Виктор Нечай из Березницы считает, что хозяин в деревне тот, кто держит корову

Сельское хозяйство Экономика

Не ўяўляюць жыцця без рагулі
Кожны вечар Віктар Паўлавіч Нячай (на здымку) з вёскі Беразніца з касою ў руках накіроўваецца за агарод – адкасіць для сваёй рагулі травы, каб пакласці ў кармушку на ноч. Каштанка не да канца з’ядае такую вячэру, і ад напалову падвялай травы ў хлеўчуку ў памяці мужчыны паўстае паўзабыты, але такі знаёмы з дзяцінства пах прывезенага з лугу сена.
Калісьці  Віктар Паўлавіч працаваў механізатарам у калгасе “Ленінскі прызыў”, а зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Прызнаецца, што жыцця свайго не ўяўляе без гаспадаркі. “Спакон вякоў карова лічылася карміцелькай і была ў кожнай сям’і, – расказаў Віктар Паўлавіч. – Ну, а хто меў па дзве-тры каровы, лічыўся заможным гаспадаром. Я ўсё жыццё трымаю карову. Не магу ўявіць, як можна дома сядзець склаўшы рукі. А так устаў раніцай і думаю: як там мая рагуля, ці з’ела сянцо, ці хапіла ёй вады. Лічу, што многім вясковым гаспадарам не перашкодзіла б трымаць карову. Падсобная гаспадарка  ў многіх выпадках дае сям’і сродкі для годнага жыцця”. Пакуль жа, як расказаў В. П. Нячай, Каштанка – адзіная карова на Беразніцу.
Упраўляцца з каровай Віктару Паўлавічу дапамагае ягоная жонка Эма Аляксандраўна. Тры разы на дзень з даёнкай у руках яна накіроўваецца ў хляўчук ці на пашу.
Што тычыцца нарыхтоўкі сена, то з ёй гаспадар спраўляецца сваімі сіламі. Нягледзячы на тое, што размяняў сёмы дзясятак, кожную раніцу ідзе касіць траву. Адзін за другім на полі з’яўляюцца свежыя пракосы. І за лета пуня поўная сена.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №40 ад 24.05.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *