Тяжёлая рука

Безопасность Общество Семья

Пагражаў забойствам

Бацька адлупцаваў сына, муж пабіў жонку. “Усё правільна. Гаспадар павінен трымаць сям’ю ў кулаку, каб не бэсціліся”, – часта можна пачуць адабральную думку. А колькі за гэтым паламаных лёсаў, скалечаных і загубленых жыццяў. Праблема сямейнага насілля абвастраецца. Тым больш, што практычна ўсе выпадкі насілля ў сям’і здараюцца, калі гвалтаўнік знаходзіцца ў алкагольным дурмане. Шчасце, калі ён спыніцца за крок да трагедыі, калі нічога ўжо не паправіш. Як гэта здарылася ў Сіроціне.

У будынку Сіроцінскага сельвыканкама, дзе праходзіла выязное судовае пасяджэнне, сабралася шмат вяскоўцаў. Суд пад старшынствам суддзі Алены Сініцкай разглядаў крымінальную справу ў адносінах да маладога мужчыны,  мясцовага жыхара.

У свае 31 год Сцяпан, назавем яго так, меў за плячыма пяць судзімасцяў. Апошнія чатыры гады жыве з жанчынай, якая зараз знаходзіцца ў водпуску па доглядзе за дзіцяці. Шлюб не зарэгістраваны. Зараз нідзе не працуе, перабіваецца выпадковымі заробкамі. “У мясцовай гаспадарцы мала плацяць, – спрабаваў тлумачыць на судовым пасяджэнні сваё стаўленне да працы Сцяпан. – Ды і ў райцэнтры работу з годнымі заробкамі знайсці не магу”. Затое на бутэльку грошы заўсёды знаходзіў. А як вып’е – цягне “на прыгоды”.

Не быў выключэннем і той дзень. Дзве бутэлькі віна зрабілі сваю справу: да дому Сцяпан прыйшоў з рашучым намер высветліць адносіны з сужыцелькай. Пасля пагроз забіць жанчыну, пачаў яе душыць, пагражаў скінуць з балкона…

Да судовага пасяджэння пара памірылася. У гэтым сямейным скандале яны не бачаць нічога страшнага, бо, як высветлілася на пасяджэнні, гэта ў іх звычайная з’ява. І падсудны, і пацярпелая ў адзін голас прасілі суд строга не караць.

Судовы прысуд – гвалтаўнік заплаціць штраф у памеры 9 мільёнаў рублёў і атрымае накіраванне на прымусовае лячэнне ад алкагалізму.

Алесь САКАЛОЎ.

Надрукавана ў  № 56 за 21 ліпеня.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *