Алексей Кривко, руководитель Шумилинской ПМК-70: «Главный фактор — это достойные зароботки»

Актуалии Экономика

Прадпрыемства развіваецца, ёсць перспектывы
У нядзелю сваё прафесійнае свята адзначаюць прадстаўнікі адной з самых мірных і стваральных прафесій – будаўнікі. Буйнейшае будаўнічае прадпрыемства нашага раёна – ДКУБП “Шумілінская ПМК-70”. Сіламі шумілінскіх будаўнікоў узводзяцца аб’екты не толькі на тэрыторыі нашага раёна, але і за яго межамі. Напярэдадні прафесійнага свята размаўляем з кіраўніком Шумілінскай ПМК-70 Аляксеем  Крыўко.
– Аляксей Юр’евіч, Шумілінская ПМК-70 – адно з самых стабільных прадпрыемстваў раёна, якое некалькі гадоў запар выконвае планавыя паказчыкі.  Нават цяпер, калі многія скардзяцца на крызіс, прадпрыемства працуе і набірае рабочых. Як вам ўдаецца забяспечыць, як кажуць, “фронт работ”, сфарміраваць партфель заказаў для прадпрыемства?
– Нават у самых складаных умовах будаўніцтва не спыняецца, трэба пастаянна адсочваць будаўнічыя праекты і планы, імкнуцца атрымаць іх рэалізацыю для сябе. Каб работа была пастаянна, мы не адмаўляемся ад любых прапаноў, удзельнічаем у тэндэрах на будаўнічыя работы. У мінулым годзе рыхтавалі да “Дажынак” Гарадок, працягваем працаваць у Гарадку і сёлета, працуем у Наваполацку і Чашніках, не абыходзім Сянно і Лужасна. Работа ёсць, але трэба яе знайсці, даказаць, што можам зрабіць лепш, чым іншыя.
У нашым раёне завяршаем будаўніцтва 32-кватэрнага дома ў Шуміліне, капрамонт дома ў Обалі, працавалі на тэлевышцы ў Мішневічах, працягваем рэканструкцыю фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў райцэнтры. Працуем на фермах ў Светласельскім і Кардоне.
– У мінулым годзе адзначаўся пэўны дэфіцыт кваліфікаваных будаўнікоў, была цякучка кадраў. Як складваецца сітуацыя сёлета?
– Сёлета на рынку працы наймальніку добра – можна нават выбіраць лепшых работнікаў. Многія будаўнікі вярнуліся з Расіі. Ды і за сваё працоўнае месца спецыялісты і рабочыя трымаюцца. Галоўны фактар – гэта прыстойныя заробкі. У нас ёсць аб’ёмы работ, у параўнанні з мінулым годам мы павялічылі колькасць работнікаў прыкладна на 60 чалавек. Спецыялістаў рабочых прафесій для сябе рыхтуем непасрэдна на прадпрыемстве, на вытворчасці.
– Нават ў складаных умовах вы заўсёды знаходзілі сродкі для новага абсталявання, мадэрнізацыі. Як складваюцца справы сёлета?
– Без інвестыцый немагчыма развіццё прадпрыемства. У мінулым годзе мы набылі шчападрабільную ўстаноўку “Беларус МР-40-01”. Дарэчы, гэта ўжо прыносіць прадпрыемству дадатковыя валютныя даходы: у мінулым годзе мы прадалі ў Польшчу, Эстонію, Літву амаль тысячу кубаметраў шчапы, сёлета за шэсць месяцаў экспартавалі ў Польшчу і Літву больш за дзве тысячы кубаметраў шчапы.
Сёлета набылі па лізінгу аўтобус МАЗ, які быў вельмі патрэбны для дастаўкі рабочых на будаўнічыя аб’екты, і фарвардар “Амкадор 2662-01” для лесанарыхтоўчых работ.
Планавалі адкрыць вытворчасць пенаполістырола (уцяпляльніка – рэд.), але з-за няўстойлівай сітуацыі на рынку вырашылі пакуль пачакаць.
Наогул, прадпрыемства развіваецца, ёсць перспектывы. Праца будаў-нікоў заўсёды запатрабаваная. Галоўнае – ёсць зладжаны, высокапрафе-сійны калектыў, якому пад сілу пераадолець усе гэтыя часовыя цяжкасці  і ўпэўнена ісці наперад.
Гутарыў Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.

Аб’ём будаўнічых мантажных работ:
2014 год – Br41,5 мільярда (106,4% да плана)
1 паўгоддзе 2015 г. – Br28,1 мільярда (140,6%)

Выручка на 1 працуючага:
2014 год – Br 265,7 мільёна рублёў (104,1% да плана)
1 п/г 2015 г. – Br 138,2 мільёна

Інвестыцыі ў асноўны капітал
2014 г. – Br2,1 мільярда
1 паўгоддзе 2015 г. – Br3,4 мільярда

Колькасць працуючых
На 1 студзеня 2015 г. – 234 чалавек
На 1 ліпеня 2015 г. – 267 чалавек

Сярэдняя зарплата
2014 год – больш за Br5,7 мільёна
1 п/г 2015 г. – больш за Br6,5 мільёна
Надрукавана ў № 61 ад 07.08.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *