В «Придвинском» комбайнеры убирают пшеницу

Сельское хозяйство Экономика

Камбайнеры спякоты не баяцца
Прыпар жніва ў гэтым годзе супаў са спякотнымі днямі. На мінулым тыдні, калі мы сустрэліся з механізатарамі ААТ “Прыдзвінскі” сонца з усёй сілы паліла цэлы дзень. “Добра, што пачалі ставіць кандыцыянеры ў камбайны, а так бы за цэлы дзень у кабіне можна і прытомнасць страціць, – усміхаюцца механізатары.  – А з кандыцыянерамі нам ніякая спякота не страшная”.
“Сонечныя расплаўленыя будні нас не пужаюць: не ўпершыню ж, – кажа дырэктар ААТ “Прыдзвінскі” У. І. Дзятлаў. – Нашы людзі да цяжкасцей прывычныя. Паліва хапае – у “Белаграпрамбанку” ўзялі крэдыт на 600 мільёнаў рублёў. Будзем разлічвацца грашыма, выручанымі з продажы зерня новага ўраджаю. Нашы механізатары азнаёмлены з умовамі спаборніцтваў, ведаюць, за што прадугледжаны дадатковыя выплаты. Галоўнае, што механізатары хочуць працаваць, імкнуцца ў час жніва зарабіць грошай”.
Уладзімір Іванавіч папрасіў сфатаграфаваць усіх камбайнераў гаспадаркі. Маўляў, усе працуюць добра. Прычым, механізатары па аднаму на камбайне. І так ужо не першы сезон – прывыклі. Вось толькі Аляксандру Аўчыннікаву ў гэтым годзе пашанцавала: яму на падмогу прыйшоў навучэнец Лепельскага каледжа Максім Кірэеў. Хлопец атрымлівае адразу тры спецыяльнасці: механізатара, вадзіцеля і аўтаслесара. Кажа, што пасля заканчэння вучобы мяркуе працаваць у “Прыдзвінскім”, таму і ўладкаваўся сюды на лета, каб адчуць смак механізатарскага хлеба.
На ўборачнай у гаспадарцы працуюць шэсць камбайнаў. На мінулым тыдні яны шчыравалі па палетках ля Бокішава, дзе  ўбіралі азімую пшаніцу. “Пшаніца вырасла на славу, ураджайнасць даходзіць да 40 цэнтнераў з гектара, –  расказаў камбайнер Андрэй Каваленка. – Колькі працую ў гаспадарцы, такога ўраджаю азімых зерневых не памятаю”. Так, пшаніца чыстая і сухая – любата ўбіраць такую, згаджаюцца з калегам камбайнеры Сяргей Бараноўскі, Ігар Аўчыннікаў, Андрэй Дзягілеў.
Самы малады камбайнер у ААТ “Прыдзвінскі” – Дзмітрый Бязрукаў. Але ён па тэмпах уборкі не саступае сталым і вопытным. Так, у канцы мінулага тыдня на рахунку Дзмітрыя было больш за 600 тон зерня.  А ўвогуле ў ААТ “Прыдзвінскі” намалацілі 2463 тоны, выканалі больш за 60 % плану ўборачнай.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 64 ад 18.08.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *