Мишневичские школьники летом работают на зернотоку

Актуалии Сельское хозяйство

Зарабляюць на прынтар і абновы
Хтосьці з дзяцей любіць летам купацца, хтосьці пачытаць кнігі ці пасядзець за камп’ютарам,  іншыя – да абеду паспаць. А вось некаторыя мішневіцкія школьнікі і навучэнцы каледжаў уладкаваліся працаваць на зернесушылку мясцовай гаспадаркі.
“Мы ж працуем толькі па шэсць гадзін за дзень, так што на адпачынак і на рэчку таксама хапае часу”, – расказалі Яўген Шніпаў і Арына Сціхіна. Яны вучацца ў каледжы на повараў, а летам вырашылі падзарабіць грошай на абновы.
Трэці сезон запар працуе на зернесушылцы Фёдар Марчук. Хлопец у гэтым годзе закончыў 11 класаў і будзе вучыцца на будаўніка ў адным з віцебскіх каледжаў. Фёдар расказаў, што пасля экзаменаў вырашыў самастойна зарабіць грошай: хадзіў у лес збіраць чарніцы. Але гэта справа не спадабалася: вельмі ж марудна збіраюцца ягады. Тады ўладкаваўся на сушылку. “Тут мужчынская работа, не такая ювелірная, як збор ягад, – усміхаецца хлопец. – Мы шуфлямі варушым зерне, каб хутчэй сохла. Наводзім парадак на зернесушылцы, падмятаем тэрыторыю. Для мяне гэта работа няцяжкая”.
Не ў навінку работа на сушылцы старшакласнікам Мішневіцкай школы Аксане Шакун і Уладзіміру Скраблову. “Зарабіць уласныя грошы – гэта здорава, – кажуць Уладзімір і Аксана. – Можна загадзя планаваць нешта  купіць для сябе”. Трэба адзначыць, што планы ў дзяцей канкрэтныя і рэальныя. Яны мяркуюць патраціць грошы не на чыпсы, а на карысныя пакупкі. Фёдар, напрыклад, марыць купіць каляровы прынтар, а Уладзімір – модную куртку да зімы.
“У гэтым годзе дзеці на зернетаку падабраліся ўсе працавітыя, мы вельмі задаволены іх работай, – расказаў загадчык сушылкі КУСГП “Мішневічы” Уладзімір Кухарэнка. –  Дзесяць хлопцаў і дзяўчат размеркавалі на дзве змены – так зручней. Вельмі добра працуюць у нас Яўген Конышаў, Аляксандр Васільеў, Вадзім Цітоў. Хлопцы не першы год у нас, таму і разумеюць з паўслова, што і калі трэба рабіць. Мяркую, моладзь будзе задаволена заробкам – кожнаму за дзень налічваецца каля ста тысяч рублёў”.
Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў № 62 ад 11.08.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *