Жители улицы Первомайской в Оболи купили детям «Солнышко»

Актуалии Общество

Ад бацькоў – горка з арэлямі
Да нядаўняга часу ля дома № 17 па вуліцы Першамайскай, што ў Обалі, не было дзіцячай пляцоўкі. “Жыхарка нашага дома Раіса Васільеўна Трошчанка, якая выхоўвае ўнучку Карыну, аднойчы прапанавала: “Дзяўчаты, давайце купім для нашых дзяцей  хаця б арэлі з горкай, каб было дзе пагуляць”, – расказала Алена Осіпава. – Прызнацца, стала крыху ніякавата: чаму нам раней не прыйшла ў галаву гэтая ідэя?”
Ініцыятыву стварыць дзіцячую пляцоўку падтрымалі многія, дом жа пяціпавярховы, у многіх сем’ях ёсць малыя дзеці. Сабраць грошы даручылі Алене, бо ёй, як прадаўцу магазіна “Першамайскі”, гэта зрабіць было зручней за ўсё. “Большасць жыхароў нашага дома з разуменнем аднесліся да нашага пачынання і без праблем здавалі па сто тысяч рублёў, – расказала Алена. – Па палове гэтай сумы здавалі нават некаторыя пенсіянеры, унукі якіх тут і не жывуць. Так мы назбіралі 3,6 мільёна рублёў і заказалі праз інтэрнэт дзіцячы гульнявы комплекс “Сонейка-5”.  Устанаўліваць яго дапамагалі жыхары дома Іван Бандарэнка і Уладзімір Осіпаў, а таксама работнікі камунгасу”.
І вось комплекс з горкай, двума відамі арэляў і баскетбольным кольцам нарэшце ўпрыгожвае двор шматпавярхоўкі. На “наваселле” сюды збегліся і дзеці з іншых дамоў, усім было цікава пракаціцца з новай горкі ці пагушкацца на арэлях.
А жыхары дома № 17 думаюць і надалей добраўпарадкоўваць свой двор. Яны звярнуліся ў камунгас з просьбай абгарадзіць дзіцячую пляцоўку і зрабіць побач малыя архітэктурныя формы. “Вядома, мы дапаможам, самі ж зацікаўлены, каб ля шматпавярховых дамоў былі парадак і прыгажосць, – расказаў начальнік падраздзялення “Обальскае” УП ЖКГ А. В. Зянькоў. –  Ужо на наступным тыдні мяркуем зрабіць агароджу, некалькі лавачак, пафарбаваць іх у яркія колеры. Мы заўсёды гатовы падтрымаць добрую ініцыятыву нашых землякоў”.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў № 63 ад 14.08.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *