Працаваць дзеля павышэння дабрабыту людзей

Актуалии Край шумілінскі

Працаваць дзеля павышэння дабрабыту людзей
18 верасня адбыўся рэгіянальны сход дэпутатаў мясцовых Саветаў. Па выніках гэтай падзеі мы сустрэліся са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Ірынай Мікалаеўнай Новікавай і папрасілі расказаць пра дзейнасць прадстаўнічай і выканаўчай улады па забеспячэнні дабрабыту жыхароў раёна.
– Такая падзея праходзіла ўпершыню, калі дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў усіх узроўняў, раённыя ўлады, старэйшыны населеных пунктаў, прадстаўнікі ўсіх арганізацый нашага раёна сабраліся, каб падвесці вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за прайшоўшую пяцігодку, вызначыць перспектывы развіцця Шумілінскага раёна на наступныя пяць гадоў.
У выніках пяцігодкі ёсць уклад кожнага жыхара раёна. За сухімі лічбамі і фактамі плённая праца цэлых калектываў, асобных работнікаў. Па выніках работы за 2011-2014 гады 8 працоўных калектываў (ПМК-70, ДРБУ-204, Шумілінскі раённы Дом рамёстваў, ААТ “Прыазёрны мір”, СФГ “Раднік”, аддзел культуры райвыканкама, Шумілінскі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях), 80 працаўнікоў раёна занесены на раённую Дошку гонару, 6 – прысвоена званне “Чалавек года Віцебшчыны”, 25-ці званне “Жанчына года Шуміліншчыны”, 19 чалавек узнагароджаны Ганаровымі граматамі Віцебскага аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў, 225 – Ганаровымі граматамі райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў.
– Асноўнай задачай сацыяльна-эканамічнага развіцця і краіны і раёна заўжды было паляпшэнне жыцця людзей, рашэнне паўсядзённых праблем, пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва. Што зроблена ў нашым раёне ў гэтым накірунку за 2011-2015 гады?
– Так, у цэнтры ўвагі ўлады заўсёды пытанні жыццезабеспячэння людзей. Менавіта на гэта накіравана дзейнасць усіх органаў улады, арганізацый і прадпрыемстваў раёна. Работа па рашэнні гэтых пытанняў будуецца на аснове ўзаемадзеяння органаў выканаўчай улады ўсіх ўзроўняў, раённых службаў, дэпутацкага корпусу, старэйшын. Штогод на сесіях раённага і сельскіх Саветаў дэпутатаў, пасяджэннях раённага і сельскіх выканаўчых камітэтаў, прэзідыума раённага Савета дэпутатаў разглядаюцца і прымаюцца рашэнні па ўдасканаленні работы па розных напрамках жыццядзейнасці. Раённым Саветам дэпутатаў штогод зацвярджаюцца і аналізуюцца прагнозныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця, тэрытарыяльныя праграмы, бюджэт.
Раённы бюджэт за 2011-2014 гады характарызуецца павелічэннем на 5,5% долі ўласных даходаў у агульным аб’ёме бюджэту, якая склала па выніках 2014 года 39,1%. У бюджэтах сельскіх Саветаў доля ўласных даходаў вырасла на 2,1% і склала 73,7%. Прымаемыя меры па выкананні прагнозных паказчыкаў па вытворчасці прадукцыі, стабілізацыі работы рэальнага сектара эканомікі, мабілізацыя дадатковых крыніц, захаванне падатковай дысцыпліны дазволілі прыцягнуць у бюджэт раёна за 2011-2014 гады звыш плана па даходах 35,1 млрд. рублёў, накіраваных на сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна.
За прайшоўшы перыяд створаны ўмовы для рашэння пытанняў жыццезабеспячэння, атрыманы пэўныя вынікі ў розных сферах дзейнасці.
За 2011-прайшоўшы перыяд 2015 года пабудавана і ўведзена ў эксплуатацыю 22996 кв. метраў жылля: 108 дамоў і 314 кватэр, а гэта значыць, 422 сям’і атрымалі новае жыллё.
Праведзены капітальны рамонт, адкрыццё аб’ектаў сацыяльна-культурнай сферы, сярод якіх дзіцячая школа мастацтваў, праваслаўны храм у г. п. Обаль, гандлёвыя аб’екты, вядуцца работы па будаўніцтву праваслаўнага храма ў райцэнтры, капітальнаму рамонту ЦРБ, рэканструкцыя фізкультурна-аздараўленчага комплексу.
У раёне дэмаграфічная сітуацыя характарызуецца стабільнасцю па нараджальнасці і зніжэннем па смяротнасці: за 2011-8 месяцаў бягучага года нарадзілася 1002 дзіцяці (сёлета – 134), памерла 1809 (сёлета – 242). Натуральныя страты насельніцтва скараціліся з 255 чалавек у 2011 годзе да 154 чалавек у 2014. Галоўная задача на наступнае пяцігоддзе – стабілізацыя і рост колькасці насельніцтва раёна.
– За апошнія гады дзейнасць жыллёва-камунальнай гаспадаркі раёна значна пашырылася за кошт перадачы ёй жылля, інжынерных сетак і іншых аб’ектаў у сельскай мясцовасці. Як гэта паўплывала на якасць жыцця вяскоўцаў?
– Цяжка ўявіць, што яшчэ 5-7 гадоў таму ў сельскіх населеных пунктах усе вуліцы (за выключэннем транзітных), грамадзянскія могілкі, пад’езды да іх, грамадскія калодзежы, пераважная большасць сістэм водазабеспячэння і каналізацыі з’яўляліся безгаспадарнымі, не лічыліся на балансавым уліку.
За 2010-2011 гады праведзена інвентарызацыя шахтавых калодзежаў, яны пастаўлены на балансавы ўлік і абслугоўванне УП ЖКГ. У выніку 268 калодзежаў з 1215, што ёсць у раёне, прызнаны грамадскімі і перададзены на баланс камунальнай службы. Таксама на баланс УП ЖКГ перададзены 138,3 км вуліц і праездаў. Штогод на гэтыя мэты выдаткоўваюцца сродкі з бюджэту, зацвярджаецца пералік вуліц, якія падлягаюць рамонту.  У 2011 годзе вырашана пытанне аб перадачы на баланс 151 пад’езду (63,8 км) да грамадзянскіх могілак. За 2011-2013 гады ўсе 169 сельскіх грамадзянскіх могілак перададзены на баланс УП ЖКГ.
Вызначэнне гаспадара для гэтых аб’ектаў дазволіла штогод вырашаць канкрэтныя праблемныя пытанні. Так, за 2014-2015 гады адрамантавана 18,12 км вуліц сельскіх населеных пунктаў, уладкавана 66 калодзежаў, адрамантаваны 242 воданапорныя калонкі, упарадкавана 86 могілак, устаноўлена агароджа на 4, адрамантавана на 33 могілках, праводзіцца планавае і па зваротах грамадзян выдаленне аварыйных дрэў і санітарная ачыстка могілак, грэйдзіраванне пад’ездаў да іх.
Пабудаваны і адрамантаваны артэзіянскія  свідравіны ў Обалі, Полькавічах, Кардоне, Башнях, Лескавічах, пабудавана станцыя абезжалезвання вады ў Сіроціне, вядзецца капітальны і бягучы рамонт жыллёвага фонду, сістэм цепла-, водазабеспячэння і іншых.
Але наперадзе сур’ёзная работа па рашэнні шэрагу пытанняў жыццезабеспячэння людзей, звязаных з аказаннем жыллёва-камунальных паслуг. Патрабуецца рашэнне пытанняў з будаўніцтвам артэзіянскіх свідравін у Кардоне, Лескавічах, Гаравых, Башнях, Прыазёрнай, Мікалаеве, Мішневічах, Крывым Сяле і іншых, замена водаправодных сетак са 100% зносам, у тым ліку ў Мікалаеве, Мішневічах, Язвіне і ўчасткаў сетак у Шуміліне, Грудзінаве, Добрыне, замена ўчасткаў цепласетак у населеных пунктах раёна і іншае. Неабходна ліквідаваць адставанне па капітальным рамонце жыллёвага фонду. Трэба рашаць і шэраг іншых праблемных пытанняў.
– Увядзенне сістэмы сацыяльных стандартаў дазволіла палепшыць якасць паслуг не толькі ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы. У якіх галінах у раёне найбольш паспяхова развіваюцца і ўдасканальваюцца паслугі для насельнітцва?
– Узровень і якасць жыцця людзей у раёне падтрымліваецца праз выкананне сацыяльных стандартаў ва ўсіх сферах і галінах.
Дзякуючы рэканструкцыі існуючых ліній сувязі і ўкараненню новых тэхналогій  у раёне забяспечана магчымасць устаноўкі тэлефонаў ва ўсіх населеных пунктах, атрыманне паслугі шырокапалоснага доступу ў інтэрнэт ў населеных пунктах з колькасцю больш за 200 жыхароў (нарматыў 1,5 тысячы чалавек), забяспечана тэлефанізацыя ўсіх устаноў аховы здароўя і аптэк. Шумілінскаму вузлу электрасувязі трэба працягваць работы па замене нездавальняючых ліній сувязі, паляпшаць якасць паслуг, звярнуць увагу на задавальненне запытаў насельніцтва, у сувязі з пераходам да эфірнага вяшчання, слухаць раённае радыё.
Шырокі спектр паштовых і сучасных інфакамунікатыўных, фінансавых і іншых паслуг аказваюць аддзяленні паштовай сувязі. У рамках рэалізацыі рэспубліканскай праграмы развіцця паштовай сувязі 125 населеных пунктаў раёна пераведзены на матарызаваную дастаўку пошты. Участку паштовай сувязі трэба павялічваць аб’ёмы і павышаць якасць паслуг, ліквідаваць чэргі на цэнтральным паштовым аддзяленні.
Гандлёвае абслугоўванне раёна пашыраецца за кошт развіцця прыватных прадпрыемстваў. Цяпер  гандлёвае абслугоўванне насельніцтва ажыццяўляюць 47 суб’ектаў гаспадарання, у тым ліку райспажыўтаварыства, 7 аўтамагазінаў якога абслугоўваюць жыхароў 187 сельскіх населеных пунктаў. Выязны гандаль ажыццяўляюць больш за 20 ІП, прыватныя прадпрыемствы “Залаты ярлык”, “Брут”, “Вітконпрадукт” і іншыя. За 2011-2015 гады адкрыта 5 новых крам, набыта аўтакрама, у гандлёвых прадпрыемствах з’явілася тэрміналы для безнаяўных плацяжоў.
У сферы бытавых паслуг працуюць 29 арганізацый, на камунальнае ўнітарнае прадпрыемства бытавога абслугоўвання насельніцтва прыходзіцца 36%.
Развіццё гандлёвага і бытавога абслугоўвання патрабуе вырашэння кадравага пытання, выкаранення негатыўных фактараў, звязаных з парушэннем рэжымаў работы, графікаў выязнога абслугоўвання, асартыменту і іншых праблемных пытанняў.
– Штогод населеныя пункты нашага раёна прыбываюць узорамі добраўпарадкавання. Немалую ролю ў гэтым адыгрываюць і старэйшыны населеных пунктаў. Каго б вы маглі адзначыць асабліва?
– Работа па добраўпарадкаванні вядзецца пры непасрэдным удзеле як прадпрыемстваў і арганізацый раёна, так і асобных грамадзян.
У мінулым годзе і сёлета асаблівая ўвага была ўдзелена месцам воінскай славы, брацкім могілкам савецкіх воінаў. За 2011-2015 гады на гэтыя мэты выдаткавана больш за 626 мільёнаў рублёў з бюджэту і сродкаў суботнікаў.
Рамонт і рэканструкцыя праведзена на воінскіх пахаваннях у Башнях, Мішневічах, Тропіне, Язвіне, Кардоне, Дворышчы, Падмішнеўі  і іншых. Устаноўлены памятныя знакі Герою Савецкага Саюза А. С. Расказаву і разведчыкам 51-й стралковай дывізіі на чале з Г. Г. Шубіным у аграгарадку Мішневічы, лётчыку І. П. Посахаву ў аграгарадку Мікіціха, нашым землякам капітану Д. В. Мясаедаву і воіну-афганцу В. І. Угнявёнку ў г. п. Шуміліна.
У выніку работы па добраўпарадкаванні мяняецца аблічча райцэнтра, аграгарадкоў і вёсак: вядзецца асфальтаванне вуліц, будуюцца агароджы, пешаходныя дарожкі, месцы адпачынку, дзіцячыя пляцоўкі, з’яўляюцца кветнікі і дэкаратыўныя кампазіцыі. У якасці эталонаў добраўпарадкавання можна прывесці тэрыторыі раённай бібліятэкі, банкаў, Обальскай і Башнёўскай школ, ДРБУ-204, СШ №1, ДАЦ “Дружба” у Амбросавічах і многіх іншых.
Немалую ролю ў гэтай рабоце адыгрываюць старэйшыны, якія з’яўляюцца звязуючым звяном паміж уладай, рознымі службамі ў рашэнні пытанняў жыццезабеспячэння, добраўпарадкавання і іншых. Вопыт такіх старэйшын як Лялюга М. Ц. (вёска Лялюгі), Бубен А. М. (Дабея),  Лазука Н. Л. (Вялікія Ляжні), Несцярэнка Л. С. (Пісарава, Войлавічы) Дабейскага сельсавета; Яцука В. П. (Гаравыя), Байковай Р. А. (Крывое Сяло), Пляшковай А. А. (Полькавічы), Карась Т. Д. (Яцукі) Каўлякоўскага сельсавета; Гатоўкінай Г. В. (Мазурына, Доўгая Ніва і Сідараўшчына),  Жандаравай Л. М. (Залужжа) Лаўжанскага сельсавета; Зуевай С. П. (Мішневічы), Лузгіной Ж. А. (Казьяны) Мішневіцкага сельсавета; Лявонавай Е. С. (Сянькова), Апоркіна І. Я. (Зямцы, Тропіна), Сопат З. Ф. (Слабада) Сіроцінскага сельсавета; Гушчы М. У. (Бубалі), Кралько М. М. (Мікалаева), Барысевіч Л. К. (Кардон) Мікалаеўскага сельсавета; Бабковай Л. Х. (Хацілава, Засіннікі), Крысцінінай  Л. К. (Дубраўскія, Полцева),  Сафончык А. В. (Башні) Светласельскага сельсавета; Лаўрэнцьева В. У. (Лявонава, Соіна), Ніканавай Л. П. (Падоры), Абраменкі П. А. (Крупеніна) Обальскага сельсавета і многіх іншых заслугоўвае падзякі і прызнання.
– Асаблівасцю дзейнасці ўлады ў нашай краіне з’яўляецца тое, што яна трымае пастаянную сувязь з насельніцтвам. Напэўна, немалая роля ў гэтым прадстаўнічай улады, дэпутатаў, органаў грамадскага самакіравання?
– Непасрэдны ўдзел у рашэнні пытанняў сацыяльна-эканамічнага развіцця, правядзенні мерапрыемстваў грамадска-палітычнай значнасці прымаюць мясцовыя Саветы дэпутатаў: раённы (31 дэпутат) і 8 сельскіх (91 дэпутат). Створана і працуе сістэма органаў грамадскага самакіравання, якая складаецца са 136 старэйшын.
Дэпутаты і старэйшыны прадстаўляюць інтарэсы грамадзян усіх узроставых груп і сацыяльных слаёў, а гэта 18 521 жыхар раёна (па стану на 01.01.2015 г.), якія пражываюць у 237 населеных пунктах з 253, зарэгістраваных у раёне (у 14 сельскіх населеных пунктах насельніцтва не зарэгістравана і не пражывае).
Работа па вывучэнні праблемных пытанняў жыццезабеспячэння вядзецца ў непасрэдным кантакце з жыхарамі населеных пунктаў, работнікамі арганізацый і прадпрыемстваў праз сустрэчы па месцы працы і жыхарства, правядзенне сходаў і іншых мерапрыемстваў. Эфектыўнай формай работы з грамадзянамі зарэкамендавалі сабе дні работы з насельніцтвам, якія праводзяцца штомесячна на тэрыторыі асобнага сельсавета. Пытанні сацыяльнага характару, якія тычацца інтарэсаў многіх людзей, што паступаюць пры правядзенні дзён,  рашаюцца, як правіла, аператыўна, што папярэджвае звароты грамадзян і стварае спрыяльны сацыяльны клімат.
Кіраўніцтвам раённага выканаўчага камітэта, раённага Савета дэпутатаў пастаянна праводзяцца асабістыя выязныя прыёмы грамадзян, “прамыя тэлефонныя лініі”. Так, толькі за 2014-2015 гады праведзены 91 прыём грамадзян, на якія паступіла 168 пытанняў, з якіх 159 вырашаны, 9 – на кантролі. За гэты перыяд праведзена 58 “прамых ліній”,  паступіла 211 пытанняў ад 195 грамадзян, 200 пытанняў вырашаны, на кантролі – 7 пытанняў.
Іншага стаўлення да людзей і быць не можа. Як падкрэсліў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка: “Улада ў нашай краіне валодае вялізным і самым значным рэсурсам – крэдытам даверу людзей. І аддаваць яго штогод мы павінны усё з большымі працэнтамі. Гэта формула ўзаемаадносін, свайго роду сацыяльна-палітычны кантракт, павінна заставацца нязменнай”.
– Мы знаходзімся напярэдадні важнай палітычнай падзеі – выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Гэта час, калі мы выбіраем не толькі кіраўніка, але і шляхі развіцця нашай дзяржавы, нашага грамадства. Чаго б вы пажадалі жыхарам Шумілінскага раёна?
– Аналіз сацыяльна-эканамічнага становішча раёна, рашэння пытанняў жыццезабеспячэння дазваляе адзначыць, што нягледзячы на тое, што дадзены перыяд з’яўляецца вельмі няпростым, маюцца эканамічныя і фінансавыя праблемы, для тых, хто можа і хоча працаваць, ёсць умовы, для сацыяльна неабароненых катэгорый – дзейнічае сістэма сацыяльнай абароны, для ўсіх грамадзян створаны ўмовы для спакойнага і бяспечнага жыцця.
Часовыя цяжкасці мы перажывём, не такое перажывалі. Галоўнае, што мы жывем у міры і згодзе, маем базавыя каштоўнасці як матэрыяльныя, так і духоўныя, перспектывы далейшага развіцця і паляпшэння дабрабыту людзей.
11 кастрычніка адбудуцца выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – падзея значная для грамадзян нашай краіны. Нам трэба зрабіць асэнсаваны, адказны выбар. Чалавеку прыродай закладзена імкнуцца да стабільнасці, працвітання і дабрабыту, дзейнічаць на перспектыву, будаваць планы, верыць і спадзявацца на лепшае. Кожны з нас разумее, што ад нашай актыўнасці залежыць тое, якім будзе будучае кожнага з нас і краіны ў цэлым. Усе мы адказныя за сацыяльна-эканамічнае, духоўнае, культурнае развіццё нашага грамадства, нашай дзяржавы. У нашых сілах і магчымасцях змяніць у лепшы бок многія аспекты жыцця, рашыць пытанні і праблемы, якія ўзнікаюць у жыцці, павысіць наш дабрабыт.
Упэўнена, што прыйшоўшы 11 кастрычніка на выбарчыя ўчасткі, вы прагаласуеце за дастойнага кандыдата ў Прэзідэнты, кандыдата, якому вы давяраеце, якога вы ведаеце па справах і ўчынках, які  сваёй працай і грамадзянскай пазіцыяй не аднойчы даказаў сваю адданасць нашай краіне.
Ад нашага выбару залежыць будучае, мір і стабільнасць у грамадстве, жыццё наша і нашых дзяцей і блізкіх.
Размаўляў Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў № 76 ад 29.09.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *