У Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеі дзеці чыталі байкі Кандрата Крапівы

Актуалии Культура Образование

Дзеці чыталі байкі Кандрата Крапівы
У Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеі з 15 па 23 сакавіка прайшоў цыкл музейных заняткаў, прысвечаных выдатнаму класіку беларускай літаратуры, паэту, пісьменніку, байкапісцу, вучонаму, дзяржаўнаму і грамадскаму дзеячу Кандрату Крапіве. Заняткі былі прымеркаваны да 120-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі. Што было цікавага, і як праходзілі заняткі, рэдакцыі газеты расказала дырэктар музея Святлана Іванова.
У прыватнасці, яна паведала, што дзеці адкрылі для сябе шмат новых фактаў з жыцця і творчасці пісьменніка. Яны, напрыклад, даведаліся, што сапраўднае прозвішча знакамітага байкапісца было Атраховіч, што ён валодаў пяццю мовамі, што першыя свае вершы ён напісаў на рускай мове, што адзіную кнігу для дзяцей “Загадкі дзеда Кандрата” ён напісаў ужо ў сталым узросце і натхніла яго на гэта праўнучка Варвара.
І дзеці, і дарослыя наведвальнікі музея ў гэтыя дні пазнаёміліся з экспанатамі выставы – факсімільным выданнем газеты-плаката “Раздавім фашысцкую гадзіну!”, рэдактарам якой у час Вялікай Айчыннай вайны быў Кандрат Крапіва. Дарэчы, разам з ім над стварэннем газеты працавалі Янка Купала, Якуб Колас, Кузьма Чорны, Пятрусь Броўка, Пятро Глебка.
Завяршаючым этапам гэтага цыкла стаў конкурс выразнага чытання “Беларускі Крылоў”. Вучні Шумілінскай СШ №1 і раённай гімназіі чыталі байкі Крапівы, выпрабаваныя часам і не страціўшыя сваю актуальнасць. Аратарскае майстэрства юных дэкламатараў ацэньвала журы. У рабоце журы разам з супрацоўнікамі музея прыняла ўдзел прадстаўнік раённай ветэранскай арганізацыі, паэт-аматар Марыя Якаўлева.
У малодшай узроставай групе (3-4 класы) першае месца падзялілі вучні СШ №1 Аляксандр Свірыдзенка (3 “А” клас) і Дар’я Буева (4 “А” клас).
У другой групе (5-8 класы) 1 месца ў Вольгі Працюк, 2 – у Алены Дзмітрыенкі, 3 – у Марыі Масько. Усе дзяўчынкі вучацца ў 6 “В” класе СШ №1.
Журы адзначыла таксама выразнае чытанне гімназісткі 6 “А” класа Лідзіі Кахтэнка.
За ўдзел у літаратурным спаборніцтве журы заахвоціла вучняў СШ №1 Ягора Шчукіна і Дыяну Дзягілеву (4 “А” клас) і Дар’ю Талсташову (6 “В” клас).
Кожны з удзельнікаў конкурсу адзначаны граматай і падарункам. А завяршылася мерапрыемства агульным чаяпіццем.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №25 ад 29.03.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *