О бытовом обслуживании населения в Шумилинском районе

Общество Экономика

“Наша служба запатрабаваная, і яна будзе жыць”
Дырэктару райбыткамбінату В. П. Бабічаву не сорамна азірнуцца на набыткі прадпрыемства ў гэтым годзе. Так, за студзень-чэрвень рэалізацыя тавараў і паслуг склала ў параўнанні з мінулым годам 105,3%. Немалаважна тое, што рэнтабельнасць плюс 1,4%.  Маленькі, але поспех.
“Па ўзроўні развіцця паслуг можна лічыць аб узроўні развіцця грамадства, – кажа Віктар Паўлавіч. – Наша служба запатрабаваная, і яна ў далейшым будзе жыць і працаваць. Радуе, што ад рэалізацыі тавараў і паслуг за першае паўгоддзе мы атрымалі прыбытак 7 мільёнаў рублёў. За пятнаццаць гадоў, што ўзначальваю КУП БОН,  такі  плюс упершыню. Да яго ішлі рознымі шляхамі: пашыралі віды паслуг, эканомілі электраэнергію, здавалі ў арэнду памяшканне і станкі. Дзякуй, што райвыканкам пайшоў нам насустрач: мы не выплачваем частку грошай, выручаных ад арэнды, у даход раённага бюджэту. За кошт гэтых грошай папаўняем абаротныя сродкі. Увогуле ад арэнды маем за месяц каля 30 мільёнаў рублёў выручкі”.
За студзень-ліпень бягучага года райбыткамбінат аказаў паслуг насельніцтву на 824,4 мільёна рублёў, арганізацыям раёна – больш як на 1,6 мільярда рублёў.
Што тычыцца сельскіх комплексных прыёмных пунктаў, то лепш за ўсіх спрацавалі сёлета ў Сураўнях: выручка ад паслуг і продажы тавараў склала на 27% больш, чым у мінулым годзе.
Рабочыя райбыткамбінату практычна ўсё лета выраблялі яшчэ і бетонную агароджу. “Сваімі сіламі на вулі-цы Акуцыёнка ўстанавілі агароджы больш як на дзвесце мільёнаў рублёў, – расказаў Віктар Паўлавіч. – Ёсць і яшчэ гатовыя пралёты, іх зроблена прыкладна на 80 мільёнаў рублёў”.
У гэтым годзе ў райбыткамбінаце было адкрыта некалькі новых відаў паслуг. Напрыклад, рамантуюць дахі дамоў, а ў сталярным цэху вырабляюць драўляныя рамы для акон. Добры прыбытак прыносіць чыстка падушак. Сёлета ў параўнанні з мінулым годам зарабілі грошай на хімчыстцы ў тры разы больш, адзначае В. П. Бабічаў. У прыватнасці, за паўгоддзе выручылі больш за дваццаць мільёнаў рублёў. Асвоілі і такі новы від паслуг, як добраўпарадкаванне могілак. Не кожны можа самастойна ўстанавіць помнік на магіле сваіх родзічаў ці абкласці вакол магілы пліткай. Вось і звяртаюцца ў райбыткамбінат. У гэтым годзе асабліва многа заказаў было ад расіян, якія прыязджалі на Тройцу на магілы сваіх родзічаў. Больш таго, дырэктар КУП БАНа думае пашырыць паслугі ў гэтым накірунку. У прыватнасці, вывучаюць попыт на выраб металічных агароджаў на могілкі, па рэалізацыі гранітных і мармуровых помнікаў.
Па падліках В. П. Бабічава, за месяц райбыткамбінат зарабляе каля 300 мільёнаў рублёў, а на заробак трэба сто мільёнаў. “Прадпрыемства і жыло б нядрэнна, калі з намі своечасова разлічваліся іншыя арганізацыі, – расказаў Віктар Паўлавіч. –  Сярод нашых даўжнікоў – камунгас, аддзел адукацыі, сельгаспрадпрыемствы. Усяго нам запазычылі 350 мільёнаў рублёў. Калі б аддалі гэтыя грошы, то мы б разлічыліся і з нашым пратэрмінаваным доўгам, які складае 70 мільёнаў рублёў”.
Вядома, КУП БАН усімі сіламі стараецца зарабіць як мага больш грошай. Разам з тым імкнуцца знаходзіць рэзервы – у першую чаргу гэта эканомія паліўных і матэрыяльных рэсурсаў. У прыватнасці, узялі накірунак на эканомію і беражлівасць. Напрыклад, мінулай зімой кацельня працавала на адыходах піларамы. Электралямпачкі замянілі на энергазберагальныя. Электрарухавікі ў кацельні, у сталярным цэху і цэху размолу перавялі на меншую магутнасць. Здаецца, дробязі. А на дрывах зэканомілі 20%, на электраэнергіі  – 10%.
Акрамя таго, бытавікі  ў гэтым годзе працавалі напрамую з пастаўшчыкамі сыравіны. Без пасрэднікаў аказалася значна дзешавей. Дамовіліся і з лясгасам (яму райбыткамбінат здае ў арэнду абсталяванне для заточкі стужкавых піл і аказвае паслугі па грузаперавозках) на пастаўку больш таннай сыравіны для сталярнага цэха. Такім чынам сабекошт дошак, пралётаў агароджы аказаўся меншым. А вясной і летам, трэба адзначыць, гэта прадукцыя карысталася ў вяскоўцаў вялікім попытам.
Служба райбыткамбінату запатрабаваная не толькі ў райцэнтры, але і на вёсцы. Таму КУП БАН мяркуе і надалей працаваць дзеля людзей, на карысць спажыўца.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 62 ад 11.08.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *