Шумилино чтит память священномученика Афанасия Прихабского

Духоўнае

У  гонар  святога  Афанасія  Прыхабскага
Штогод 23 жніўня вернікі ўшаноўваюць памяць свяшчэннапакутніка Афанасія Прыхабскага. З 21 па 23 жніўня Шумілінскім праваслаўным духоўным цэнтрам пры падтрымцы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама быў арганізаваны шэраг духоўна-асветніцкіх мерапрыемстваў.
Благачынны цэркваў Шумілінскай акругі протаіерэй Фёдар Пучынскі разам з вернікамі Шуміліншчыны наведаў месцы, дзе ў свой час служыў Афанасій Прыхабскі. У вёсках Хвошна і Рудня Гарадоцкага раёна прайшлі малебны, сустрэчы з мясцовымі жыхарамі.
22 жніўня ў цэнтральнай раённай бібліятэцы ладзілася сустрэча з вернікамі і людзьмі, якія цікавяцца гісторыяй. У ходзе мерапрыемства было прэзентавана духоўна-асветніцкае выданне “Шуміліншчына праваслаўная”, аўтарам якога з’яўляецца Вячаслаў Ільін, дырэктар Шумілінскага праваслаўнага духоўнага цэнтра, а таксама відэафільм, які расказвае пра жыццё і дзейнасць свяшчэннапакутніка. На шматлікія пытанні адказаў іерэй Вадзім Яско. У ходзе сустрэчы нарадзілася ідэя адну з новых вуліц у Шуміліне назваць у гонар святога.
Вядома, што Афанасій Рыгоравіч Кіслоў нарадзіўся ў 1880 годзе ў вёсцы Тараскіна Себежскага ўезда Пскоўскай губерні. У чатыры гады ён застаўся сіратой, і яго выхаваў мясцовы свяшчэннік. Шэсць год, з 1910-га да 1916-га, айцец Афанасій служыў дыяканам у царкве вялікага прыходу ў вёсцы Сіроціна.
Сёння нават цяжка ўявіць, якую духоўную моц трэба было мець, каб, нягледзячы на жорсткія ганенні, якія адчувала на сабе праваслаўная царква, не здрадзіць сабе, сваім перакананням, працягваць верыць і служыць Госпаду. У 1930 годзе з-за ганенняў і яўнай небяспекі для свабоды і жыцця Афанасій Рыгоравіч вымушаны быў вярнуцца на Пскоўшчыну, дзе працягваў служыць свяшчэннікам у сяле Прыхабы. Быў арыштаваны і 23 жніўня (10 жніўня па старым стылі) 1937 года расстраляны.
Вызначэннем Свяшчэннага Сінода ад 6 кастрычніка 2003 года протапрэсвітар Афанасій Кіслоў быў прылічаны Рускай Праваслаўнай Царквой да ліку святых новапакутнікаў і спаведнікаў рускіх. Пры кананізацыі ён атрымаў найменне Прыхабскі па апошнім месцы свайго служэння. У 2009 годзе Свяшчэнным Сінодам Беларускай Праваслаўнай Царквы было прынята рашэнне пра ўключэнне іерэя Афанасія Кіслова ў Сабор беларускіх святых.
23 жніўня вернікі нашага раёна пабывалі на месцы апошняй службы святога, узялі ўдзел у богаслужэннях, а таксама наведалі святыя мясціны Пскоўшчыны.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў № 67 ад 28.08.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *