Заготовка кормов в Шумилинском районе

Актуалии Сельское хозяйство

Нарыхтоўка кармоў

Першы ўкос у другі перарос

Галоўнае ў нарыхтоўцы кармоў – гэта добрае надвор’е,  надзейная тэхніка, а таксама аператыўнасць, упэўнены дырэктар УП Шумілінскі райаграсэрвіс” У. В. Касьянаў.  Калі “нябесная канцылярыя” сёлета не парадавала дажджамі, і травы выраслі не вельмі добрыя, то з людзьмі пашанцавала, упэўнены Уладзімір Віктаравіч. У кормаатрад падабраліся надзейныя і вопытныя механізатары.

На палетках гаспадаркі працуюць два кормаўборачныя камбайны і тры касілкі, восем трактароў і машын на адвозцы. Але ўсё роўна гэтай тэхнікі малавата, каб справіцца з касавіцай аператыўна. “У раёне па ініцыятыве старшыні райвыканкама быў створаны дадатковы кормаатрад, – расказаў Уладзімір Віктаравіч. – У яго ўваходзіла тэхніка прадпрыемства меліярацыйных сістэм, камунгасу, ДРБУ-204. Памочнікі, трэба адзначыць, працавалі добра і падцягнулі нас па тэмпах. Уласныя тры касілкі мы ў гэты час адправілі на падкошванне пашаў”.

Неўпрыкмет першы ўкос перарос у другі. Праўда, травы слабаватыя, але ж і іх трэба ўбіраць. Разам з дырэктарам райаграсэрвісу мы пабывалі на палетках за вёскай Губіца. Тут працавалі два кормаўборачныя камбайны: адзін з іх падбіраў падвяленую масу, а другі працаваў напрамую.  Кіраўнік гаспадаркі вельмі хваліў за добрую работу механізатара Аляксандра Філіпенку (на здымку), прозвішча якога занесена на Дошку гонару прадпрыемства.

Механізатар расказаў пра нормы перавозкі, пра расцэнкі. А ў пацвярджэнне гэтага дастаў з кабіны папку “Нарыхтоўкі кармоў” – эканамісты падрыхтавалі для кожнага механізатара. Пры жаданні яны могуць кожны дзень самастойна падлічваць, колькі зарабілі грошай.

Практычна ўсе механізатары райаграсэрвісу на корманарыхтоўцы перавыконваюць даведзены план. Аляксандр Філіпенка, напрыклад, з Губіцы да фермы Добрына, дзе на той час закладвалі траншэю, за дзень перавозіў да ста тон зялёнай масы – перавыконваў даведзеную норму разы ў чатыры. Увогуле ў гаспадарцы закладзены чатыры сянажныя траншэі. Самая вялікая з іх, ля фермы ў Светласельскім, змяшчае больш за пяць тысяч тон корму. Даведзены план нарыхтоўкі сенажу – 14 тысяч тон – выканаюць, упэўнены ў гаспадарцы, бо ў траншэях ужо амаль 11 тысяч тон зялёнай масы.

Ларыса КІСЯЛЁВА.

Надрукавана № 56 за 21 ліпеня.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *