Успехи и проблемы малого бизнеса в Шумилинском районе

Президент Экономика

Поспехі і праблемы малога бізнесу
На пасяджэнне райвыканкама, якое прайшло ў мінулую пятніцу, было вынесена пытанне «Аб развіцці малога і сярэдняга бізнесу на тэрыторыі раёна і выкананні патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 31 снежня 2010 года №4 “Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь”.

На пасяджэнне былі запрошаны начальнікі ўпраўленняў і аддзелаў райвыканкама, старшыні сельвыканкамаў, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна, раённых службаў, прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнесу. У пасяджэнні браў удзел старшыня камітэта па эканоміцы аблвыканкама С. А. Зароўскі.
Адкрываючы пасяджэнне, выконваючы абавязкі старшыні райвыканкама В. Ц. Мянькоў адзначыў, што прыватны сектар эканомікі адыгрывае ўсё большую ролю ў народнагаспадарчым комплексе раёна. Пастаянна павялічваецца колькасць прыватных прадпрыемстваў, яны даюць 36,5% паступленняў у кансалідаваны бюджэт, на долю прыватнага гандлю прыходзіцца больш за палову ўсяго тавараабароту раёна.
Намеснік старшыні райвыканкама В. В. Доктараў падрабязна прааналізаваў структуру і дзейнасць малога і сярэдняга бізнесу, паказаў уклад прадпрымальнікаў у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна. Так, на 1 студзеня 2015 года колькасць  мікра- і малых прадпрыемстваў склала 134, індывідуальных прадпрымальнікаў – 189 (на 1.01.2011 года – 58 і 202 адпаведна). 23% прыватных прадпрыемстваў працуюць у прамысловасці і будаўніцтве, 7% – у сельскай гаспадарцы, 42% аказваюць транспартныя паслугі, 20%  – гандлёвыя арганізацыі, 7% – у сферы паслуг. У раёне актыўна развіваюцца прадпрыемствы па дрэваапрацоўцы (“ІСКПоіск”, “МВ-17”, “Легна”). З’яўляюцца і новыя напрамкі дзейнасці – развядзенне рыбы, экалагічны турызм.
Віктар Віктаравіч расказаў пра падтрымку прадпрымальніцтва ў раёне, пра патэнцыял для развіцця прыватнага бізнесу на базе пустуючых вытворчых і сацыяльных аб’ектаў.
На пасяджэнні адбылася шчырая размова з актыўным ўдзелам прадпрымальнікаў, С. А. Зароўскага, кіраўніцтва раёна па ўсіх пытаннях, у тым ліку і праблемных, развіцця малога і сярэдняга бізнесу. Так, практычна ўсе бізнесмены адзначалі моцны ўплыў крызісных з’яў у краінах блізкага і далёкага замежжа на развіццё бізнесу ў нашым раёне. Так, зменшыўся попыт на прадукцыю “Вежы” і “Славянскага прадукту”, дрэваапрацоўчых і транспартных прадпрыемстваў, а гэта негатыўна ўплывае і на збор падаткаў і акцызаў, на развіццё прадпрыемстваў. Парадавала тое, што шумілінскія бізнесмены не губляюць аптымізму і шукаюць новыя падыходы для заваявання рынкаў, у тым ліку і замежных.
У прынятым рашэнні вызначаны меры, накіраваныя на развіццё прыватнай ініцыятывы і падтрымку прыватнага бізнесу. Асаблівая ўвага нададзена кантролю за захаваннем заканадаўства, у тым ліку і ў сферы абароны правоў работнікаў прыватных прадпрыемстваў.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў № 68 ад 01.09.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *