День информирования в Шумилинском районе (читать и слушать)

Актуалии Президент Экономика

Устойлівая эканоміка – аснова незалежнасці
У мінулы чацвер у працоўных калектывах раёна прайшлі сустрэчы з інфармацыйна-прапагандысцкімі групамі райвыканкама. Група пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама У. П. Кураннога сустрэлася з калектывам Обальскага керамічнага завода.
Завод перажывае складаны перыяд, тут праходзіць мадэрнізацыя, якая дазволіць зменшыць сабекошт прадукцыі, выпускаць інавацыйную прадукцыю. Менавіта пра гэта шчыра і адкрыта пачаў размову кіраўнік раёна. Дзяржава выдаткавала на мадэрнізацыю прадпрыемства больш за 72 мільярды рублёў, таму зараз яна мае права чакаць высокай аддачы ад калектыву завода.
У ходзе размовы закраналіся пытанні вытворчай і працоўнай дысцыпліны, якія звязаны з сітуацыяй на рынку працы: колькасць вакансій скарачаецца, а прапанова працоўнай сілы расце, таму варта трымацца за сваё працоўнае месца – часовыя цяжкасці пройдуць, пачнецца стабільная работа і стабільныя заробкі, гаварыў старшыня райвыканкама.  Тым больш, што обальскае прадпрыемства – флагман прамысловасці нашага раёна.
Дарэчы, усе гэтыя актуальныя жыццёвыя праблемы цесна звязаны з тэмай дня інфармавання – “Беларусь – ад вызвалення да незалежнасці”. Наша краіна захавала стабільнасць ў эканоміцы, грамадстве, у дзяржаве. Мір, спакой, сацыяльна-эканамічнае развіццё – гэта тое, што цэніцца, асабліва ў люстэрку тых падзей, што адбываюцца ў свеце і ў нашых бліжэйшых суседзяў. Агульная сітуацыя ў свеце, антырасійскія санкцыі адбіліся і на эканоміцы нашага раёна, калі попыт на прадукцыю шумілінскіх прадпрыемстваў упаў. У. П. Куранны прывёў прыклад, што ў нашым раёне знайшлі прытулак 57 сем’яў з Украіны, і для іх мір і спакой – найвышэйшая каштоўнасць, якую яны знайшлі ў Беларусі.
Шчырая размова па актуальных пытаннях жыцця раёна прадоўжылася, калі выступалі члены групы – кіраўнікі раённых службаў. А. У. Карапузава, намеснік галоўнага урача Шумілінскай ЦРБ, расказала пра дэмаграфічную сітуацыю ў раёне. Крыўдна, калі з жыцця ідуць людзі ў працаздольным узросце, у тым ліку і па ганебнай прычыне – злоўжыванне алкаголем. Абальчане даведаліся пра рамонт тэрапеўтычнага аддзялення ЦРБ, які актыўна вядзецца, пра паступовае рашэнне кадравай праблемы ў раённай медыцыне. Так, сёлета прыходзяць некалькі маладых спецыялістаў, якія здымуць вастрыню кадравага голаду, у тым ліку і па некаторых вузкіх спецыяльнасцях.
Начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях А. І. Сасновіч расказаў пра сітуацыю з пажарамі ў раёне. Ён засяродзіў увагу прысутных на ўвядзенні забароны на наведванне лясоў па прычыне вострай пажаранебяспечнай сітуацыі ва ўсёй Беларусі і ў нашым раёне.
Дырэктар УП ЖКГ І. К. Штуро расказаў пра мадэрнізацыю кацельні ў г. п. Обаль: новы кацёл на шчапе дазволіць значна скараціць выкарыстанне газу, што дасць істотную эканомію сродкаў у жыллёва-камунальнай сферы. Ён расказаў пра сітуацыю з аплатай камунальных паслуг, і пра меры, якія выкарыстоўваюць камунальныя службы ў барацьбе з неплацельшчыкамі.
Начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Беларусі Т. В. Камарова паведаміла пра крымінагенную сітуацыю ў раёне, заклікала грамадзян беражліва ставіцца да сваёй маёмасці, крадзяжы якой часцей за ўсе адбываюцца з-за абыякавага стаўлення ўладальнікаў да яе.
Пасля сустрэчы быў праведзены асабісты прыём членамі групы, і работнікі прадпрыемства мелі магчымасць задаць свае пытанні ў індывідуальным парадку.
Сяргей ПАЎЛАЎ.
Надрукавана ў №48 ад 23. 06. 2015 г.

Лёс краіны – лёс чалавека
Сустрэчу з калектывам райбыткамбіната правяла інфармацыйная група на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікавай. Ірына Мікалаеўна абазначыла актуальнасць тэмы дня інфармавання “Беларусь – ад вызвалення да незалежнасці”, зрабіла акцэнты на лёсавызначальных датах, якія паўплывалі на развіццё дзяржаўнасці, эканомікі, на лёс гісторыі наогул.
Берагчы мір, памятаць пра гераічны подзвіг дзедаў і прадзедаў, умацоўваць стабільнасць эканомікі і рабіць пасільны якасны ўклад у развіццё сваёй краіны – вось тыя важныя ўрокі, якія і сёння ніколькі не страцілі сваёй актуальнасці.
У юбілей Вялікай Перамогі кожны з нас асабліва востра адчувае боль за краіну і людзей, якія пацярпелі ад фашысцкай навалы, і гонар за кожнага салдата, які стаяў на смерць, але не мог дапусціць, каб вораг адчуў сябе гаспадаром на нашай Радзіме. Для таго, каб яшчэ больш прасякнуцца патрыятычнымі пачуццямі, Ірына Мікалаеўна параіла ўсім наведаць Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Перамогу краіна сустрэла разбуранай, страціўшы палову свайго нацыянальнага багацця, калі канкрэтна, 35 гадавых бюджэтаў, прывяла лічбы Ірына Мікалаеўна. І тут ужо на змену ваеннаму гераізму прыйшоў працоўны – не менш важны па значнасці. Нашаму народу спатрэбілася 10 год для таго, каб поўнасцю аднавіць даваенны ўзровень эканомікі краіны.
Па ўсіх паказчыках самым лепшым годам для Шуміліншчыны быў 1986.
Мова лічбаў, якую актыўна выкарыстоўвала ў сваім выступленні Ірына Мікалаеўна, уражвала і ясна давала зразумець, што сёння мы далёка не поўнасцю выкарыстоўваем свой патэнцыял. Напрыклад, на адзначаны год у  нашым раёне было больш за 45 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы, амаль 19 тысяч галоў свіней, тысячу дзвесце авечак, больш за 430 тысяч галоў птушкі. Ірына Мікалаеўна нават і не стала называць сённяшнія лічбы, якія значна саступаюць прыведзеным.
Але вядомыя падзеі 90-х зноў адкінулі нашу краіну назад, нам зноў прыйшлося аднаўляць народную гаспадарку, наладжваць сувязі, развіваць эканоміку ў новых умовах – засвоіць яшчэ адзін урок гісторыі. Наша маладая дзяржава пакрысе набірала сілы, развівалася сваім шляхам. “Але жыць сваёй краінай і не адчуваць уплыву звонку – складана, – заўважыла І. М. Новікава, ацэньваючы сённяшні дзень. – Змянілася міжнародная абстаноўка вакол нашай дзяржавы. Мы пражываем не самы лёгкі год, фінансавы крызіс. Але я хачу сказаць, што мы вытрымлівалі і не такое, і трэба прызнаць, што цяпер нам намнога лягчэй. Мы можам спакойна ўсё перажыць”.
Ірына Мікалаеўна прызнала, што ў эканоміцы раёна ёсць цяжкасці: мы не выконваем даведзеныя прагнозныя паказчыкі ў рэальным сектары эканомікі, шэсць прадпрыемстваў з’яўляюцца стратнымі, і без таго невялікія зарплаты ў сельскай гаспадарцы выплачваюцца з затрымкамі. Але ж жыццё працягваецца, мы не спыніліся, не апусцілі рукі.  Ідзе мадэрнізацыя Обальскага керамічнага завода, сельскагаспадарчай вытворчасці. Пры падтрымцы дзяржавы актыўна развіваецца малы і сярэдні бізнес, развіваецца сацыяльная сфера. У нас ёсць усе нагоды аптымістычна глядзець у будучае, упэўнена старшыня раённага Савета дэпутатаў. Галоўнае – кожнаму на сваім месцы сумленна выконваць свае абавязкі, і тады наш агульны вынік акажацца ўражваючым. А мы моцныя, мы спакойныя і цярплівыя, і гэтая жыццёвая мудрасць – як узнагарода за шматлікія выпрабаванні, якія вытрываў лёс нашай гісторыі.
Слова было дадзена таксама ўсім членам інфармацыйнай групы.

І. М. Новікава размаўляе з работнікамі райбыткамбіната:

[podcast]http://www.shumilino.by/wp-content/uploads/2015/06/novikava.mp3[/podcast]

Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №48 ад 23. 06. 2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *