В Кривом Селе, Мишковичах и Добее выездной суд лишил нерадивых матерей родительских прав

Общество Семья

Ці людзі яны?
У Крывым Сяле, Мішкавічах і Дабеі прайшлі выязныя судовыя пасяджэнні, на якіх  суд пад старшынствам суддзі Алены Сініцкай разглядаў справы аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў.
Усе тры справы вельмі падобныя, напісаныя нібы пад капірку. Жанчыны прамянялі радасць мацярынства, сямейны дабрабыт, шчасце дзяцей на бутэльку, дрэнныя кампаніі і п’яных сужыцеляў. Яны згубілі нават тое, што, здаецца, прырода дала жанчыне назаўсёды – мацярынскі інстынкт. Падчас судовых пасяджэнняў вялі сябе спакойна, не было слёз, прабачэнняў.  Яны нават не разумеюць, чаму ў іх забралі дзяцей. Маўляў, нармальна жывем. Жыццё, адурманенае алкаголем, для іх стала нормай.
Факты, што прыводзіліся падчас судовых пасяджэнняў, прыводзяць у жах, не паддаюцца разуменню:
калі ў снежні мінулага года забіралі дзетак у І. А. Лысенка з Крывога Сяла, то ў хаце было холадна, не было прадуктаў харчавання. У бальніцы ўрачы канстатавалі ў дзяўчынкі знясіленне;
у С. П. Патапенкі з Мішкавіч дачка паступіла ў раённую гімназію, добра там вучылася. Але на выхадныя і канікулы яна не магла паехаць дамоў, да маці, бо тая бесперапынна піла разам з сужыцелем;
а вось малыя дзеткі з сям’і А. Я. Саф’янавай з Амбросавіч часта заставаліся дома адны. Маці іх кідала на дзень, на тыдзень – пакуль спрабавала ўладкаваць сваё асабістае жыццё ці то ў райцэнтры, ці то ў Віцебскім раёне, ці то яшчэ дзе.
Дзяцей змясцілі ў прытулак, а дарослыя атрымалі тэрмін у шэсць месяцаў, каб змяніць сітуацыю ў сям’і да лепшага, навесці парадак у доме, уладкавацца на працу, кінуць піць.
Што  змянілася ў іхнім жыцці за паўгода без дзетак?  Нічога. Як пілі, так і працягвалі піць – без малых гэта нават прасцей. Праўда, за дзень-два да суда некаторыя асобы закадзіраваліся. Пэўна, палічылі, што пасля гэтага адразу выправіліся?! З працай тыя ж праблемы: ці ўвогуле не працуюць, а калі і ўладкаваныя на работу, дык  прагульваюць. А можа у хатах навялі парадак, чакаюць вяртання малых? Ды дзе там – у іх іншыя клопаты…
Рашэнне суда пра пазбаўленне іх бацькоўскіх правоў  жанчыны ўспрынялі раўнадушна, быццам яно і не іх тычыцца. Нават дзікі звер за сваё дзіця змагаецца, абараняе яго. А тут людзі…  Ці засталося ў іх нешта чалавечае, акрамя аблічча?
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №60 ад 04.08.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *