Откуда берутся музейные экспонаты рассказывает научный сотрудни Шумилинского музея

Культура Общество

Экспонаты музея, найденные во время раскопок в местах боёв на территории Шумилинского района

Адкуль бяруцца экспанаты?
Экспанаты трапляюць у музей рознымі шляхамі: яны могуць быць зной-дзены ў экспедыцыі ці куплены ва ўладальніка. Але часцей за ўсё фонды Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея папаўняюцца за кошт неабыякавых да гісторыі свайго краю людзей, так званых “дарыльшчыкаў музея”. Людзі прыносяць у музей рэчы, фотаздымкі, дакументы, якія часам і не маюць матэрыяльнай каштоўнасці, але з’яўляюцца лепшымі сведкамі адыходзячай эпохі, дазваляюць прасачыць гісторыю рэгіёна.
За лета амаль 40 прадметаў музейнага значэння рашэннем фондава-закупачнай камісіі паступілі ў музейныя фонды. Так, напрыклад, праз некаторы час пасля публікацыі артыкула “Партызаны Дабейскага краю” ў раённай газеце “Герой працы”, яе аўтар, галоўны рэдактар газеты С. П. Ермалаеў, перадаў у музей стары школьны альбом, на вокладцы якога фламастарам акуратна выведзена назва “Партызанскі рух на Дабейшчыне”. У альбоме змешчана 16 фотаздымкаў 40-70-ых гадоў мінулага стагоддзя, разборлівым прыгожым почыркам на 30-ці аркушах запісаны ўспаміны былога дырэктара Бараноўскай школы, рэдактара падпольнай газеты партызанскай брыгады імя С. М. Кароткіна Івана Фёдаравіча Пратасевіча. Жыхар Шуміліна Л. П. Саўчанка знайшоў альбом, калі перабіраў архіў сваёй сям’і. Ён падумаў, што ў год юбілею Вялікай Перамогі матэрыял можа зацікавіць шумілінцаў, і прынёс яго ў рэдакцыю.
На старонках альбома наш зямляк, ураджэнец вёскі Бараноўскія, былы партызан І. Ф. Пратасевіч, падрабязна расказвае пра суровыя будні вайны, пра першыя баявыя аперацыі створанага на Дабейшчыне атрада, пра тое, як партызаны грамілі фашысцкіх акупантаў на Шуміліншчыне. Даўно ўжо няма ў жывых партызана І. Ф. Пратасевіча, няма і Бараноўскай школы, дзе быў створаны альбом, выраслі і састарэлі вучні, якім быў адрасаваны аповед ветэрана. Але словы яго і сёння гучаць як запавет усім нам берагчы мір.
Асаблівую ўдзячнасць хочацца выказаць пастаяннаму дарыльшчыку А. Г. Чарняўскаму, былому ваеннаму камісару раёна. Ён у канцы жніўня перадаў музею чарговую знаходку – савецкі салдацкі кацялок часоў Вялікай Айчыннай вайны, знойдзены ў ходзе раскопак 52-ім асобным спецыялізаваным пошукавым батальёнам на тэрыторыі Обальскага сельсавета. Магчыма, гэты нямы сведка ваенных па-дзей 1941-1945 гадоў належаў адважнаму савецкаму салдату, які загінуў у час бою, а магчыма, яго раненага адправілі ў шпіталь, ён паправіўся і дайшоў да Берліна…
Выдрапаныя на кацялку год і ініцыялы салдата, спадзяемся, дапамогуць нам разгадаць яго “загадку”. Пасля навуковай апрацоўкі гэта рэліквія папоўніць калекцыю ваеннага ўзбраення часоў Вялікай Айчыннай вайны.
Таксама мы выказваем падзяку і Н. З Гальдштэйну, ураджэнцу Шуміліна, які ў чэрвені падарыў музею кнігу “Гэта было…”, складальнікам якой з’яўляецца. Гэта адна з кніг серыі “Маё мястэчка”. Аўтарамі нарысаў, успамінаў, сабраных у кнізе, з’яўляюцца патомкі яўрэйскага насельніцтва Шумілінскага (былога Сіроцінскага) раёна – удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.
З больш як 500 тысяч яўрэяў, якія служылі ў Чырвонай Арміі падчас Вялікай Айчыннай вайны, загінула ў баях, памерла ад ран і прапала без вестак 198 тысяч чалавек. Так, напрыклад, у Р. Пустынскай загінулі трое з чатырох сыноў, а ў Ф. Кусельман – усе чацвёра. Прадстаўнікі яўрэйскага насельніцтва, у тым ліку і выхадцы нашага раёна, у гады Вялікай Айчыннай вайны гераічна змагаліся з ворагам не толькі за вызваленне сваёй Радзімы, але і за само існаванне свайго народа, што панёс незаменныя страты ад гітлераўскага генацыду. І на тэрыторыі  Шумілінскага раёна ёсць некалькі месцаў масавага забойства яўрэйскага насельніцтва ў 1941-1942 гг., дзе пахавана больш за 2500 чалавек, у тым ліку дзеці.
Па-рознаму склаўся лёс яўрэяў, якім пашчасціла вярнуцца з вайны жывымі. Большасць з іх, зняўшы гімнасцёркі з баявымі ўзнагародамі, разам з усім беларускім народам уключыліся ў працу па аднаўленні разбуранай вайной краіны. У кнізе змешчаны таксама апавяданні пад агульнай назвай “Местачковая быль” мясцовага краязнаўцы Антона Параскевіна (В. В. Улюценкі). Кніга “Гэта было…” была падорана бібліятэкам і школам раёна, а таксама яе можна набыць у кніжным аддзеле ўнівермага.
Музей высока цэніць сваіх дарыльшчыкаў і выказвае ім падзяку за асабісты ўклад у папаўненне музейнага фонду.
Марыя ПРЫХОДЗЬКА, навуковы супрацоўнік Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея.
Надрукавана ў №78 ад 06.10.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *