Полвека творческой деятельности отметила руководитель народного фольклорного коллектива «Гульбичи» Лариса Циркунова

Грамадства Культура

Директор районного центра культуры Марина Прохорова поздравляет Ларису Циркунову.

«50 год, як адно імгненне»

Кіраўнік фальклорнага калектыву «Гульбічы» Ларыса Цыркунова адзначыла 50-годдзе творчай дзейнасці.

Вечар-партрэт «50 год, як адно імгненне», які быў арганізаваны з гэтай нагоды, пачаўся з успамінаў. У 70-я гады мінулага стагоддзя Ларыса Цыркунова прыехала працаваць у наш раён пасля заканчэння Магілёўскага культасветвучылішча. Рэжысёр народнага тэатра Генадзь Ганчароў прапанаваў ёй паўдзельнічаць у спектаклі «Вяселле на Шуміліншчыне». Ларыса актыўна ўключылася ў работу па зборы абрадаў, песень, традыцый нашага краю. Вынікам карпатлівай працы стаў фальклорны спектакль у дзвюх дзеях: «Вяселле ў жаніха» і «Вяселле ў нявесты».

З гэтага часу Ларыса Іванаўна літаральна ўлюбілася ў фальклор Шуміліншчыны, пачала яго збіраць і актыўна прапагандаваць. Праз некаторы час з’явіліся новыя пастаноўкі – «Каляды», «Як кум да кумы заляцаўся», «Спара-дзіла Чачотачка сямёра дачок» і іншыя.

Пасля ўхода Генадзя Ганчарова, Ларыса Цыркунова з калектывам працягвае працаваць на прынцыпах фальклорнага тэатра. У 1994 годзе «Гульбічы» атрымліваюць званне «народны».  Калектыў радуе гледачоў і сёння.  Яго рэпертуар багаты і разнастайны. Фальклорныя кампазіцыі «На прызьбе», «Кірмашовыя замалёўкі», «Было ў цешчы сямёра зяцёў», «Мамачка, прыйшоў Сярожа» добра ведаюць і любяць гледачы. «Гульбічы» па праву можна назваць адной з культурных візітак Шуміліншчыны, калектыў паспяхова выступаў на сцэнах Расіі, Польшчы, Літвы і Латвіі.

Зразумела, гэта поспех не толькі кіраўніка Ларысы Цыркуновай, акампаніятара Анатоля Міхеева, балетмайстра Святланы Дземідзенкі, а і ўсяго калектыву. Відавочна, што вечар не мог прайсці без іх удзелу.  «Гульбічы»  падарылі імправізаваныя прыпеўкі, Анатоль Міхееў – аўтарскую пераапрацоўку песні. Наогул, песень на вечарыне было шмат.

Кожны, хто віншаваў Ларысу Іванаўну, рабіў гэта творча , з агеньчыкам, кожнае слова было шчырым. Многім Ларыса Іванаўна дала пуцёўку ў творчасць, заразіла інтарэсам да фальклору. Дырэктар Раённага цэнтра культуры Марына Прохарава выказала юбіляру цёплыя словы-віншаванні, пажадала творчага даўгалецця: «Вы патрэбны і  гледачу, і нам, работнікам культуры. Такую любоў і прызнанне заслужыць вельмі няпроста. Дзякуй вам, Ларыса Іванаўна, за вашу творчасць, за ваша майстэрства, за вашу чалавечнасць».

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *