На Илью до обеда – лето, а после обеда – осень

Актуалии

Ілля блізка: гніся нізка, уставай раненька ды жні дапазненька
З дзяцінства помню, што нам, малым, бабуля забараняла купацца ў рэчцы пасля народнага свята Ілля, якое адзначаюць 2 жніўня. Будучы веруючай, жанчына строга прытрымлівалася старадаўняга павер’я: Ілля ўкінуў у ваду льдзіну.  Ніводны з нашай вясковай дзетвары не вельмі і верыў у гэта. Мы днямі знаходзі-ліся на рэчцы і ўпотай ад бабулі ўсё роўна купаліся.
У пачатку жніўня святкаваліся зажынкі, таму ў народзе гаварылі: Ілля жніво пачынае, а лета канчае; Ілля блізка: гніся нізка, уставай раненька ды жні дапазненька; пытае Ілля: ці гатова ралля.
Ілля – апякун земляробства і абаронца ад нячыстай сілы. Менавіта пасля  гэтага свята пачынаўся сезон дажджоў.  Так званыя рабінавыя ночы ў жніўні, калі бясконца бліскаюць маланкі, прыходзяцца менавіта на гэты перыяд. Але вяскоўцы такую непагадзь тлумачылі па-свойму.  “Калі моцная маланка з громам і дажджом – гэта значыць, што Ілля (ён жа Пярун) ездзіць  па небе на калясніцы і кідае маланкі ў нячыстых”, – расказвала бабуля. Прызнацца, пасля такіх аповедаў мы баяліся маланак і заўсёды хаваліся ў хату ці пуню – перачакаць навалу. Бо, згодна з легендай, што расказвалі ў вёсцы, Пярун мог ператварыць у любога звера.
Вядома, што ў дарослым жыцці не верыцца ў гэтыя народныя легенды, тым не менш, пра іх заўсёды ўзгадваеш на свята Іллі. Вельмі шкада, што дні становяцца ўсё карацейшымі і лета ідзе на скон. Недарэмна кажуць: на Іллю да абеда – лета, а пасля абеда – восень.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №59 ад 30.07.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *