Криминал. Происшествия

Актуалии Происшествия

Электракабель
У раённы аддзел унутраных спраў звярнуліся работнікі  ПМК-70 і паведамілі, што з будаўнічай пляцоўкі ў Обалі, якая не ахоўвалася, укралі сто метраў электрычнага кабелю. Урон, нанесены прадпрыемству, складае паўтара мільёна рублёў.
Мёд
У жыхара г. п. Обаль на пасецы пабывалі няпрошаныя госці. Яны  ўкралі чатыры рамкі з мёдам і вашчыну. Па гарачых слядах супрацоўнікам РАУС удалося высветліць, што крадзеж здзейснілі два мясцовыя жыхары. Па месцы жыхарства ў аднаго з іх знайшлі гумавыя боты і сумку, выпацканыя ў мёд. Мужчыны затрыманы, супраць іх узбуджана крымінальная справа.
Прагулы
Жыхарка Обалі як абавязаная асоба была працаўладкавана на Обальскі керамічны завод. Жанчына была абавязана плаціць грошы на двух сыноў і дачку, якіх ўтрымлівае дзяржава. Але абальчанка не хацела хадзіць на работу, на яе рахунку – 29 прагулаў. Супраць жанчыны ўзбуджана крымінальная справа.
Акурак
У вёсцы Надзежына ў жылым доме адбыўся пажар. Згарэў дах, пашкоджаны сцены. А ва ўсім вінаваты… незатушаны акурак. Гаспадар дома ў нецвярозым стане кінуў яго на падлогу. Добра яшчэ, што сам мужчына не загінуў у агні.
Ланцужок
У раённы аддзел унутраных спраў звярнуўся ўраджэнец Пензенскай вобласці, у якога ў час адпачынку ў кафэ “Караван” прапаў залаты ланцужок. Супрацоўнікі міліцыі дапрасілі сведкаў і ўстанавілі, што ў кафэ знаходзілася жыхарка райцэнтра, якая справакавала сварку з пацярпелым. Яна сарвала з яго шыі залаты ланцужок і зрабіла выгляд, што кінула на падлогу, а на справе ланцужок застаўся ў далоні. Супраць жанчыны ўзбуджана крымінальная справа.
Грабеж
Пацярпеў жыхар вёскі Плігаўкі, яго пабіў мужчына, які пражывае ў Цаўях. І не толькі пабіў, але і вырваў сумку, дзе знаходзілася спіртное. За грабеж супраць жыхара Цаўёў узбуджана крымінальная справа.
Дакументы
Супрацоўнікамі дзяржаўтаінспекцыі былі выяўлены несапраўдныя дакументы ў жыхара Наваполацка, які на легкавой машыне ехаў па аўтадарозе Віцебск-Полацк. Больш за год таму ён быў пазбаўлены вадзіцельскіх правоў судом Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці. Але ў Шуміліне супрацоўнікам дарожна-патрульнай службы прадставіў вадзіцельскае пасведчанне і талон папярэджання на імя свайго знаёмага з Полацкага раёна. Згодна з арт.380 ч.1 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь “Выкарыстанне заведама ілжывых дакументаў” супраць жыхара Наваполацка ўзбуджана крымінальная справа.
Па матэрыялах  РАУС і райаддзела  па надзвычайных сітуацыях падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *