Мікалаеўскі сельсавет 18 красавіка адзначыў 65 год. У адміністрацыйным будынку сельвыканкама прайшло свята «Юбілей – не проста дата, юбілей – вынік працы!»
Вядучыя расказалі пра гісторыю Мікалаеўскага сельсавета, герояў Вялікай Айчыннай вайны, знакамітых людзей.
Галоўны спецыяліст раённага Савета дэпутатаў Таццяна Шчарбакова павіншавала землякоў са святам і пажадала дабрабыту. Ад раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў яна ўручыла Падзячны ліст старшыні сельвыканкама Уладзіміру Сядлоўскаму.
Старшыня сельвыканкама расказаў пра здабыткі, сённяшняе жыццё сельсавета, адзначыў, што самыя працавітыя людзі жывуць на Мікалаеўшчыне. Ветэранам працы, якія раней працавалі ў сельсавеце – Марыі Разумавай, Веры Шаўнёвай, Марыі Кралько – уручыў граматы сельскага Савета дэпутатаў за шматгадовую плённую працу.
На свяце былі ўручаны дыпломы і падарункі вяскоўцам, прозвішчы якіх занесены на Дошку гонару Мікалаеўскага сельскага выканаўчага камітэта.
Свята атрымалася па-дамашняму цёплым і добрым, работнікі раённага цэнтра культуры аздобілі яго шчырымі песнямі.













