Доска почёта Шумилинского района: Александр Зазыбо

Актуалии Образование

Настаўнічае ўжо 30 год
Вернасць сваёй прафесіі, поспехі на педагагічнай ніве, памяркоўнасць, разважлівасць, жыццёвая мудрасць і багаты вопыт – такія характарыстыкі чалавека даюць нагоду прыгледзецца да яго асобы, магчыма, узяць за прыклад яго жыццёвыя арыенціры. Таму невыпадкова партрэт настаўніка фізікі дзяржаўнай установы адукацыі “Шумілінская раённая гімназія-інтэрнат” Аляксандра Іванавіча Зазыбы з’явіўся на раённай Дошцы гонару.
Сёлета пайшоў трыццаты год яго педагагічнай дзейнасці. Пасля заканчэння фізічнага факультэта тады яшчэ педагагічнага інстытута імя С. М. Кірава ў Віцебску малады настаўнік першае месца працы знайшоў у Навікоўскай школе. Там ён адпрацаваў аж 18 год, потым яшчэ 10 год у СШ №2 Шуміліна, і цяпер ужо другі год працуе ў раённай гімназіі. Смяецца, што аб’ездзіў, лічы, увесь раён, калі паралельна з выкладаннем фізікі ў СШ №2 “гастраляваў” і ў Слабадзе, і ў Язвіне.
Чым вы ганарыцеся?
– Вядома, ганаруся сваёй сям’ёй. У мяне самая лепшая спадарожніца жыцця, ужо дарослыя сын і дачка. Дзяніс працуе праграмістам у Мінску. Дачушка Юля заканчвае пяты курс БДУІР.
Мы ж у свой час разам з жонкай Зінаідай разам заканчвалі фізічны факультэт, але яна яшчэ ў Навіках змяніла накірунак дзейнасці. Тады яе папрасілі хаця б часова ўзяць на сябе абавязкі загадчыцы дзіцячага садка, кім яна працуе і зараз.
Чым яшчэ можна ганарыцца? Поспехі? Працую ўсё жыццё настаўнікам, ды і ўсё. Найлепшы вынік сярод маіх вучняў летась быў у Веранікі Воранавай. Так, пастаянна бываюць прызавыя месцы і на алімпіядах, у тым ліку і абласных. Пакуль крыху не дацягваем да рэспублікі.
Пра што марыце?
– Мару пра тое, каб дзецям добра жылося, пра што яшчэ можа марыць бацька. Будзе добра ім, і мы з жонкай – шчаслівыя. У нашым узросце можна марыць пра ўнукаў, пра тое, каб здароўе не падводзіла. Што яшчэ трэба на шостым дзясятку?..
Вядома, хочацца вучняў добрых. Дарэчы, праца ў гімназіі падарыла мне як настаўніку новыя адчуванні. Я не скажу, што тут усе дзеці моцныя, але ў іх адчуваецца асаблівая матывацыя да вучобы, кожны стараецца, а таму настаўніку цікавей працаваць.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №77 ад 02.10.2015 г.



1 комментарий по теме “Доска почёта Шумилинского района: Александр Зазыбо

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *