У Беларусі пачынаецца збор подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты на пасаду Прэзідэнта

Тема недели

У Беларусі створаны 153 тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі

Аб гэтым 22 ліпеня ў спецыяльным відэазвароце, урывак з якога быў паказаны ў эфіры навін тэлеканала «Беларусь 1», заявіла старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына.

«Створаны тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі ў асноўных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінках. Так, створана 153 тэрытарыяльныя камісіі: раённыя, гарадскія, раённыя ў гарадах, абласныя, Мінская гарадская тэрытарыяльныя камісіі», — сказала кіраўнік Цэнтрвыбаркама.

Лідзія Ярмошына звярнула ўвагу, што тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі будуць працаваць кожны рабочы дзень да 19.00, а ў суботу — з 10.00 да 14.00. «Выбаршчыкі, у якіх ёсць пытанні, заўвагі, скаргі наконт работы ініцыятыўных груп, а таксама асобы, якія вылучаюцца кандыдатамі ў Прэзідэнты, маюць права звяртацца ў тэрытарыяльныя камісіі ў названы рабочы час і выказваць свае прэтэнзіі, прапановы і заўвагі», — адзначыла кіраўнік ЦВК.

Ярмошына: скаргаў ад будучых патэнцыяльных кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі ў ЦВК Беларусі не паступала

«Выбарчая кампанія праходзіць арганізавана. Скаргаў ад будучых патэнцыяльных кандыдатаў і членаў іх ініцыятыўных груп у Цэнтральную камісію не паступала. Гэта значыць, што ўсе нормы закона, усе асноўныя правы і гарантыі, якія беларускае нацыянальнае выбарчае заканадаўства прадастаўляе патэнцыяльным кандыдатам у прэзідэнты выконваюцца», — заявіла старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына.

Пачаў працаваць інфармацыйны рэсурс да выбараў Прэзідэнта Беларусі

Пачаў працаваць інфармацыйны рэсурс ВЫБАРЫ-2015 (vybory2015.by), дзе будуць асвятляцца важнейшыя падзеі кампаніі па выбарах Прэзідэнта Беларусі ў 2015 годзе. Адпаведнае паведамленне размешчана на сайце Цэнтрвыбаркама.

На рэсурсе можна знайсці інфармацыю аб ініцыятыўных групах, дапушчаных да ўдзелу ў зборы подпісаў (іх зарэгістравана восем), а таксама аб іх каардынатарах па рэгіёнах. Апублікаваны апошнія навіны са сродкаў масавай інфармацыі, якія непасрэдна датычацца выбараў.

Як растлумачыў карэспандэнту БЕЛТА сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік, чакаецца, што ў перспектыве на сайце будуць і далей размяшчацца найбольш важныя паведамленні па электаральнай тэматыцы. Такім чынам, карыстальнікі змогуць пры неабходнасці на адным рэсурсе азнаёміцца з мінулымі і будучымі падзеямі ў гэтай сферы. Цяпер на сайце ВЫБАРЫ-2015 можна знайсці зварот кіраўніка Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіі Ярмошынай.

Цэнтрвыбаркам адзначае высокую актыўнасць СМІ ў асвятленні выбарчай кампаніі

Аб гэтым 22 ліпеня ў Гродне журналістам паведаміў сакратар Цэнтрвыбаркама Беларусі Мікалай Лазавік, які правёў семінар-вучобу для прадстаўнікоў тэрытарыяльных камісій вобласці.

Мікалай Лазавік падкрэсліў, што на гэты раз кампанія па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў мае свае асаблівасці. Такой можна назваць асаблівае інфармацыйнае асяроддзе. «Сродкі масавай інфармацыі праяўляюць больш высокую актыўнасць па асвятленні ўсіх тэм, звязаных з падрыхтоўкай і правядзеннем выбараў. Гэта тэндэнцыя прасочваецца пачынаючы з самых першых этапаў выбарчай кампаніі», — паведаміў ён.

Гэта адна з умоў, якая дасць магчымасць забяспечыць максімальную галоснасць выбараў. На гэта сакратар ЦВК нацэліў і прадстаўнікоў абласной і раённых камісій. «Усе этапы выбараў павінны прайсці максімальна адкрыта, гэта датычыцца і правядзення пасяджэнняў камісій. Усім, хто згодна з законам мае права на іх прысутнічаць, павінна быць прадастаўлена магчымасць выступіць, выказаць сваё меркаванне», — падкрэсліў ён.

Асаблівасцямі гэтай выбарчай кампаніі з’яўляецца таксама наяўнасць змяненняў у выбарчым заканадаўстве.

Сярод асноўных — змяненне парадку фінансавання перадвыбарнай кампаніі, кандыдаты ў прэзідэнты будуць фінансаваць расходы за кошт сваіх фондаў. Для гэтага гранічны памер выбарчага фонду кандыдата павялічваецца ў тры разы з 3 тыс. да 9 тыс. базавых велічынь. Фонд можа фарміравацца ўжо з моманту рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, паведаміў сакратар ЦВК.

Будзе значна павышана інфарматыўнасць для выбаршчыкаў. Лістоўку з максімальнымі звесткамі аб кандыдатах у прэзідэнты кожны выбаршчык убачыць у сваёй паштовай скрыні.

Заканадаўства таксама забараняе агітацыю, накіраваную на байкот або зрыў выбараў. «Дзяржава траціць вялікія сродкі на правядзенне выбарчай кампаніі, кандыдатам прадстаўлена права выступленняў у розных СМІ і на сходах, і гэта няправільна, калі такая магчымасць выкарыстоўваецца для агітацыі за зрыў важнага мерапрыемства», — растлумачыў сакратар ЦВК.

Ён падкрэсліў, што ўсе змяненні ў заканадаўстве накіраваны на стварэнне больш спрыяльных умоў для саміх кандыдатаў і для выбаршчыкаў.

Мікалай Лазавік таксама адзначыў, што галоўным патрабаваннем да прадстаўнікоў тэрытарыяльных і ўчастковых камісій па выбарах Прэзідэнта застаецца дзеянне строга ў рамках выбарчага заканадаўства.

Выбары Прэзідэнта Беларусі пройдуць 11 кастрычніка 2015 года.