Среди шумилинской молодёжи всё большую популярность завоёвывает вавинам вьет во дао

Молодёжь Спорт, туризм

Шлях да дасканаласці
Таго часу, што дзеці займаюцца ў аб’яднанні па інтарэсах “Асновы ўсходніх адзінаборстваў: вавінам в’ет во дао” ў раённым Цэнтры дзяцей і моладзі, хапіла, каб юныя спартсмены з Шуміліна пазналі асновы ўсходніх адзінаборстваў і змаглі спаборнічаць са сваімі аднагодкамі з іншых рэгіёнаў Беларусі.
Выхаванцы Святланы Бараноўскай выйгравалі першынство вобласці і адкрыты чэмпіянат Беларусі, адкрытыя абласныя і рэспубліканскія турніры. А двое юных шумілінцаў – кандыдаты ў склад зборнай Беларусі на чэмпіянат свету па вавінам в’ет во дао сярод дзяцей, які пройдзе ў Бельгіі.
У мінулую пятніцу ў Цэнтры дзяцей і моладзі прайшлі спаборніцтвы па вавінам в’ет во дао.  Яны сталі своеасаблівай справаздачай юных спартсменаў. Падтрымаць сваіх дзетак прыйшлі бацькі. А строгімі, але справядлівымі, суддзямі выступілі трэнер Святлана Бараноўская і чэмпіён Беларусі па вавінам в’ет во дао Сяргей Юдзянкоў.
Пачалося першынство з выканання тэхнічных практыкаванняў без зброі. Малыя вельмі стараліся паказаць свае ўменні, хваляваліся. Кожнае выступленне гледачы падтрымлівалі гучнымі апладысментамі.
Парны комплекс – больш складаны. Тым больш, што некаторыя пары ствараліся менавіта на саміх спаборніцтвах. Але хлопчыкі імкнуліся выйсці на дыван, уразіць сваім выступленнем як суддзю-трэнера, так і сваіх бацькоў. І гэта ім удалося.
Завяршылася першынство паядынкамі. Юныя спартсмены падарылі гледачам сапраўднае відовішча. Было ўсё: дакладныя і моцныя ўдары, цікавыя тактычныя камбінацыі, накаўты і накдаўны, а таксама радасць пераможцаў і слёзы прайграўшых.
“Спаборніцтвы паказалі, што ў нас падрастаюць добрыя спартсмены, – падсумоўвае Святлана Бараноўская. – Кожны з малых выстаяў, не пабег з дывана, нягледзячы на прапушчаныя ўдары. А гэта ўжо перамога”. Святлана падзякавала бацькам, якія падтрымліваюць сваіх дзетак, ездзяць на спаборніцтвы, набываюць не такую ўжо танную экіпіроўку.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №51 ад 02.07.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *