Шумилинские юноши проходят службу в рядах Вооружённых Сил

Актуалии Молодёжь

Жыццё па статуту
Абараняць Айчыну заўсёды было пачэсна і ганарова. Кожным новым прызывам войскі папаўняюцца і шумілінскімі хлопцамі, прычым камандаванне вайсковых часцей адзначае, што праблем з нашымі землякамі не ўзнікае, а многія пасля заканчэння тэрміновай службы застаюцца ў арміі на кантракце.
Карэспандэнт раённай газеты разам з намеснікам ваеннага камісара раёна маёрам Юрыем Бабічавым наведаў вайсковую часць 5524 унутраных войск Міністэрства унутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Вайсковая часць размешчана ў Віцебску. “У нас служаць два хлопца з Шумілінскага раёна – тэрміновую службу праходзіць старшына Віталь Аляксееў і служыць па кантракце сяржант Дзмітрый Ярыга, — расказвае начальнік службы выхаваўчай работы часці Аляксандр Ус. – Дысцыплінаваныя, патрабавальныя, ініцыятыўныя, а саслужыўцы адзначаюць іх аўтарытэт і  надзейнасць.”
Дзмітрый Ярыга  і Віталь Аляксееў (на здымку) прыкладна аднаго ўзросту, у Віталя ў наступным месяцы – «дэмбель», а Дзмітрый усяго паўгода служыць на кантракце. Да арміі яны працавалі ў арганізацыях і прадпрыемствах нашага раёна (адзін – у “Шумілінскім райаграсэрвісе”, другі  – у “Ханзе-Хольц”), абодва самі папрасіліся служыць ва ўнутраныя войскі.
Віталь і Дзмітрый упэўнены, што армія – гэта такое ж звычайнае жыццё, толькі па статуту. “За час службы было ўсё, зразумела, было і тое, што цяпер успамінаецца з гумарам, — смяюцца хлопцы. – Памятаю, аднойчы заснуў падчас тэарэтычных заняткаў… Пасля аднаго такога сну больш спаць на занятках ужо не хацелася…” Дарэчы, армія для Дзмітрыя сапраўды стала знакавай: падчас патрулявання па горадзе нарад завітаў на адну з гарадскіх дыскатэк, на якой салдат пазнаёміўся з дзяўчынай і закахаўся.
Канечне, першыя два-тры месяцы ў арміі хлопцам было даволі складана прызвычаіцца да жыцця па статуту. Пад’ёмы штодзень а шостай гадзіне, фізічныя нагрузкі, асабліва цяжка даваліся тэарэтычныя заняткі, на якіх разглядаліся розныя юрыдычныя нюансы. Ды і па роднаму дому сумавалі…
Адметнымі сталі дні, калі юнакі прымалі прысягу. Гэта не толькі атмасфера ўрачыстасці, а і першая магчымасць пабачыцца з роднымі. Гэта потым ужо стала, што два разы ў месяц абавязкова даюць звальненне.
У вайсковай часці два падраздзяленні: адно займаецца разам з супрацоўнікамі міліцыі патруляваннем па горадзе, другое – канваіраваннем зняволеных. У кожным – свая спецыфіка, свая адметнасць. Дзмітрый Ярыга тэрміновую службу праходзіў у падраздзяленні патрулявання. Як сам адзначае, падчас патрулявання бывала ўсякае: і затрыманні, і камічна-анекдатычныя сітуацыі. Віталь Аляксееў адразу трапіў у падраздзяленне канваіравання.
Пад канец тэрміновай службы Дзмітрыю Ярызе прапанавалі службу па кантракце, і хлопец не адмовіўся. “Прызвычаіўся да жыцця па статуту, — адзначае кантрактнік. – Ды і ганарова быць кантрактнікам”.  Праўда, прыйшлося крыху змяніць “спецыяльнасць”: служыць па кантракту ў падраздзяленні канваіравання.
Віталю Аляксееву таксама прапаноўвалі застацца ў арміі, але хлопца цягне дадому. Ён упэўнены, што можна прынесці больш карысці там, хаця і не выключае, што пасля арміі пойдзе ў міліцыю. Тым не менш, ні Віталь, ні Дзмітрый зусім не шкадуюць, што прайшлі школу мужнасці,  яны перакананы, што кожны мужчына павінен прайсці праз гэты жыццёвы горан.
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №49 ад 22.06.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *