22 июня на шумилинской земле началась операция «Багратион»

Актуалии

Разведкай боем пад Сіроціным пачыналася аперацыя “Баграціён”
Менавіта ў гэтыя дні 70 гадоў таму пачалася адна з буйнейшых ваенных аперацый Вялікай Айчыннай і Другой сусветнай вайны – аперацыя “Баграціён”. У выніку гэтай ваеннай аперацыі была вызвалена Беларусь. А пачыналася яна і на нашай шумілінскай зямлі: 22 чэрвеня 1944 года разведкай боем на 10-кіламятровым участку фронта ад Саўчонак да Сіроціна.
На гэтым участку фронта стаяла 156 стралковая дывізія. У абстаноўцы высокай сакрэтнасці (пра плануемае наступленне ведаў толькі камандзір дывізіі) была праведзена разведка найбольш слаба ўмацаваных апорных пунктаў ворага, праведзена рэкагнасціроўка. За два дні да наступлення войскі пачалі займаць зыходныя пазіцыі, а 16 умацаваных батальёнаў прарыву толькі ў цемры 21 занялі траншэі, каб 22-га  падняцца ў атаку.
З нямецкага боку абарону трымалі 4 батальёны 461-га і 7-га пяхотных палкоў 56-й і 252-й дывізій групы армій “Цэнтр”. Як прызнаваўся камандуючы 4-й палявой арміяй вермахта генерал Ціпельскірх, “асабліва непрыемным было наступленне на паўночным захадзе ад Віцебска, …бо з’явілася поўнай нечакансцю”.
У 4.00 пачалася артылерыйская падрыхтоўка, былі нанесены штурмавыя ўдары авіяцыяй і рэактыўнымі ўстаноўкамі.
У 5.00 штурмавыя батальёны падняліся ў атаку і амаль адначасова атакавалі намечаныя аб’екты. Артылерыя перанесла агонь у глыбіню абароны, а пяхота, адолеўшы мінныя палі і драцяную загароду, адкрыла моцны аўтаматны агонь і закідала гранатамі траншэі праціўніка.
У першай палове дня 22 чэрвеня былі захоплены апорныя пункты праціўніка ў вёсках Саўчонкі, Валатоўкі, Мазуры, Дворышча, Краснагоры, Карташы, Бываліна. Бой быў непрацяглы, але вельмі жорсткі. Немцы супраціўляліся ўпарта, тым больш, што яны сур’ёзна падрыхтавалі абарону ў інжынерным плане, агнявыя кропкі былі ўмацаваны не толькі дрэвам, а і бетонам.  Да зыходу дня савецкія войскі ўклініліся ў абарону праціўніка да 4-8 км, былі вызвалены Плігаўкі, Ямбор, Кукулава, Брыцікі, Шлыкі – больш за 20 населеных пунктаў. Раніцой 23 чэрвеня вораг быў выбіты з Сіроціна, а да вечара былі вызвалены Шуміліна, Лоўша, Скавародзіна, Мазурына. 24 чэрвеня нашы войскі выйшлі да Заходняй Дзвіны. Так пачыналася.
Поспех аперацыі быў забяспечаны ваенным майстэрствам тых, хто камандаваў войскамі прарыву: камандуючы 1-м Прыбалтыйскім фронтам Маршал Савецкага Саюза І. Х. Баграмян, камандуючы 43-й арміяй генерал арміі А. П. Белабародаў, камандуючы 6-й гвардзейскай арміяй генерал-палкоўнік І. М. Чысцякоў, камандзіры: 22-га  гвардзейскага стралковага корпуса – генерал А. І. Ручкін, 23-га гвардзейскага стралковага корпуса – генерал Ермакоў, 1-га стралковага корпуса – генерал Васільеў, 51-й стралковай дывізіі – генерал А. Я. Хвастоў, 47-й стралковай дывізіі – палкоўнік Чарнавус, 23-га стралковага палка 51-й сд – палкоўнік Лапацін. У прарыве ўдзельнічалі 268-ы і 353-і стралковыя палкі, але прозвішчы камандзіраў мне знайсці не ўдалося.
Цэнтральным момантам прарыву стаў апорны пункт Мазуры. Падчас штурму загінула 20 чалавек – узвод, усе яны пахаваны на брацкіх могілках у Валатоўках: радавыя Арцюх М. А., Замяцін М. І., Ісаеў А. І., Карнееў А. М., Кусесор Б., Кушанкастаў К, Лукін Г. А., Саўранскі А. І., Селязнёў П. А., Сітнікаў І. К., Суслікаў М. Г., Фокін А. П, яфрэйтар Цэлер Я. А., сержанты Квашын А. І., Мапарэяў П. В., Семярок І. Е., Смірноў Л. А. старшыя сяржанты Іофэ В. Е., Макараў С. Д., старшына Квасаў М. С.
Прайшло 70 гадоў з тых баявых падзей.  Канешне, нельга жыць увесь час успамінамі пра вайну, гэта невыносна для псіхікі чалавека, але і забываць нельга. Ад дарогі Мішневічы- Старыновічы добра праглядваецца ўся панарама бою. Лічу, што было б правільна паставіць памятны знак у гонар пачатку аперацыі “Баграціён” у нашым Шумілінскім раёне менавіта ў Мазурах, на крутым павароце дарогі…
А. Л. БЫЧКОЎ, капітан 2-га рангу.
Надрукавана ў №48 ад 24.06.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *