Об Обольском керамическом и семейных династиях Шелкуновых и Аксёновых

Экономика

Такарству  навучыў  бацька
З 1998 года Сяргей Шалкуноў працуе токарам на Обальскім керамічным заводзе.  Сяргей нешматслоўны. Як сам адзначыў,  лепш яму за станком працаваць, чым гаварыць.
“Спецыяльна на токара нідзе не вучыўся, – расказвае хлопец. – Навучыў усяму бацька, які шмат год адпрацаваў токарам на керамічным”. Працы у токараў ОКЗ пастаянна хапае: абсталяванне не новае, часта псуецца, вось і прыходзіцца ім выточваць розныя дэталі. “Стандартныя ўменні не заўсёды падыходзяць у нашай справе, – усміхаецца  Сяргей. – Часам, каб правільна зрабіць нейкую дэталь, прыходзіцца і галаву паламаць”.
Сёння на Обальскім керамічным ідзе мадэрнізацыя. Сяргей Шалкуноў упэўнены, што і тут спатрэбяцца яго прафесійныя навыкі: будзе ўдзельнічаць ва ўстаноўцы новага абсталявання, якое прывезлі з Грэцыі і Украіны.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.

За што перажываюць Аксёнавы?
Работа на Обальскім керамічным заводзе стала для А. У. Аксёнава сямейнай справай. Тут калісьці працавалі маці і бацька, адсюль пайшла на пенсію жонка, тут працуе і сам Аляксандр Уладзіміравіч.
А. У. Аксёнаў – старшы майстар па механічнаму абсталяванню. Падчас нашага наведвання завода ён кіраваў работамі па дэмантажы старога абсталявання. “У нашым цэху працягваецца рэканструкцыя, – расказаў Аляксандр Уладзіміравіч. – Рыхтуем сушылку для ўстаноўкі новага абсталявання”.
А. У. Аксёнаў, які працуе на керамічным заводзе больш за трыццаць гадоў, душой і сэрцам перажывае за прадпрыемства і вытворчасць. Прыйшоў сюды юнаком, працаваў аператарам на вежава-размеркавальнай сушылцы, дзе рабілі парашок для фармоўкі цэглы. Затым кіраваў брыгадай слесараў, так што кожны цэх завода, яго абсталяванне ведае вельмі добра. І за рэканструкцыяй завода Аксёнавы сочаць усёй сям’ёй. Вельмі хочуць, каб керамічны завод зноў набыў былую славу на айчынным і міжнародным рынку.
Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў № 61 ад 07.08.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *