Лучшая профсоюзная первичка — в УП ЖКХ

Общество Экономика

“Нас усіх аб’ядноўвае прафсаюз”
Старшыня Шумілінскага раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў В. В. Юхнавец назваў пярвічную арганізацыю УП ЖКГ лепшай у раёне.
На думку Васіля Васільевіча, у камунгасе развіта практыка сацыяльнага партнёрства. Прафсаюзны камітэт цесна супрацоўнічае з адміністрацыяй па пытаннях выканання вытворчасці, аховы і рэжыму працы. Сумесна з адміністрацыяй арганізуюцца  агляды-конкурсы “Лепшы па прафесіі” і “Добраўпарадкаванне вытворчых плошчаў і памяшканняў”. На прадпрыемстве створана камісія, якая кантралюе выкананне калектыўнага дагавору. Члены прафкама (іх у камунгасе 19 чалавек) вырашаюць сацыяльна-бытавыя пытанні, займаюцца культурна-масавай, фізкультурна-аздараўленчай і выхаваўчай работай.
Пра поспехі пярвічкі, арганізацыю работы гутарым са старшынёй прафсаюзнай арганізацыі камунгасу Т. У. Лявонавай.
“Наша пярвічка – гэта 436 чалавек, – расказала Таццяна Уладзіміраўна. – Вядома, у калектыве людзі з рознымі перакананнямі і прынцыпамі, рознага ўзросту, але мы заўсёды ўмеем прыйсці да згоды. Нас усіх аб’ядноўвае прафсаюз. Менавіта ён стаіць на абароне нашых правоў і сацыяльных гарантый. Асноўным накірункам работы прафкама з’яўляецца арганізацыя грамадскага кантролю за станам аховы працы, за тэхнікай бяспекі, – кажа Таццяна Уладзіміраўна. – Стараемся стварыць спрыяльныя ўмовы для працы і адпачынку. Так, ад прафсаюзнай арганізацыі для пакояў прыёму ежы мы купілі пяць мікрахвалевых печак і чатыры электрачайнікі”.
Эфектыўны прафсаюзны кантроль на прадпрыемстве за захаваннем працоўнага заканадаўства. Створана камісія па ахове працы, працуюць 26 грамадскіх інспектараў. Інспектар па ахове працы Леанід Лявонаў з падраздзялення “Сіроцінскае” па выніках работы за мінулы год прызнаны пераможцам абласнога агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю грамадскага кантролю па ахове працы.
У калектыве больш за сотню маладых людзей, таму жыццё тут дастаткова насычанае. Работнікі прадпрыемства прымаюць удзел  у раённых спаборніцтвах па розных відах спорту і добра там выступаюць, пра што сведчаць шматлікія граматы. Працуе шмат мужчын-рыбакоў – ва УП ЖКГ склалася традыцыя праводзіць спаборніцтвы па падводнай лоўлі рыбы.
Кожны год на прадпрыемстве праводзіцца конкурс па добраўпарадкаванні вытворчых плошчаў і памяшканняў. Пераможцы атрымліваюць ад прафсаюза прызы. Стаў традыцыйным і конкурс прафесійнага майстэрства. Напрыклад, у гэтым годзе будзе вызначаны лепшы начальнік падраздзялення і лепшы газазваршчык.
Прафсаюзная арганізацыя УП ЖКГ асаблівую ўвагу ўдзяляе ветэранам працы. Тут створана ветэранская арганізацыя, у якую ўваходзяць больш за сорак чалавек. Прадпрыемства дапамагае былым работнікам, іх віншуюць з прафесійнымі і дзяржаўнымі святамі.
“Задача прафсаюза – абараняць працоўнага чалавека, быць падтрымкай кожнаму, – кажа Таццяна Уладзіміраўна. – Штогод дапамагаем сем’ям з дзецьмі. Вось і сёлета шматдзетным і малазабяспечаным сем’ям напярэдадні навучальнага года дапамаглі сабраць дзяцей да школы – выдалі матэрыяльную дапамогу 22 чалавекам – ад абкама прафсаюза і 7 чалавекам – ад пярвічнай арганізацыі”.
Актыўную і плённую работу пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі і яе лідара заўважаюць і адзначаюць. У мінулым годзе прэзідыум Віцебскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў прамысловасці і камунальна-бытавога абслугоўвання Беларусі прызнаў пераможцам абласнога агляду-конкурсу  на лепшую пярвічную арганізацыю пярвічку УП ЖКГ, а яе лідар Т. У. Лявонава стала пераможцам абласнога агляду-конкурсу на лепшага кіраўніка прафсаюзнай арганізацыі па рэалізацыі паўнамоцтваў у сферы ажыццяўлення грамадскага кантролю за захаваннем заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб працы.
Людміла ЗУЙКОВА.

Старшыня прафкама Т. У. Лявонава абмяркоўвае з начальнікам вытворчага аддзела Ю. М. Міцькіным надзённыя пытанні.
Надрукавана ў № 70 ад 08.09.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *