каля 500. Таксама з гэтага вучэбнага года вучні 10-ых класаў сярэдніх школ могуць вывучаць беларускую мову і літаратуру на павышаным узроўні. У такіх класах па тры гадзіны беларускай мовы і літаратуры на тыдзень. З наступнага года такая магчымасць будзе і ў 11-класнікаў.
У 1994-1995 навучальным годзе каля 40% ад агульнай колькасці школьнікаў вучыліся на беларускай мове. Да 2013 года гэтая лічба зменшылася да 17%.
Што ў нашым раёне? Першае і галоўнае, колькасць школ наогул скарачаецца. І, як правіла, гэта вясковыя беларускамоўныя школы. На сёння з 17 школ Шумілінскага раёна беларускамоўнымі з’яўляюцца 10, паведамілі ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. З гэтага навучальнага года, напрыклад, перайшла на рускую і Добрынская школа. Дырэктар школы Ніна Бегунова патлумачыла, што добрынскія вучні працягваюць навучанне ў Мікіціхінскай школе ці раённай гімназіі, навучанне ў якіх ідзе на рускай мове. І як толькі зачынілася Лаўжанская школа (беларускамоўная), куды раней ішлі маленькія добрынцы, было прынята рашэнне пераходзіць на рускую мову і ў Добрыне. Нельга не пагадзіцца, што тут найперш улічваліся інтарэсы дзяцей, якім складана “скакаць” з адной (хоць і блізкай) мовы на іншую пры вывучэнні, скажам, матэматыкі ці біялогіі.
Галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Аксана Талстая расказала, што ні дзеці, ні бацькі, дзеці якіх вучацца ў рускіх школах, пакуль не выказвалі жадання вывучаць, скажам, гісторыю ці геаграфію Беларусі на беларускай мове, як гэта здараецца ў сталіцы.
Нягледзячы на тое, што беларускамоўных школ у нашым раёне больш, чым рускамоўных (амаль 60%), гаварыць пра нейкія перавагі роднай мовы не прыходзіцца, бо асноўная частка дзяцей вучыцца ў гарадскіх школах, якія рускамоўнымі былі і 20 гадоў таму.
А вось у рускамоўнай Обальскай школе пастаянна ладзіцца акцыя “Гаворым па-беларуску”, калі апроч усяго іншага запланаванага настаўнікі і дзеці, на ўроках і на перапынках размаўляюць толькі на роднай мове. І мы ведаем, што некаторыя дзеці “прынеслі” гэту звычку са школы дамоў. І радуемся за іх.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №21 ад 15.03.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *