Президиум Шумилинского районного Совета депутатов рассмотрел состояние электросвязи в районе

Общество Президент

Сацыяльныя стандарты па электрасувязі выконваюцца
Тэма “Аб рэалізацыі ў раёне сацыяльных стандартаў у вобласці электрычнай сувязі” была абмеркавана на апошнім пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў. З дакладам выступіў начальнік Шумілінскага раённага вузла электрасувязі Ю. Р. Маскалькоў.
У сферы электрычнай сувязі вызначаны тры асноўныя нарматывы дзяржаўных сацыяльных стандартаў па абслугоўванні насельніцтва: тэрмін задавальнення заявы на ўстаноўку тэлефона (не больш аднаго года з моманту падачы заявы), забеспячэнне магчымасці аказання паслуг шырокапалоснага доступу ў Інтэрнэт (у кожным населеным пункце з насельніцтвам больш за 1,5 тыс. жыхароў), тэлефанізацыя ўстаноў аховы здароўя, у тым ліку ў аграгарадках.  Па словах Юрыя Маскалькова, на 1 ліпеня на тэрыторыі Шумілінскага раёна ўсе тры паказчыкі фактычна выкананы на 100%.
Так, у перыяд з 2011 года па 2014 год задаволена 1607 заяў на ўстаноўку тэлефона, за 6 месяцаў гэтага года  – 144 заявы. Усяго ў раёне ўстаноўлена 9213 тэлефонаў, з іх 5351 гарадскі і 3862 сельскія. У фізічных асоб устаноўлена 7991 тэлефонны апарат, з іх гарадскіх – 4536, сельскіх  3428. У маланаселеных і аддаленых ад АТС вёсках арганізавана сувязь WLL. Колькасць такіх абанентаў склала 686, з іх 613 фізічных асоб.
Па стану на 1 ліпеня ў раёне незадаволены 42 заявы на ўстаноўку тэлефона. Як запэўніў начальнік РВЭС, згодна з планам работ на 2015 год усе заявы будуць выкананы ў вызначаныя нарматыўныя тэрміны.
Дзякуючы правядзенню мадэрнізацыі, у прыватнасці, будаўніцтву валаконна-аптычнай лініі сувязі і арганізацыі вузлоў перадачы дадзеных у гарадскіх і сельскіх АТС, у раёне забяспечана выкананне сацыяльнага стандарта па аказанні паслуг шырокадаступнага доступу ў Інтэрнэт. Прычым, не толькі ў населеных пунктах з колькасцю жыхароў больш 1,5 тыс. чалавек, як гэта патрабуюць стандарты. Жыхары 20 населеных пунктаў раёна, праінфармаваў Юрый Рыгоравіч, з колькасцю больш за 200 чалавек маюць магчымасць выхаду ў Інтэрнэт. Адпаведна, такім абанентам прадастаўлена магчымасць карыстацца паслугамі Інтэрнэт (byfly) і інтэрактыўнага тэлебачання (ZALA).
На сённяшні дзень у раёне 4364 чалавекі – абаненты па доступу ў Інтэрнэт.
Што тычыцца тэлефанізацыі ўстаноў аховы здароўя, Юрый Рыгоравіч Маскалькоў адзначыў: у раёне 21 лячэбна-прафілактычная ўстанова, усе яны на 100% забяспечаны стацыянарнай сувяззю. Для паляпшэння якасці абслугоўвання насельніцтва забяспечана тэлефанізацыя ўсіх аптэк.
Сувязісты працягваюць работы, накіраваныя на павышэнне якасці сувязі. Па словах начальніка РВЭС, за 1 паўгоддзе чатыры АТСК (састарэлыя станцыі каардынатнага тыпу) ў вёсках Добрына,  Пабеда, Вялікія Ляжні,  Дабея пераключаны на ІМS-тэхналогію. Зараз вядуцца работы па замене АТСК у Сіроціне, што дазволіць істотна палепшыць якасць прадастаўляемых паслуг.
Члены прэзідыума абмеркавалі выступленне, атрымалі адказы на некаторыя пытанні, якія тычацца тэлефоннай сувязі, выдання новага тэлефоннага даведніка і прадастаўлення паслуг ZALA і byfly.
Па абмяркоўваемаму пытанню была прынята адпаведная пастанова.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №60 ад 04.08.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *