Заготовки в Шумилино. Чернику принимают по 25 тысяч за килограмм

Новости

Ад ягадаў і грыбоў

Ліпень –  макушка лета, разгар усіх летніх спраў. Школьнікі і адпускнікі з задавальненнем адпачываюць, выпускнікі паступаюць, а ягаднікі і грыбнікі пайшлі ў лес. Колькі ж у іх тут работы! Чарніцы паспелі, маліны, лісічкі выскачылі… Назбіралі цэлыя вёдры, а куды дзяваць, калі ў вас не тры кілаграмы і не пяць? Нехта вязе на рынак, стаіць там дзень, пакуль не прадасць, а іншы нясе лясное дабро ў нарыхтоўчы пункт, вызваляе рукі, а сам зноў у лес.

У аддзеле нарыхтовак райспажыўтаварыства паведамілі, што могуць прыняць неабмежаваную колькасць ягад. Начальнік аддзела Юрый Глаўдзель расказаў, што нарыхтоўчыя пункты ўжо працуюць у Шуміліне і Обалі, а таксама ў ягадных вёсках Мікалаёва, Лоўша, Сураўні, Казьяны, Крывое Сяло. Зараз людзі пераважна здаюць чарніцы. У Казьянах, напрыклад, якія лідзіруюць у ягадным марафоне, за дзень прымаюць да 300 кілаграмаў. Як і раней, канкурыруюць з райспажыўтаварыствам камерсанты. Юрый Алегавіч адзначае, што змагацца за пакупніка эфектыўна толькі з дапамогай цаны. Так, камерсанты зараз за 1 кілаграм чарніц даюць 22 тысячы, а райпо – 25, ды ў дадатак бяруць неперабраныя ягады. Таму сёння ягаднікі нясуць свае вёдры ў райпо. Ну а спажыўтаварыства сартуе ягады і накіроўвае ў Віцебск, у прыватнасці, на Смаленскі рынак.

Апроч чарніц нарыхтоўчыя пункты прымаюць парэчкі (белыя, чырвоныя, чорныя), вішню, маліну, дурніцы, грыбы. Пазней наступіць сезон яблыкаў. Двое штатных нарыхтоўшчыкаў працуюць у Шуміліне і Обалі. Ёсць і няштатныя нарыхтоўшчыкі, з якімі райпо заключае дагаворы. Праявіла сябе, напрыклад, у гэтай ролі Лідія Пацябенька з Чэрчыцаў, якая прымала ў аднавяскоўцаў і жыхароў бліжэйшых вёсак дары лясоў і садоў. Усё ў яе атрымалася, так што, калі ў вас ёсць жаданне, можаце паспрабаваць.

… Да кароў і бычкоў

Шумілінскае райспажыўтаварыства, паведаміў Ю. А. Глаўдзель, мае магчымасць закупіць у насельніцтва буйную рагатую жывёлу. Грошы, запэўніў ён, аддадуць адразу без прамаруджвання. Так што, калі вам зарплату выдалі бычкамі, можаце памяняць іх у райпо на грошы.

І што важна, аўтатранспарт райспажыўтаварыства прадастаўляе бясплатна. Не забудзьце толькі даведкі з сельвыканкама і ад ветслужбы.

1 кілаграм (жывой вагі) ўкормленай жывёлы каштуе 14 844 рублі;

1 кілаграм жывёлы сярэдняй укормленасці каштуе 11 591 рубель;

1 кілаграм жывёлы укормленасці ніжэй за сярэднюю каштуе 7 245 рублёў;

1 кілаграм схуднелай жывёлы каштуе 4 605 рублёў.

Аліна ПЯТРОВА.

Надрукавана ў № 69 за 21 ліпеня.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *