Шумілінскі раён: крокі пяцігодкі

Актуалии Президент Экономика

Шумілінскі раён: крокі пяцігодкі

Рэгіянальны сход дэпутатаў: вызначаны рубяжы старту наступнай пяцігодкі

18 верасня ў Шумілінскім раёне прайшоў рэгіянальны сход дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў, які абмеркаваў і прыняў рашэнні па важнейшых пытаннях развіцця нашага раёна на наступны пяцігадовы перыяд.
У сходзе бралі ўдзел дэпутаты раённага і сельскіх Саветаў дэпутатаў, старэйшыны сельскіх населеных пунктаў, члены райвыканкама, начальнікі ўпраўленняў і аддзелаў райвыканкама, кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў Шуміліншчыны. На сход былі запрошаны дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У. У. Шыцько, старшыня абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Р. В. Вінакураў, памочнік члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь М. М. Канявалава В. Г. Парфяновіч.
На абмеркаванне ўдзельнікаў сходу былі вынесены наступныя пытанні:
“Аб сацыяльна-эканамічным развіцці раёна за 2011-прайшоўшы перыяд 2015 года і задачах на 2016-2020 гады”,
“Аб рабоце мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць сёмага склікання па рашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва”.
З дакладам па першым пытанні выступіў выконваючы абавязкі старшыні райвыканкама В. Ц. Мянькоў, які падрабязна прааналізаваў сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна за пяць гадоў, акрэсліў асноўныя задачы па развіцці рэгіёна да 2020 года.
Аналіз работы мясцовых Саветаў па рашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва раёна прадставіла старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава.
Пасля дакладаў пачалося абмеркаванне прапанаваных пытанняў. Кіраўнік аднаго з самых паспяховых прадпрыемстваў раёна – Шумілінскай ПМК-70, дэпутат раённага Савета дэпутатаў А. Ю. Крыўко расказаў пра тое, як прадпрыемству ўдалося развівацца і мець эканамічны поспех у складаных сучасных умовах. За пяцігодку аб’ём падрадных работ павялічыўся з 13,9 мільярда да 47,5 мільярда рублёў, інвестыцыі ў асноўны капітал раслі штогод з 218 мільёнаў рублёў у 2011 годзе да амаль 3,5 мільярда рублёў у 2015. Дзякуючы гэтаму колькасць працуючых на прадпрыемстве павялічылася з 206 да 250 чалавек, сярэдні заробак узрос з 1,6 мільёна рублёў да 6,3 мільёна, выручка ад рэалізацыі прадукцыі на аднаго  работніка вырасла за пяць гадоў ў 4,3 раза. Створана аснова для далейшага развіцця прадпрыемства.
Старшыня Обальскага сельскага Савета дэпутатаў М. А. Будневіч спыніўся на поспехах і праблемах буйнейшага сельсавета раёна (насельніцтва 3149 чалавек, у тым ліку г. п. Обаль – 2528). Надзею на паляпшэнне сітуацыі ў Обалі дае мадэрнізацыя Обальскага керамічнага завода, якая выйшла на фінішную прамую. У пасёлку вядзецца рэканструкцыя і будаўніцтва жылля, сацыяльных аб’ектаў. Агульнымі намаганнямі пабудавана Свята-Ануфрыеўская царква – аснова духоўнага адраджэння.
У сельсавеце ёсць прыклады паспяховай рэалізацыі прыватнай ініцыятывы ў розных сферах: гандаль, аграэкатурызм, паслугі і іншае.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама А. Ф. Мацвяйчук прадставіў вынікі рэалізацыі  праграмы “Культура Шумілінскага раёна ў 2011-2015 гг.” па асноўных напрамках, нагадаў словы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што “культура з’яўляецца важнейшым стратэгічным рэсурсам нашай дзяржавы”, таму яе развіццю будзе надавацца належнае значэнне і ў будучым.
На рабоце з людзьмі засяродзіла ўвагу старэйшына вёскі Дабея А. М. Бубен. Яна расказала пра тое, як рашаюцца праблемы вяскоўцаў, як агульнымі намаганнямі праводзіцца добраўпарадкаванне вёскі. У патрыятычным выхаванні  моладзі, дзяцей важнае месца займае вяртанне да каранёў, да нацыянальнай свядомасці. І Ала Мікалаеўна праводзіць у гэтым напрамку вялікую работу, якая выклікае цікавасць і шчырую ўдзячнасць яе аднавяскоўцаў.
Дэпутат абласнога Савета дэпутатаў Р. В. Вінакураў адзначыў дзелавы характар сходу, заўважыў, што, нягледзячы на складанасці і цяжкасці, у раёне ёсць пазітыўны настрой на перспектывы развіцця раёна.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі У. У. Шыцько адзначыў развіццё раёна нават ва ўмовах, калі эканоміка нашай краіны апынулася ў залежнасці ад знешніх крызісных з’яў. Ён падкрэсліў, што трэба працаваць, шукаць новыя рынкі збыту прадукцыі, рэзервы росту вытворчасці працы, эканоміі матэрыяльных рэсурсаў. Уладзімір Уладзіміравіч нагадаў пра выбары кіраўніка дзяржавы і заклікаў усіх да выбару стабільнасці і парадку ў краіне, прагаласаваць за кандыдата, які забяспечыць развіццё Беларусі.
Дэпутаты раённага Савета дэпутатаў таксама прынялі рашэнне аб унясенні змяненняў у раённы бюджэт, звязаных з пераразмеркаваннем сродкаў бюджэту.
Работнікі культуры прадставілі ўдзельнікам рэгіянальнага сходу цікавую канцэртную праграму, а ў фае былі разгорнуты выставы майстроў раённага Дома рамёстваў і ўстаноў культуры раёна.

З накіраванасцю ў будучыню

З даклада в. а. старшыні райвыканкама В. Ц. Мянькова

На 2011-2015 гады былі закладзены напружаныя паказчыкі, якія павінны былі забяспечыць паляпшэнне ўмоў жыцця нашых людзей. Аналізуючы прайшоўшы з 2011 года перыяд, варта адзначыць, што ў раёне захавана станоўчая дынаміка развіцця асноўных галін эканомікі.
Рэалізацыя мерапрыемстваў па забеспячэнні занятасці насельніцтва дазволіла захаваць узровень зарэгістраванага беспрацоўя ў адносінах да колькасці працаздольнага насельніцтва на ўзроўні 1,3%. Колькасць занятага насельніцтва складае 8549 чалавек.
Мае месца скарачэнне адмоўнага сальда міграцыйных патокаў з 315 чалавек у 2010 годзе да 144 чалавек у 2014 і да 50 чалавек – за прайшоўшы перыяд 2015 года. Пачалі вяртацца нашы людзі, якія працавалі за мяжой.
У ходзе рэалізацыі мерапрыемстваў Праграмы дэмаграфічнай бяспекі ў раёне на 6,7%  да ўзроўню 2010 года павялічыўся агульны каэфіцыент нараджальнасці ў 2015 годзе і складае 7,9 нараджэнняў на 1 тыс. насельніцтва. Скараціўся натуральны спад насельніцтва з 8,0 праміле ў 2010 годзе да 5,4 праміле ў 2015.
Заработная плата ў раёне на сёння складае 4 мільёны 529 тысяч рублёў.
За мінулыя гады, нягледзячы на ўсе складанасці, мы змаглі забяспечыць станоўчую дынаміку росту аб’ёмаў вытворчасці ў асноўных галінах эканомікі раёна.
Рэалізацыя Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Шумілінскага раёна на 2011-2015 гады дазволіла за пяць гадоў павялічыць экспарт тавараў у 9 разоў, экспарт паслуг у 3 разы. Рознічны тавараабарот вырас у 1,5 раза.
На вынікі выканання Праграмы істотны ўплыў аказалі павышэнне цэн на энерганосьбіты, пагаршэнне іншых знешніх фактараў, абумоўленых уплывам сусветнага эканамічнага крызісу.

ПРАМЫСЛОВАСЦЬ. Прамысловы комплекс раёна за гады  пяцігодкі істотна змяніўся і ў поўнай меры не забяспечыў выкананне ўстаноўленых заданняў. Індэкс вытворчасці прамысловай прадукцыі ў цэлым знаходзіўся ў межах 111,7-89,1%. На мадэрнізацыю дзеючай вытворчасці ў 2013-2015 гадах накіравана больш за 656 мільярдаў рублёў інвестыцый.
Так, мадэрнізацыя цэха №2 на Обальскім керамічным заводзе дазволіць зменшыць спажыванне паліўна-энергетычных рэсурсаў на 15-20%, пачаць вырабляць інавацыйную прадукцыю, павялічыць экспарт цэглы (да 65% ад вырабленай). Абнаўленне вытворчасці УП ЖКГ накіравана на мадэрнізацыю кацельняў, інжынерных сетак, што дазволіць зменшыць страты цяпла, палепшыць якасць пітной вады, зменшыць спажыванне прыроднага газу для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння. Абнаўляецца матэрыяльна-тэхнічная база Шумілінскай ПМК-70 – закупленае абсталяванне для вытворчасці шчапы дазваляе прадпрыемству зарабляць валюту.

СЕЛЬСКАЯ ГАСПАДАРКА. Па падпраграме “Вітагра” прадугледжваецца вывядзенне аграрнай галіны раёна на прынцыпы самафінансавання, высокаэфектыўнага і канкурэнтнага развіцця, павышэнне ўзроўню жыцця сельскага насельніцтва.
З 2011 па 2014 гады сельскагаспадарчымі арганізацыямі раёна сабрана 141 тыс. тон зерня пры заданні па падпраграме 216,1 тыс. тон (65,2% да задання), 13,3 тыс. тон рапсу (42,4% да задання), 15,2 тыс. тон бульбы (36,2% да задання), атрымана 98,5 тыс. тон малака (78,9% да задання). У рамках абласной праграмы “Чыстыя палеткі” за 2011-2014 гады ў раёне дадаткова ўзарана 778 га зямель і цяпер ворыўныя землі складаюць 31073 га.
Праграма мадэрнізацыі сельскагаспадарчых арганізацый на 2011-2015 гады ўключае мерапрыемствы па павышэнні эфектыўнасці сельскагаспадарчай вытворчасці, тэхнічным пераабсталяванні, удасканаленні матывацыі працы і замацаванні кадраў.
Для работнікаў сельгасарганізацый пабудавана 17 жылых дамоў.
За перыяд з 2011 года рэканструявана і мадэрнізавана 11 малочнатаварных ферм (асвоена 39,8 мільярда рублёў), уведзена 6 арачных збудаванняў (4 мільярды рублёў), працягваецца рэканструкцыя яшчэ 5 малочнатаварных ферм (34,26 мільярда рублёў). Пабудаваны 3 зернесушыльныя комплексы. У гаспадаркі раёна паступіла 35 новых зернеўборачных камбайнаў, 5 энерганасычаных трактароў, 7 корманарыхтоўчых камбайнаў і іншая тэхніка.
Штогадовае зніжэнне вытворчасці малака, мяса буйной рагатай жывёлы і свіней не дазволіла забяспечыць выкананне асноўных параметраў росту ў галіне сельскай гаспадаркі. Вытворчасць валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі ў 2011-2014 гадах забяспечана на ўзроўні 107,5-92,5%. Як вынік – штогадовыя страты грашовай выручкі ад рэалізацыі прадукцыі нізкай якасці, нізкая таварнасць малака, несвоечасовыя  выплаты заработнай платы, даўгі па Фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва, па падаходным падатку.

БУДАЎНІЦТВА. Паспяхова рэалізаваныя меры па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы будаўнічай галіны дазволілі забяспечыць увод у эксплуатацыю 21700 квадратных метраў жылля. Забяспечанасць насельніцтва жыллём у разліку на аднаго жыхара раёна на 1.01.2015 года склала 35,0 кв. м супраць 32,2 кв. м на 01.01.2011 года, у тым ліку ў гарадскіх пасяленнях – 29,1 кв. м, у сельскіх – 41,7 кв. м.
ІНВЕСТЫЦЫІ. На развіццё эканомікі раёна ў 2011- 2015 гг. выкарыстана 787 мільярдаў рублёў інвестыцый. З-за межаў Рэспублікі Беларусь у эканоміку раёна інвесціравана больш за $1,5 мільёна. Гэта абсталяванне вядучых прадпрыемстваў малога бізнесу (СТАА “ІскПоіск”, ПП “ВудВокер” і іншых).

ГАНДАЛЬ. Развіццё гандлёвай галіны і рост аб’ёмаў рознічнага тавараабароту з’яўляецца індыкатарам узроўню дабрабыту насельніцтва. У 2011-2015 гадах стабільна развіваецца спажывецкі рынак. Гандлёвае абслугоўванне насельніцтва ажыццяўляюць 108 крам з гандлёвай плошчай 7,8 тыс. кв. м., індэксы фізічнага аб’ёму рознічнага тавараабароту з 2011 па 2015 гады складаюць 114,2-110,4%. Тавараабарот на душу насельніцтва за мінулы перыяд вырас у 3 разы. Па падпраграме “Вітгандаль” у гандлёвую галіну раёна інвесціравана больш за 6 мільярдаў рублёў.
Падпраграмай “Пяцьсот” на 2011-2015 гады запланавана будаўніцтва і рэканструкцыя 5 аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу. На сёння працуюць кафэ “Метан”, “Караван”, “Віраж”, АЗС №6, пабудаваны “Домік паляўнічага” ДЛГУ “Шумілінскі лясгас” у в. Роўнае, вядзецца рэканструкцыя будынка пад гасцініцу і кафэ ПУП “Тамара-гандаль”, абсталяваны зоны адпачынку на вадаёмах, працуюць 5 аграсядзіб.

МАЛЫ БІЗНЕС. Істотны уплыў на аптымізацыю структуры эканомікі раёна аказвае прыватны бізнес. На працягу пяцігодкі ў раёне прасочваецца ўстойлівая тэндэнцыя павелічэння колькасці арганізацый малога бізнесу і прыватных прадпрымальнікаў. На стану на 1 студзеня 2015 года дзейнасць у раёне ажыццяўлялі 134 мікра- малыя арганізацыі, 189 індывідуальных прадпрымальнікаў. Малы бізнес ахоплівае амаль усе сферы дзейнасці. У вытворчай дзейнасці прадпрыемстваў малога бізнесу закладзены вялікі і  не да канца раскрыты патэнцыял, які можа падняць эканоміку раёна на якасна новы ўзровень.

ЗНЕШЕЭКАНАМІЧНАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ. У знешнеэканамічнай дзейнасці забяспечаны прырост экспарту тавараў і паслуг у цэлым па тэрыторыі. Дадатнае сальда знешняга гандлю таварамі ў 2014 годзе забяспечана на ўзроўні $6 мільёнаў (у 6 разоў больш, чым у 2011 годзе). Тавары з маркай шумілінскіх вытворцаў пастаўляюцца ў Расію, Кітай, Германію. Экспарт паслуг у цэлым па тэрыторыі склаў ў 2014 годзе $160 тыс. (2011 год – 115,8 $тыс.). Трэба актывізаваць дзейнасць у экспарце будаўнічых і транспартных паслуг, турыстычных і ў сферы аховы здароўя.

САЦЫЯЛЬНАЯ СФЕРА. У развіцці сацыяльнай сферы ставіліся задачы, накіраваныя на павышэнне ўзроўню і якасці  жыцця насельніцтва, стварэнне ўмоў для раскрыцця чалавечага патэнцыялу.
У сферы аховы здароўя для забеспячэння якасных медыцынскіх паслуг штогод вяліся і працягваюцца цяпер рамонты Шумілінскай ЦРБ (дзённага стацыянара, тэрапеўтычнага  і фізія- аддзяленняў, урачэбных амбулаторый і ФАПаў). На гэтыя мэты за 2011-2014 гады выдаткавана больш за 2 мільярды рублёў, закуплены новы аўтамабіль хуткай дапамогі (685 мільёнаў рублёў), праведзены капітальны рамонт даху і ганка ЦРБ (больш за 3 мільярды рублёў).
У сферы адукацыі расце працэнт якасці ведаў вучняў (2011год —  42%, 2012 год – 43,1%, 2013 год – 44,2%, 2014 год – 44,1%, 2015 год —  49,3%). 90% выпускнікоў паступаюць у вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы,   10%  —  у прафесійна-тэхнічныя ліцэі і каледжы. Ва ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі і на рамонты выдаткавана больш за 13 мільярдаў рублёў. Для заняткаў спортам і фізічнай культурай вядзецца рамонт будынка фізкультурна-аздараўленчага комплексу (выдаткавана 8,5 мільярда рублёў). Раён мае патрэбу ў кваліфікаваных кадрах ва ўсіх сферах, таму варта прыкласці намаганні, каб зацікавіць выпускнікоў школ вяртацца ў раён пасля атрымання прафесіі і працаваць на яго развіццё.
У сферы культуры праведзена аптымізацыі сеткі ўстаноў, і зараз у раёне працуюць 59 розных устаноў культуры: па 21 – клубаў і бібліятэк, 2 школы мастацтваў з 9 філіяламі, Дом рамёстваў з 2 філіяламі, гісторыка-краязнаўчы музей з філіялам у Обалі. Гэтыя ўстановы, у якіх працуюць 222 чалавекі, забяспечваюць патрэбы жыхароў раёна ў сферы культуры. Фінансаванне галіны павялічылася за апошнія пяць гадоў больш чым на 14,6 мільярда рублёў.
У сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі асаблівая ўвага надаецца выкананню на якасным узроўні мінімальных сацыяльных стандартаў. За гады пяцігодкі ўстаноўлена абсталяванне на мясцовых відах паліва ў кацельні аг. Слабада і кацельні ТМА г. п. Шуміліна, усталяваны другі кацёл на шчапе ў г. п. Обаль, праведзена дэцэнтралізацыя ацяплення двух шматкватэрных дамоў у Шуміліне, адноўлена гарачае водазабеспячэнне ў аг. Слабада, 85% жылога фонду забяспечана прыборамі ўліку спажывання цеплавой энергіі. Праведзены капітальны рамонт артэзіянскай свідравіны ў г. п. Обаль і аг. Башні, да 5 км  у год праводзіцца мадэрнізацыя цеплавых сетак, да 2000 кв. м у год – капітальны рамонт жылых дамоў і цеплавая мадэрнізацыя жылога фонду.
Штогод да 10 мільярдаў рублёў выдаткоўваецца на добраўпарадкаванне населеных пунктаў, навядзенне парадку з камунальнымі адыходамі, азеляненне тэрыторый, рамонт дарожнага пакрыцця дарог і вуліц.

ЗАДАЧЫ НА 2016-2020 гады

На наступную пяцігодку стаяць няпростыя задачы: забяспечыць збалансаванасць эканомікі, стварыць патэнцыял будучага эканамічнага росту раёна і забяспечыць лідзіруючыя пазіцыі ў вобласці, што дазволіць забяспечыць рост дабрабыту і паляпшэнне якасці жыцця насельніцтва раёна, стварэнне ўмоў для развіцця чалавечага патэнцыялу.
На гэта будзе накіравана “Канцэпцыя развіцця Шумілінскага раёна на 2016-2020 гады”, якая зараз распрацоўваецца. Канцэпцыя прадугледжвае:
– далейшую мадэрнізацыю Обальскага керамічнага завода і павышэнне канкурэнтаздольнасці яго прадукцыі на замежных рынках;
– будаўніцтва пяці шматпавярховых 40-кватэрных жылых дамоў;
– мадэрнізацыю дзеючых кацельняў з устаноўкай катлоў на мясцовых відах паліва з механізаванай падачай шчапы і давядзеннем долі МВП да 2020 года ў паліўным балансе да 60%; штогадовую мадэрнізацыю 5000 м цеплавых сетак з выкарыстаннем ПІ-труб; зніжэнне не менш чым на 10% выдаткаў пры аказанні жыллёва-камунальных паслуг, на 12% страт цеплавой энергіі;
– будаўніцтва новага палігона цвёрдых бытавых адходаў для вырашэння праблемы ўтылізацыі другасных рэсурсаў;
– будуць прадаўжацца работы па ўладкаванні ўдасканаленага дарожнага пакрыцця з давядзеннем яго да 60%;
– стварэнне гасцінічнага комплексу з грамадскім харчаваннем, аўтастаянкай і аказаннем паслуг у г. п. Шуміліна;
– шэраг іншых мерапрыемстваў, накіраваных на развіццё рэгіёна.
У сферы аховы здароўя прадоўжыцца накіраванасць на паляпшэнне якасці медыцынскіх паслуг, фарміраванне здаровага ладу жыцця, станоўчага росту медыка-дэмаграфічных паказчыкаў.
У сферы адукацыі першачарговымі задачамі з’яўляюцца павышэнне якасці адукацыі, стварэнне сістэмы падрыхтоўкі кадраў у адпаведнасці з патрэбамі інавацыйнага развіцця.
У сферы культуры прадоўжыцца развіццё паслуг для задавальнення патрэб насельніцтва, фарміравання духоўнасці і маральнага развіцця грамадства.
Захаваўшы пераемнасць мэт і прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Шумілінскага раёна, рацыянальна выкарыстоўваючы працоўныя, прыродныя і вытворчыя рэсурсы, вызначыўшы крытэрыі эканамічнага росту раёна, мы бачым галоўную мэту будучага пяцігоддзя – рост дабрабыту і паляпшэнне жыцця насельніцтва.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў № 74 ад 22. 09. 2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *