В Башнях сказали «да» здоровому образу жизни

Актуалии Здоровье

У Башнях сказалі “так” здароваму ладу жыцця
Цёплы жнівеньскі вечар, добрая песня, прыгожыя маладыя выканаўцы, шмат дзяцей. Такую гарманічную карціну можна было назіраць у апошнюю пятніцу жніўня ў аграгарадку Башні. Тут ладзілася раённая акцыя “Моладзь за здаровы лад жыцця”.
Мерапрыемства традыцыйнае і звычайна праводзілася ў Шуміліне, а з мінулага года яно крочыць па аграгарадках. Спачатку была Мікіціха, а цяпер вось Башні.
Каб мерапрыемства атрымалася лёгкім, прыемным, ненадакучлівым, вельмі пастараўся галоўны арганізатар акцыі – аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Намеснік начальніка аддзела Валянціна Навіцкая ад імя арганізатараў вітала ўсіх прысутных.
Праўда, спачатку ўдзельнікаў было прыкметна больш, чым гледачоў, але потым, калі зайграла музыка і песня паплыла па наваколлі, людзі сталі падыходзіць.
На вечар ганак Башнёўскага сельскага клуба стаў сцэнай, з якой гучалі песні, тут была паказана і невялікая тэатралізацыя па тэме, калі перад юнаком паўсталі спакуслівыя цыгарэта, алкаголь, наркотык…
Усё ў тваіх руках, чалавек, – гэтую думку выказала ў сваім кароткім выступленні псіхолаг ЦРБ Ірына Сальнікава.
А дзеці ў гэты вечар выбралі гульні і конкурсы, якіх тут было багата.
Тут быў арганізаваны конкурс малюнкаў, і юныя мастакі малявалі за сталом прама  на пляцоўцы ля клуба. Потым беглі да мячоў і скакалак, якія прывезлі ФК “Здароўе” і райкам БРСМ, у конкурсы да вясёлага Карлсана, на батуты…
Трэба адзначыць старанне маладых спецыялістаў Шумілінскага раённага цэнтра культуры Юліі Паўс і Крысціны Рамчанка. Юлія напісала выдатны сцэнарый тэатралізацыі і вяла мерапрыемства разам з Аляксандрам Карнілавым, а Крысціна  была тым самым вясёлым Карлсанам.
Прыгажосць і натхненне летняга вечара, усмешкі, здароўе – простая радасць жыцця. Не паруш яе, чалавек.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў № 69 ад 04.09.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *