21 августа — День здорового питания

Здоровье

Каб не дайшло да атлусцення
Так ужо пабудаваны чалавек – любіць усё смачненькае, салодзенькае. А спакусаў так многа! І ўжо даводзіцца рабіць новую дзірачку на рамяні, з’яўляецца задышка пры хуткай хадзьбе і ўсё больш вабіць да сябе канапа. Жыццё здавалася б такім цудоўным, але ж лішняя вага прыводзіць да атлусцення. А атлусценне – гэта артэрыяльная гіпертэнзія, ішэмічная хвароба сэрца, хваробы апорна-рухальнага апарата і многае іншае.
А значыць, самы час паклапаціцца пра сябе і забыць хаця б пра частку гастранамічных прысмакаў, не такіх ужо неабходных на нашым стале.
Існуюць тры асноўныя прычыны, якія часцей за ўсё прыводзяць да атлусцення: рэдкія шчыльныя прыёмы ежы на працягу дня, працяглы дзённы сон пасля ежы, вячэра, якая плаўна пераходзіць у сон.
Каб доўга захаваць ідэальную вагу, моцнае здароўе і добры настрой, рэкамендавана абмежаваць ужыванне некаторых прадуктаў харчавання: саленні і марынады, салодкасці, хлеб і хлебабулачныя вырабы з мукі вышэйшага гатунку, бульбу, тлушчы жывёльнага паходжання, малочныя прадукты з высокім утрыманнем тлушчу, макаронныя вырабы нізкіх гатункаў.
А вось без абмежавання можна і трэба ўжываць гародніну і фрукты ў свежым, тушаным і запечаным выглядзе (за выключэннем бананаў і вінаграду), натуральныя сокі.
Звычка шмат і смачна есці з’яўляецца ў выніку пераядання. І асабліва варта помніць пра гэта матулям, якія ўгаворваюць сваіх малых з’есці яшчэ лыжачку за маму, за тату… Звычка фарміруецца лёгка, без намаганняў, амаль непрыкметна. Каб не давялося рашаць праблему лішняй вагі, завядзіце для сябе наступныя правілы і старайцеся іх прытрымлівацца: есці толькі тады, калі сапраўды хочацца есці; есці павольна, добра перажоўваючы ежу; за 20-30 хвілін да ежы выпіваць шклянку вады. Вазьміце за правіла хадзіць пешшу на работу і з работы. Хаця б 2-3 разы ў тыдзень рабіце прабежкі, пешыя прагулкі ці наведвайце басейн, спартыўную залу.
Калі вы не хочаце верыць сваім адчуванням і працягваеце пераконваць сябе, што гэта рэчы сталі менш, а вы ў ранейшай вазе, то вырашыць гэтую праблему вам дапаможа вызначэнне індэкса масы цела (ІМЦ). Зрабіць гэта проста. Вы павінны ведаць свой рост і вагу. Затым вагу ў кг падзяліць на рост у метрах, узведзены ў квадрат. Напрыклад, ваша вага 70 кг пры росце 160 см (1,6 м), мы атрымліваем 70/2,56=27,3.
ІМЦ 18,5-25 – норма;
25-30 – залішняя вага цела;
30-35 – атлусценне 1 ступені;
35-40 – атлусценне 2 ступені;
звыш 40 – атлусценне 3 ступені.
Калі ваш індэкс масы цела ў норме, працягвайце весці ранейшы лад жыцця. Калі больш – задумайцеся. Калі набліжаецца да 30 і вышэй – звяртайцеся да спецыяліста за дапамогай!
Важна ў час прыняць адзінае правільнае рашэнне – змяніць стыль жыцця і заставацца здаровым! Пакуль не дайшло да атлусцення…
Ася КІМ, урач-педыятр Шумілінскай ЦРБ.
Надрукавана ў № 65 ад 21.08.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *