В Шумилинском районе строится дорога

Актуалии Край шумілінскі Экономика

Ад Міхалова да Дубовікаў

Амаль чатыры месяцы таму пачалося будаў-ніцтва лесагаспдарчай дарогі, якая злучыць Міхалова і Дубовікі. Калісьці з Андрэева да вёскі Міхалова быў добры праезд, сцвярджаюць мясцовыя жыхары. Але вёска паступова стала бязлюднай, ды і рамонтам дарогі, якая вяла праз лес, ніхто не займаўся. І яна паступова зарасла хмызняком. А праезд вельмі патрэбны. У першую чаргу работнікам лясной гаспадаркі, якія даглядаюць за лесам,  нарыхтоўваюць і вывозяць драўніну. Менавіта таму заказчыкам аб’екта выступіла Міністэрства лясной гаспадаркі, яно ж фінансуе будаўніцтва дарогі. Тэндар на правядзенне работ выйграла Шумілінскае ДРБУ-204, якое стала генпадрадчыкам будоўлі. Непасрэдны ўдзел у будаўніцтве прымае і Шумілінскае прадпрыемства меліярацыйных сістэм.
“Першымі ідуць работнікі лясгасу, якія высякаюць кустоўе, выпілоўваюць дрэвы. А мы рыхтуем трасу пад будаўніцтва дарогі, –  расказаў галоўны інжынер прадпрыемства меліярацыйных сістэм А. М. Лакціёнаў. – З дапамогай экскаватараў карчуем пні, убіраем бярвенні, пракопваем траншэі.  Наша задача – падняць дарожнае палатно і пабудаваць трубапераезды. Усе нашы работнікі працуюць сумленна. Рупімся разам”.  Пакуль дарожны насып не ўтрамбаваны, але галоўны інжынер запэўніў, што дарога ўтрамбуецца, укатаецца, зверху падсыплецца гравіем і шчэбенем –  да кастрычніка, калі запланавана здача аб’екта, тут будзе добрая дарога.
“Падобныя аб’екты – знаходка для прадпрыемства, дадатковы заробак. Так, у мінулым годзе на будаўніцтве такой жа лясной дарогі Новазаронава-Чысці зарабілі 150 тысяч рублёў. Сёлета плануем зарабіць крыху больш, бо працягласць дарогі Міхалова-Дубовікі на кіламетр больш – 8,4 кіламетра, – лічыць дырэктар Шумілінскага ПМС А. Я. Вайцянкоў. –  На канец мая выканалі работы на суму 70 тысяч рублёў, праклалі каля пяці кіламетраў дарожнага палатна”.
Лясная дарога вельмі неабходна і работнікам раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях на выпадак лясных ці тарфяных пажараў, і меліяратарам пры асушэнні лясных масіваў. Зручны праезд у лес патрэбны і грыбнікам ды ягаднікам. А мясцовыя жыхары з Міхалова і навакольных вёсак плануюць ужо ў гэтым годзе збіраць у мясцовым лесе журавіны – праезд жа будзе добрым да самага балота.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 44 ад 09.06.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *