Свою победу шумилинские волейболисты посвятили тренеру Анатолию Завадскому

Актуалии Спорт, туризм

Перамога, прысвечаная трэнеру
У пятніцу-нядзелю у ДзЮСШ прайшоў міжнародны валейбольны турнір, прысвечаны памяці трэнера А. Я. Завадскага. У турніры прынялі ўдзел юныя валейбалісты 2002-2003 гадоў нараджэння з Шуміліна, Бешанковічаў, Віцебска, Магілёва, Гомеля, Мінска і Смаленска (Расія).
Пра Анатоля Яўгенавіча Завадскага шмат ўспаміналі на ўрачыстым адкрыцці спаборніцтваў. Выступаючыя адзначалі, што трэнер выхаваў не адно пакаленне спартсменаў, якія дасягнулі самых высокіх спартыўных вынікаў. Намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў адзначыў, што турнір у Шуміліне – гэта  даніна памяці чалавеку з вялікай літары, бліскучаму трэнеру. “А тое, што ў турніры бяруць ўдзел каманды з усёй рэспублікі і Расіі, – падкрэсліў Анатоль Мікалаевіч. – Яшчэ раз сведчыць, што А. Я. Завадскі і шумілінскі валейбол добра вядомы  за межамі раёна”. Памятныя медалі ўручылі найбольш вядомым выхаванцам, сярод якіх былі і ігракі той легендарнай каманды раёна, якая ў 1989 годзе заняла трэцяе месца на першынстве СССР.
Шумілінскія валейбалісты прадсталі перад роднымі заўзятарамі зладжанай і роўнай камандай. У іх няма яўнага лідара, кожны з юных спартсменаў можа “выстраліць” у любой сустрэчы. Ролю лідара не баяліся браць на сябе Ілья Піульскі, Данііл Сафонаў, Аляксандр Лабачоў, Віталь Воранаў, Мікіта Лабоўкін, Станіслаў Бяззубенка.
Усе сустрэчы сталі сапраўднай асалодай для валейбольных гурманаў. На пляцоўцы змагаліся роўныя каманды, пра гэта, дарэчы, сведчаць і тое, што большасць сустрэч завяршылася з лікам 2:1.
Да свайго апошняга матча з ўсімі перамогамі падышлі дзве каманды – Шуміліна і Гомель. Яны паміж сабой і разыгралі першае месца. Гульня ішла ачко ў ачко, ні гомельскія, ні шумілінскія валейбалісты не адпускалі саперніка больш чым на тры ачкі. Першая партыя засталася за нашымі спартсменамі, другая – за гасцямі, а ў трэцяй удача была на баку нашых землякоў. Такім чынам, перамаглі на турніры шумілінскія валейбалісты, другой стала гомельская каманда, дапоўніла прызавую тройку каманда са Смаленска.
На закрыцці спаборніцтваў каманды-ўдзельнікі атрымалі салодкія прызы і каштоўныя падарункі ад ГА “Белая Русь”, якія ўручыла старшыня раённай арганізацыі Л. У. Маладзечкіна. Кубак за перамогу ў турніры шумілінскай камандзе ўручылі сыны А. Я. Завадскага. Былі вызначаны лепшыя ігракі ў кожнай камандзе, у нашай камандзе ім стаў Станіслаў Бяззубенка, а лепшым іграком турніру стаў Данііл Сафонаў.
“Безумоўна, шумілінцам неабходна перамагаць у турніры, – падсумаваў вынікі мерапрыемства трэнер ДзЮСШ Аляксей Паршыкаў. – Анатоль Яўгенавіч быў маім трэнерам, настаўнікам па жыцці, таму я проста не меў маральнага права на такім турніры ставіць іншыя задачы”. Праўда, на перамогу разлічвалі і іншыя каманды. Вось і атрымаўся выдатны турнір з моцнымі камандамі з цікавымі і непрадказальнымі сустрэчамі.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў № 74 ад 22. 09. 2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *