Праздник профессии. Шумилинские мелиораторы.

Общество

Пра стабільнасць, планы і перспектывы меліяратараў
– Вы не падумайце, што калі мы наводшыбе, то і жыцця ў нас няма, – сустракае журналістаў галоўны інжынер прадпрыемства А. М. Лакціёнаў і праводзіць па кабінетах офіса ці, як ён сам гаворыць, штаба. – У нас усюды свежы рамонт,  кабінеты камфартабельныя, а тое, што ад цэнтра далекавата, – не бяда: мы купілі газель і возім людзей на працу і на абед таксама.
Аляксандр Мікалаевіч не сумняваецца, што сакрэт поспеху работы прадпрыемства ў правільна падабраных кадрах, згуртаванасці калектыву. Як высветлілася, у ПМС ёсць добрая завядзёнка: працаваць сем’ямі і ўсё жыццё. У той жа час, заўважае галоўны інжынер, сёння можна канстатаваць істотнае амаладжэнне інжынернай службы і не толькі. Маладыя ахвотна ідуць у меліярацыю: прываблівае надзейны заробак, сацыяльныя гарантыі і, вядома, жыллё. “У мінулым годзе, да прыкладу, у новы дом у Шуміліне пераехаў  Васіль Багатка з сям’ёй, наш загадчык майстэрняў. Дом пабудавалі на ўласныя сродкі, збіраемся будаваць яшчэ, – дзеліцца планамі А. М. Лакціёнаў. – Ніхто з нашых работнікаў жыллё не здымае: гэту праблему лёгка вырашаюць два інтэрнаты”.
Сёння прадпрыемства забяспечвае работай каля сотні чалавек (у сезон будзе яшчэ больш). Канешне, старажылы памятаюць часы, калі аб’ёмы работ былі куды больш сур’ёзнымі. Зараз меліяратары не займаюцца першасным асушэннем, яны рэканструююць і аднаўляюць тое, што было зроблена  гадоў 30-40 таму: згадзіцеся, нядрэнны гарантыйны тэрмін службы аб’ектаў.
ПМС рэалізуе Дзяржаўную праграму захавання і аднаўлення асушаных зямель. Па гэтай праграме ў раёне штогод аднаўляецца 300-500 гектараў. На гэты год запланаваны два вялікія меліярацыйныя аб’ёкты на ўвод: участак 140 га ў раёне вёскі Федзькава (“Ульскі”) і 180 га каля Ляжнёў.  Акрамя таго меліяратары бяруцца за новы аб’ект у раёне Мікалаёва, дзе з 230 гектараў увесці ў гэтым годзе плануюць 70-80. “Яшчэ мы будуем лесагаспадарчую дарогу Купніно-Шашы, біёінжынернае збудаванне ў ААТ “Лаўжанскае”, – пералічвае А. М. Лакціёнаў, – акрамя таго будзем рабіць рамонтныя і доглядныя работы на палях уздоўж дарогі Р-20, якія таксама прадугледжаны праграмай”. Расказаў інжынер і пра тое, што менавіта яны зараз па заказе лясгаса будуюць гадавальнік для вырошчвання лесагаспадарчых культур у Полцеве, прыцягваюць нашых меліяратараў і да работы за межамі раёна. Як правіла, не адмаўляюць яны ў  дапамозе і мясцовым сельскагаспадарчым арганізацыям, скажам, у ачыстцы фермаў. Карацей, работы хапае круглы год, не толькі ў сезон.
Спецыяліст завастрыў увагу на тым, што сёння дзяржава зацікаўлена, каб галіна была тэхнічна пераўзброена, таму на прадпрыемства пастаянна паступае тэхніка (толькі сёлета атрымалі дзве машыны), што дазваляе выконваць складаныя маніпуляцыі якасна і хутка. У гэтым можна было лёгка пераканацца, трапіўшы на аб’ект ля Хацілава, дзе брыгада работнікаў займалася заменай дрэнажу.
Брыгада дрэнажнікаў
На гэтую брыгаду можна пакласціся і быць упэўненым, што зробяць усё як след і ў час. Яшчэ б: тут жа адны старажылы падабраліся. Машыніст-экскаватаршчык Волкаў Арсенцій Барысавіч аддаў прадпрыемству 40 год, вельмі вопытны і надзейны механізатар. Сцепаненка Каліна Васільевіч, мантажнік – таксама не навічок, ведае што да чаго і як лепш. Добры памочнік і рамонтнік Васілеўскі Віктар Васільевіч.
Узначальвае брыгаду Іваноў Аляксандр Міхайлавіч, замершчык, перспектыўны меліяратар. Брыгада зараз працуе на вымачаным полі райаграсэрвісу, і ад таго, наколькі якасна меліяратары правядуць аднаўленчыя дрэнажныя работы, залежыць будучы ўраджай.
Ганаровы меліяратар Беларусі
Калі глядзець з вышыні 1975 года, то ў рабоце меліяратараў змянілася многае. Гэта дакладна ведае Рыгор Віктаравіч Іваноў, які ўжо амаль 40 год працуе на прадпрыемстве механікам участка. Ён памятае і іншыя аб’ёмы работ, і іншую тэхніку. Але, кажа, сутнасць не змянілася: палі, каналы, прырода вакол – усё, як раней.
Яго адрэкамендавалі як высакакласнага прафесіянала. Спецыфіка і адначасова цяжкасць работы ў тым, што тэхніку прыходзіцца рамантаваць прама на полі. Пра тое, што Р. В. Іваноў выдатна з гэтым спраўляецца, гаворыць той факт, што яму летась было прысвоена званне Ганаровага меліяратара Беларусі.
Вытворча-тэхнічны аддзел у надзейных руках
Пацэвіч Валянціна Генадзьеўна ўзначальвае вельмі складаны аддзел прадпрыемства – вытворча-тэхнічны. Кіраўніцтва называе яе адным з самых граматных спецыялістаў, апорай і падтрымкай па эканамічных пытаннях. У Валянціны Генадзьеўны багаты вопыт (30 год у ПМС), грунтоўныя веды і высокая працаздольнасць. Зараз з-за недахопу кадраў даводзіцца ёй працаваць за дваіх.
Машына для сапраўднага мужчыны
Такая махіна павінна быць у надзейных руках, разумееш гэта, калі Сяргей Анатольевіч Бадроў пад’язджае на сваім бульдозеры бліжэй. “Я ўсяго месяц за рулём гэтай машыны, папярэдняя 30 год па палях ездзіла. Таму ўсе параўнанні, канешне, на карысць новага агрэгата”, – дзеліцца ўражаннямі меліяратар. Машына гэтая важыць аж 20 тон і працуе на самых складаных аб’ектах, некаторыя работы ў раёне пад сілу выканаць толькі ёй. Таму няма неабходнасці казаць, што кіраўніцтва ПМС давярае работніку, які лёгка апраўдвае спадзяванні ўжо амаль на працягу 20-ці год. Сяргей Анатольевіч пакінуў уражанне чалавека ўпэўненага ў сабе, цэльнага, з пачуццём гумару.
Яму можна даверыць тэхніку
Малады механізатар Дудараў Канстанцін Мікалаевіч зараз багаты на тэхніку. Яму кіраўніцтва даверыла адразу два энерганасычаныя трактары. На адным ён абкошвае канавы, на другім, новенькім Беларусу-3022, дапамагае сельгаспрадпрыемствам. Да слова, вясной працаваў на пасяўной у “АграБара-вінцы” і “Мішневічах”. “Такому талковаму механізатару не страшна даверыць тэх-ніку, – кажа  галоўны інжынер А. М. Лакціёнаў. – Бо тэхніка вартая яго, а ён варты тэхнікі”.

Ю.М. Праліч

Рамонтнікі ў дапамогу
А гэта залатыя рукі прадпрыемства меліярацыйных сістэм.  Знаёмцеся: Праліч Юрый Міхайлавіч – токар. Можна сказаць, ювелір. Прафесіянал. На сваім такарным станку аднавіў ці рэстаўрыраваў не адзін дзясятак унікальных дэталяў да тэхнікі, якіх не купіш ні за якія грошы. Адзін з лепшых токараў раёна. Напэўна, ніхто на Шуміліншчыне не зробіць

Л.І. Іваненка

шліфоўку калянвала. А Юрый Міхайлавіч зробіць.
Іваненка Леанід Іванавіч – слесар. 30 год у меліярацыі. Дзякуючы яго залатым рукам тэхніка прадпрыемства не прастойвае пад дахам у чаканні рамонту. Яму падуладны рамонт нават самых складаных вузлоў, аператыўна і якасна ліквідуе аварыйную паломку прама на полі.

У. Ф. Гапанчук

І яшчэ адзін чалавек, без якога меліярацыя са сваёй шматлікай тэхнікай не праіснуе, бо любая тэхніка мае схільнасць “ламацца”. Газазваршчык Гапанчук Уладзімір Фёдаравіч. За ім – усе зварачныя работы, а іх, паверце, хапае. Няважна, дзе даводзіцца варыць – у майстэрні ці ў полі, – Уладзімір Фёдаравіч усё робіць прафесійна, якасна і, што нямалаважна, надзейна.
Надрукавана ў №42 ад 31.05.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *